viasna on patreon

Гамяльчук размясціў у сацсетках аўдыязапіс і трапіў пад «крыміналку» — яго судзяць за абразу Лукашэнкі

2021 2021-08-19T13:44:40+0300 2021-08-19T13:44:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vk_illustr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Улетку мінулага года 22-гадовы грузчык аднаго з гомельскіх прадпрыемстваў Сяргей Балахонаў на сваёй асабістай старонцы ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» размясціў аўдыязапіс «Лукашенко, уходи». Праз гэта ў адносінах да Сяргея распачалі крымінальную справу па артыкуле 368 (Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Сёння Сяргей Балахонаў паўстаў перад судом, пішуць «Сильные Новости».

Сяргей прызнаў, што сапраўды апублікаваў у сацсетцы аўдыязапіс, але дадаў, што палітычнай варожасці ні да каго на той момант не адчуваў.

Ён растлумачыў, што, падшукваючы новыя трэкі для свайго плэйліста, сярод іншых аўдыяфайлаў ён захаваў і той, які пасля стаў прычынай завядзення крымінальнай справы. Сяргей сцвярджае, што спачатку наогул не звярнуў увагі на словы песні — яго больш прыцягнула музыка. Дый пазней у сэнс словаў ён не асабліва ўнікаў.

Адвакат Сяргея Балахонава падкрэсліў, што ў калекцыі яго падабароннага больш за тысячу музычных трэкаў. Трэкі, якія хлопец не праслухоўвае, ён выдаляе не заўсёды, проста забываючы пра іх з часам. Акрамя таго, ён ні з кім мэтанакіравана не дзяліўся гэтым запісам, не прапаноўваў сумесна праслухаць.

На судзе прадставілі вынікі лінгвістычнай экспертызы тэксту песні. Выснова эксперта адназначная — тэкст носіць абразлівы характар.

Супрацоўнік сілавога ведамства, які выступаў сведкай па справе, адзначыў, што ў аператыўную распрацоўку Сяргей Балахонаў трапіў, таму што органам стала вядома пра яго рэзкія выказванні пра дзеянні міліцыі падчас пратэстаў. Сведка паведаміў, што на старонцы хлопца, акрамя аўдыяфайла, які разглядаецца на судзе, ёсць і іншыя аўдыёзапісы, што дэманструюць негатыўнае стаўленне да ўлады і, у прыватнасці, да супрацоўнікаў міліцыі. Пры гэтым сведка адзначыў, што ўжо адразу пасля затрымання Балахонаў раскаяўся ў сваіх учынках.

Праз тое, што аўдыязапіс утрымоўвае шмат нецэнзурнай лексікі, суд вырашыў праслухаць яго ў фармаце закрытага пасяджэння: усе прысутныя, за выключэннем удзельнікаў працэсу, былі выдаленыя з залы суда.

Суду было перададзена хадайніцтва працоўнага калектыва, які просіць не пазбаўляць волі іх калегу. Сяргей на выключна добрым рахунку на працы, неаднаразова заахвочваўся падзякамі і прэміямі, ніколі не здзяйсняў нічога супрацьпраўнага.

Падчас спрэчак дзяржабвінаваўца палічыў віну Сяргея Балахонава цалкам даказанай і запатрабаваў для абвінавачванага пакаранне ў выглядзе аднаго года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Адвакат выказаў катэгарычную нязгоду з пазіцыяй боку абвінавачвання і прапанаваў абмежавацца пакараннем, не звязаным са зняволеннем, у выглядзе папраўчых прац.

23 жніўня Сяргей Балахонаў звернецца да суда з апошнім словам.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства