Аляксандра Нагелу са Смаргоні адправілі ў калонію на тры гады за 13 каментароў пра міліцыянтаў
У памяшканні суда Смаргонскагна раёна на выязным пасяджэнні Гарадзенскага абласнога суда прайшоў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да жыхара Смаргоні Аляксандра Нагелы – намесніка дырэктара фірмы па вытворчасці спецтранспарту. Мужчыну абвінавацілі ў злачынстве, прадугледжаным часткай 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне сацыяльнай варожасці). У дадзеным выпадку сацыяльнай групай, у дачыненні да якой Нагела распальваў варожасць, следства палічыла супрацоўнікаў міліцыі.
Згодна з абвінавачваннем, Аляксандр Нагела пакінуў у тэлеграм-чаце “Смаргонь-ЧАТ” 13 каментароў, у якіх рэзка негатыўна выказваўся пра дзеянні міліцыянтаў падчас акцый пратэсту пасля мінулагодніх выбараў, таксама каментары ўтрымлівалі заклікі да гвалту. Затрымалі Нагелу на пачатку чэрвеня і змясцілі пад варту да суда.
Падчас першага судовага пасяджэння 23 жніўня дзяржабвінаваўца пры зачытванні абвінавачвання пачаў агучваць каментары, у прыватнасці, выраз “гэта не людзі, гэта жывёлы”. Аднак суддзя двойчы спыняў яго і рэкамендаваў не агучваць, бо абвінавачваны азнаёмлены пісьмова, а таму няма патрэбы. Пракурор мусіў прыслухацца.
Аляксандр Нагела віну ў распальванні сацыяльнай варожасці не прызнаў. Свае дзеянні патлумачыў спантаннай нявытрыманасцю эмоцый. І нават задаў пракурору пытанне пра тое, як ён расцэньвае дзянні асобаў без апазнавальных знакаў. Пытанне павісла ў паветры, бо дзяржабвінаваўцу пытанні не задаюцца.
Нагела і адвакат звярнулі ўвагу на тое, што адзін каментар у чаце датычыўся да відэароліка, у якім адлюстроўваліся дзеянні расійскіх праваахоўных органаў, але ён узяты абвінавачваннем у якасці ключавога, у якасці закліку да сацыяльнай варожасці ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Дзяржабвінаваўца заявіў, што не мае значэння дзяржаўная прыналежнасць супрацоўнікаў.
Аляксандр мае хранічнае сардэчнае захворванне. Падчас дачы тлумачэнняў паведаміў, што пасля затрымання супрацоўнікамі міліцыі яму стала дрэнна. Была выклікана хуткая, пасля чаго ён знаходзіўся дзевяць дзён на шпітальным ложку, прымацаваны ланцугом да яго і пад наглядам супрацоўнікаў міліцыі.
З судовага памяшкання на першым пасяджэнні была выдалена маці абвінавачванага за тое, што двойчы без дазволу суддзі дапаўняла паказанні сына адносна яго здароўя.
На наступны дзень падчас спрэчак пракурор запатрабаваў для Нагелы тры гады калоніі агульнага рэжыму з улікам таго, што Нагела "тройчы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 23.34 КаАП, але не стаў на шлях выпраўлення і працягваў супрацьпраўную дзейнасць". Менавіта такое пакаранне вынес 25 жніўня суддзя Гарадзенскага абласного суда Віктар Сянько.