Мінскі чыноўнік атрымаў тры гады калоніі за ўдзел у самых масавых жнівеньскіх акцыях і за абразу Лукашэнкі
У судзе Ленінскага раёна Мінска прайшоў разгляд крымінальнай справы супраць начальніка фінансавага аддзела адміністрацыі Ленінскага раёна Юрыя Сянькова, якога абвінавацілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: па артыкуле 342 КК (Удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) — за ўдзел у акцыях пратэсту 16 і 23 жніўня 2020 года, і па артыкуле 368 КК (Абраза прэзідэнта) — за рэпост у тэлеграме. Мужчына атрымаў тры гады калоніі агульнага рэжыму. Справу разглядала суддзя Таццяна Шоцік, бок дзяржабвінавачвання прадстаўляла пракурорка Юлія Даўгала.
Юрыя Сянькова затрымалі 30 красавіка. Яго пяць разоў асудзілі па адміністрацыйных справах, у выніку чаго ён атрымаў 50 сутак арышту. Затым яго перавялі ў СІЗА ўжо па крымінальнай справе.
Паводле абвінавачвання, Юрый Сянькоў браў актыўны ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах у Мінску 16 і 23 жніўня, аказваў непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, перашкаджаў руху транспарту, парушаў грамадскі парадак з мэтай выказвання грамадска-палітычных поглядаў, публічна выкрыкваў лозунгі, пляскаў, размахваў рукамі. Таксама ён публічна абразіў прэзідэнта, прадставіў яго ў зневажальным становішчы на шырокай публіцы, а менавіта апублікаваў паведамленне, дзе ўтрымоўваліся фразы: "Объясняю президенту Лукашенко: возмездие за преступление неизбежно", а таксама «Ублюдок».
Акрамя таго, "Мінсктранс" падаў пазоў аб кампенсацыі матэрыяльнай шкоды ад прастою транспарту ў тыя дні ў памеры амаль 10000 рублёў.
Юрый Сянькоў прызнаў сваю віну ва ўсім, за выключэннем блакавання транспарту і, адпаведна, не пагадзіўся з пазовам "Мінсктрансу". На судзе ён сказаў, што на акцыях выходзіў на праезную частку прыкладна на адну хвіліну і тым самым не мог нанесці "Мінсктрансу" шкоды. Ён дадаў, што гатовы заплаціць па палове базавай велічыні за кожны від аўтобуса, чый маршрут быў парушаны, а гэты ніяк не 10000 рублёў.
Сянькоў распавёў, што 16 і 23 жніўня выйшаў на акцыі з цікаўнасці, бо "за ўсё жыццё такога не бачыў". Даведаўся пра іх з папулярных тэлеграм-каналаў і вырашыў праверыць, ці сапраўды збярэцца вялікая колькасць людзей. Калі ён прыходзіў на абедзве акцыі, грамадскі транспарт ужо не хадзіў. Сцвярджаў, што абодва разы быў на праезнай частцы не больш за хвіліну, сфатаграфаваўся, пастаяў на тратуары, паглядзеў і затым сышоў. Юрый адмаўляў, што выкрыкваў лозунгі і пляскаў у далоні. Таксама ён не памятае, каб 16 жніўня супрацоўнікі міліцыі прасілі каго-небудзь разыйсціся. 23 жніўня, магчыма, гэта гучала з гучнагаварыцеля, аднак дакладна разабраць было немагчыма.
Таксама на судзе ён сказаў, што заўсёды быў эмацыйным чалавекам і праз падзеі жніўня мінулага года "страціў магчымасць глядзець аднабока". Ён распавёў, што аднойчы ехаў з працы і ўбачыў, як людзі ў форме збіваюць чалавека дубінкамі. Юрый цяжка гэта ўспрымаў, і гэтая сцэна падштурхнула яго выйсці на акцыі.
З нагоды артыкулу 368 КК за рэпост публікацыі ў тэлеграме, зробленай у красавіку, Юрый Сянькоў распавёў, што быў падпісаны на шматлікія тэлеграм-каналы, якія пасля былі прызнаныя экстрэмісцкімі. Юрый памятае, што перакідваў відэа, дзе прэзідэнт наведвае СІЗА, а каментар пра "возмездие неизбежно" ён проста скапіяваў і зрабіў гэта пад уплывам эмоцый.
На судзе выступіла прадстаўніца дзяржэкспертызы, якая пацвердзіла абразлівы характар паведамлення.
Пракурорка Даўгала падчас спрэчак адзначыла, што лічыць віну Сянькова цалкам даказанай, і запатрабавала для яго два гады зняволення паводле арт. 342 КК і столькі ж паводле арт. 368 КК. Канчатковае пакаранне прызначыць у выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі агульнага рэжыму.
Адвакатка Сянькова, спасылаючыся на Грамадзянскі кодэкс, папрасіла падзяліць пазоў "Мінсктранса" на ўсіх удзельнікаў групы, якая "парушыла грамадскі парадак і блакавала рух", а не толькі на абвінавачванага. Таксама прасіла канкрэтызаваць разлік, каб разумець, адкуль і як атрымалася такая вялікая сума.
У апошнім слове Юрый Сянькоў сказаў, што ашаломлены патрабаваннем пракурора. Ён прасіў суд быць справядлівым:
“Гэта не тое, чаго я заслугоўваю. Я люблю сваю краіну, я не парушыў ніводнага яе закона да 2020 года. Я за 50 дзён на Акрэсціна, больш 50 на Жодзіна і ў СІЗА не дапусціў ніводнага найдробнага парушэння. Я не адмаўляю сваю віну, але я не заслугоўваю ізаляцыі ад грамадства. Я хачу быць карысным яму. Я хачу быць карысным ба́цькам, мужам, братам. Я хачу працаваць на карысць сваёй краіны. Я прашу не караць мяне менавіта ізаляцыяй і вынесці іншае рашэнне”.
25 жніўня суддзя Таццяна Шоцік вынесла менавіта такі прысуд, які запатрабавала пракурорка: тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Пазоў "Мінсктранса" вынеслі ў асобнае справаводства.