viasna on patreon

Перазатрыманні пасля арыштаў, вобшукі і новыя крымінальныя справы. Хроніка палітычнага пераследу за 19 і 20 жніўня Дапоўнена

2021 2021-08-20T13:01:41+0300 2021-08-20T19:28:29+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/maslakou_brest.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за 19 і 20 жніўня. Людзей працягваюць затрымліваць, праводзіць ператрусы і ўжываць іншыя формы ціску за іх актыўную пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію ў тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

20 жніўня

На былую рэдактарку БТ Ксенію Луцкіну завялі яшчэ адну крымінальную справу. Пра гэта паведаміла заснавальніца «Прэс-клуба» Юлія Слуцкая, якая ўчора была вызваленая з СІЗА-1 праз памілаванне: 

"На ўсіх допытах мы заўсёды казалі, што Ксенія і яе аператар не маюць ніякага дачынення да дзейнасці «Прэс-клуба». Ксенія адзін раз удзельнічала ў хакатоне, і яе праект быў у ліку пераможцаў. Я бачыла яе ўсяго адзін раз у «Прэс-клубе» і тое мімаходзь. Другі раз убачыла яе ўжо ў Следчым камітэце. Не ведаю, ці прапаноўвалі ёй напісаць прашэнне (аб памілаванні — заўв. рэд.). Мне вядома, што цяпер ёй прад'яўлена новае абвінавачванне па іншым артыкуле".


20 жніўня Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» атрымала ліст з Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь з прапановай да ўпаўнаважанага прадстаўніка Згуртавання 25 жніўня з'явіцца на гутарку ў парадку падрыхтоўкі да судовага разбіральніцтва. Такім чынам, стала вядома, што Вярхоўны суд на позву Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь узбудзіў справу аб ліквідацыі Міжнароднага грамадскага аб'яднання «Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына"».


У Брэсце затрымалі заснавальніка рэгбійнага клуба "Унія" Кірыла Маслакова. Затрыманне пацвердзіла яго жонка, ад падрабязных каментараў яна адмовілася, паведамляе "Наша Ніва".

Кірыл Маслакоў

Маслакоў граў у некалькіх брэсцкіх музычных гуртах, калісьці быў блізкі да антыфашысцкага руху. Апошнія гады ён актыўна развіваў рэгбі ў Беларусі, заснаваў рэгбійны клуб "Унія", які выступаў у чэмпіянаце Польшчы.


У 11.15 на выхадзе з СІЗА-6 Баранавічаў былі затрыманыя хлопец і 51-гадовая Алена Левіна, якія вызваліліся пасля адміністрацыйнага арышту. Іх пасадзілі ў мікрааўтобус на мінскіх нумарах і звезлі.


Затрыманая брэсцкая актывістка 64-гадовая Алена Гнаўк. 19 жніўня жанчыну выклікалі ў Ленінскі РАУС Брэста, а ўвечары стала вядома пра яе затрыманне, піша "Брэсцкая Вясна".

Два тыдні таму на Алену Гнаўк завялі другую крымінальную справу: яе абвінавачваюць па ч. 1 арт. 368 КК у абразе прэзідэнта.

У траўні актывістку асудзілі на два гады “хатняй хіміі” за “карагодную справу”.

Дапоўнена: Алену Гнаўк адпусцілі з РАУС. Пра гэта яна напісала ў сваім Facebook.

Жанчыну збіраліся судзіць за "экстрэмізм", але справу адправілі на дапрацоўку.  


Пляцоўка «Тэрыторыя правоў» дагэтуль апячатана пасля ліпеньскага ператрусу.

Нагадаем, 14 ліпеня ў інфармацыйна-кансультацыйнай установе “Тэрыторыя правоў” адбыўся ператрус. Праз 9 дзён улады ліквідавалі ўстанову.

19 жніўня

Павел Вінаградаў не выйшаў на свабоду пасля сутак. Цяпер ён падазраваны па крыміналцы, пакуль што на 72 гадзіны. Як паведаміла жонка Паўла, абвінавачванне яму не прад’яўлена.


На свабоду пасля 15-суткавага арышту таксама не выйшаў актывіст анархічнага руху Ілля Сянько. Хлопец быў затрыманы 4 жніўня і абвінавачаны ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (арт. 24.3 КаАП).


Вярхоўны суд на месяц прыпыніў дзейнасць Руху "За Свабоду!". Гэта зроблена з нагоды таго, што Рух мусіць выправіць праблемы з юрыдычным адрасам.


У сястры гарадзенскага блогера Вадзіма Ермашука адбыўся ператрус. Яна падазраваная па крымінальнай справе.

Як стала вядома, у сілавікоў пастанова на ператрус у Наталлі Рубец у рамках узбуджанай крымінальнай справы па ч.1 арт. 342 КК "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх".

Самаго Вадзіма Ермашука асудзілі ў Шчучынскім раённым судзе па арт. 24.23 КаАП нібыта за заклікі прыехаць на спартовае мерапрыемства на 25 сутак арышту.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства