Паказаў вучням відэаролік “Конституция ушла в проституцию!”: у Смаргоні за паклёп на прэзідэнта судзяць настаўніка грамадазнаўства
У судзе Смаргонскага раёна разглядаецца крымінальная справа па ч.1 арт. 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп на прэзідэнта) супраць 46-гадовага былога настаўніка гісторыі і грамадазнаўства мясцовай гімназіі Андрэя Пятроўскага. Яго абвінавачваюць у тым, што ў сакавіку гэтага года ён паказаў 11-класнікам на ўроку грамадазнаўства відэаролік “Конституция ушла в проституцию!” з лагатыпам, які прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім. Па версіі абвінавачвання, ролік "змяшчае загадзя ілжывую інфармацыю, якая ганьбіць прэзідэнта". Раней паведамлялася, што сярод гэтых вучняў быў сын мясцовай чыноўніцы, які зняў гэта на мабільны тэлефон і выклаў запіс у “сямейны чат”. Пасля гэтага настаўніка звольнілі і завялі крымінальную справу. Сваю віну мужчына не прызнаў ні падчас следства, ні на судзе. Былы настаўнік знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе, яму пагражае да пяці гадоў калоніі. Справу разглядае суддзя Людміла Міхневіч, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае пракурор Андрэй Клышэвіч. "Вясна" распавядае ўсё, што вядома па гэтай справе.
У чым абвінавачваюць былога настаўніка?
Згодна з версіяй абвінавачвання, 12 сакавіка, напярэдадні Дня Канстытуцыі, на ўроку грамадазнаўства ён прадэманстраваў вучням 11 класа відэаролік пад назвай “Конституция ушла в проституцию!” з лагатыпам, які судом прызнаны экстрэмісцкім. Тэма ўрока была “Сістэма міжнародных зносінаў”. Па версіі следства, ролік "змяшчае загадзя ілжывую інфармацыю, якая ганьбіць прэзідэнта". Яна ўтрымлівае выказванне “крывавы дыктатар", якое негатыўна ацэньвае Аляксандра Лукашэнку, а таксама паклёпніцкую інфармацыю аб незахаванні прэзідэнтам, які з’яўляецца кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, наступных артыкулаў Канстытуцыі: 7 (пра адсутнасць вяршэнства права); 13 (пра адсутнасць гарантыі з боку дзяржавы права працоўных прымаць удзел у кіраванні прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі, з мэтай падвышэння эфектыўнасці іх працы і паляпшэння сацыяльна-эканамічнага ўзроўню жыцця); 18 (пра невыкананне таго, што Рэспубліка Беларусь мае на мэце зрабіць тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву – нейтральнай), 24 (пра невыкананне права кожнага на жыццё), 25 (пра невыкананне таго, што ніхто не мусіць зазнаваць катаванні, жорсткае, бесчалавечнае абыходжанне ці пакаранне, якое прыніжае яго чалавечую годнасць), 26 (пра невыкананне таго, што ніхто не можа быць прызнаны вінаватым у злачынстве, калі яго віна не будзе ў вызначаным законам парадку даказана і ўстаноўлена прысудам, які набыў законную моц), 30 (пра невыкананне таго, што грамадзяне краіны маюць права свабодна перамяшчацца і абіраць месца жыхарства ў межах Беларусі, пакідаць краіну і бесперашкодна вяртацца), 33 (невыкананне таго, што кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх вольнае выказванне), 35 (пра невыкананне свабоды сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, не парушаючых правапарадак і правы іншых грамадзян краіны), 41 (пра невыкананне таго, што грамадзяне маюць права на абарону сваіх эканамічных і сацыяльных інтарэсаў, уключаючы права на аб’яднанне у прафесійныя саюзы, заключэнне калектыўных дамоваў (пагадненняў) і права на страйк), 79 ( пра тое, што прэзідэнт, які з’яўляецца кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, не выконвае сваіх абавязкаў. Такім чынам, Пятроўскі здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 1 арт. 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп у адносінах да прэзідэнта). Па гэтаму артыкулу былому настаўніку можа пагражаць да пяці гадоў калоніі.
Абвінавачаны Андрэй Пятроўскі віну не прызнаў.
Што на судзе кажа абвінавачаны?
На судзе былы настаўнік патлумачыў, што сваё меркаванне пра тое, што Канстытуцыя ў краіне парушаецца, ён сфармаваў з аналізу падзей, якія асвятляюцца ў СМІ.
Пракурор Клышэвіч прапанаваў Андрэю Пятроўскаму прадставіць доказы парушэнняў. Былы настаўнік прывёў прыклад з былым кандыдатам ў прэзідэнты Віктарам Бабарыкам, якога ў дзяржаўных СМІ называлі злачынцам да суда, чым парушаецца артыкул 26 Канстытуцыі (прэзумпцыя невінаватасці). Тады пракурор прапанаваў прадставіць інфармацыю, дзе і калі гэта адбылося, бо пра гэта не ведае.
Таксама Андрэй Пятроўскі прывёў прыклад з забаронай вяртання з-за мяжы былога кіраўніка каталіцкай царквы краіны Тадэвуша Кандрусевіча, чым парушаецца артыкул 30 Канстытуцыі (свабода перамяшчэння). Пра гэта пракурор чуў, але парушэння тут не бачыць.
Суд працягваецца, апытваюцца сведкі.
Хто такі Андрэй Пятроўскі?
Андрэю Пятроўскаму 46 гадоў. Скончыў БДУ і Акадэмію кіравання. Мужчына мае каля 20 гадоў педагагічнага стажу, выкладаў гісторыю і грамадазнаўства. Андрэй Пятроўскі папрацаваў у розных школах Смаргоні і раёна. Апошнія тры гады аддаў мясцовай гімназіі.