11 месяцаў за кратамі. Муж праваабаронцы Марфы Рабковай распавёў пра яе стан
Ужо адзінаццаць месяцаў, як за кратамі ўтрымліваецца каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі яе разам з мужам Вадзімам 17 верасня мінулага года, калі яна вярталася дадому з праваабарончай прэміі. Адразу ёй прад'явілі абвінавачванне — па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках). Цягам адзінаццаці месяцаў Марфе прад'явілі абвінавачванне яшчэ па двух артыкулах — цяпер ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. Увесь гэты час праваабаронцу ўтрымліваюць ў СІЗА-1, дзе яе паставілі на прафілактычны ўлік як «схільную да экстрэмізму». За гэтыя месяцы Марфа моцна схуднела, у яе праблемы са здароўем і памерлі бабуля і бацька. Следчыя неаднаразова прапаноўвалі ёй супрацоўніцтва: прызнаць віну — і тады ёй зменяць меру стрымання і адпусцяць да хворых бацькоў. Але Марфа прынцыповая ў сваёй пазіцыі. Муж палітзняволенай праваабаронцы Вадзім Жаромскі распавёў “Вясне”, як Марфа адчувае сябе цяпер.
Вадзім Жаромскі адзначыў, што пасля двухтыднёвага пасцельнага рэжыму праваабаронца стала лепей сябе адчуваць, аднак паўнавартасна ва ўмовах СІЗА нельга аднавіць здароўе. Колькасць медыкаментаў у перадачах за апошні перыяд значна ўзрасла ў параўнанні з восенню папярэдняга года. Як і раней, Марфе не даюць дазволу на лячэнне зубоў, хаця з моманту першых спробаў запрасіць стаматолага прайшло амаль тры месяцы.
Акрамя таго, пачаліся складанасці з ліставаннем: з канца вясны Марфа атрымоўвае лісты ў асноўным толькі ад родных. Часам па некалькі дзён ад яе няма вестак, аднак людзі пішуць ёй стабільна.
“Марфа пісала, што летам атрымала ліст ад жанчыны за нумарам 20, а да гэтага папярэдні ад яе ж – быў ліст пад нумарам 1 яшчэ восенню прошлага году. Пытанне, дзе згубіліся астатнія лісты, — рытарычнае”, — кажа Вадзім.
Па падліках Марфы Рабковай у красавіку, за паўгода ў зняволенні яна атрымала каля 550 лістоў. Цяпер гэтая колькасць відавочна ўзрасла. Асобна праваабаронца дзякуе неабыякавым людзям за пасылкі, якія яна атрымоўвае з прыемнымі дробязямі, што вельмі важныя ў зняволенні.
“Пры гэтым, самае галоўнае — гэта ўсведамленне ўвагі і таго, што яе не забылі і не кінулі”, — падкрэслівае муж Марфы Рабковай.
Пра сябе Вадзім надта не задумваецца, а проста робіць тое, што трэба.
“Трэба выстаяць!”, — кажа ён.
За кратамі знаходзяцца сем праваабаронцаў «Вясны». Пішыце нашым калегам і каляжанкам лісты салідарнасці:
- СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 (Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк)
- СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А (Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца)
Калі вы атрымліваеце лісты ад вясноўцаў, калі ласка, паведаміце пра гэта нам у тэлеграме @Spring96info.