За 40 секунд знаходжання на дарозе Юрыя Бандарэнку пакаралі трыма гадамі "хіміі"
На тры гады абмежавання волі з накіраваннем ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу 16 жніўня асудзілі Юрыя Бандарэнку за падзеі 23 верасня 2020 года паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Cправу разглядала суддзя суда Першамайскага раёна г. Мінска Святлана Чараповіч, бок дзяржабвінавачвання падтрымлівала Іна Зубко.
Юрыя Бандарэнку вінавацілі ў тым, што ён вечарам 23 верасня прыняў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на перакрыжаванні праспекта Ракасоўскага і вуліцы Пляханава ў Мінску, выкрыкваў лозунгі, гучна пляскаў у далоні, размахваў рукамі, выходзіў на праезную частку дарогі, чым парушыў права грамадзянаў на спакой і адпачынак, а таксама працу транспарта і прадпрыемстваў. Па меркаванні пракуроркі, абвінавачаны прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушалі грамадскі парадак, і, такім чынам, здзейсніў злачынства, адказнасць за якое прадугледжана ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Юры Бандарэнка прызнаў віну. Суду патлумачыў, што ў той дзень вярнуўся дадому з працы, пасля 22 гадзін выйшаў пагуляць у парку ў Серабранцы. Знаёмы сказаў яму, што на перакрыжаванні Пляханава і Ракасоўскага бачыў натоўп людзей. Абвінавачаны пайшоў туды, бо чытаў шмат навінаў пра пратэсты, але хацеў праверыць іх праўдзівасць, на месцы падзей сапраўды пабачыў шмат людзей. Пратэстоўцы крычалі “Жыве Беларусь”, стаялі на тратуары, а калі транспарту стала меней – пачалі выходзіць на праезную частку. Ніякай сімволікі Юры не назіраў, сам стаяў на тратуары, быў адзін і трымаўся асобна. Мужчына адзначыў, што толькі адзін раз выкрыкнуў “Жыве Беларусь”, здымаў падзеі на тэлефон для сябе, супрацоўнікаў міліцыі не бачыў. У адзін з момантаў выйшаў на праезную частку з іншымі людзьмі прыблізна на 40 секунд, каб зрабіць відэаздымку. Пры гэтым ніякага транспарту ў той момант не было, грамадзяне не перашкаджалі яго руху, ніякіх скаргаў ці сігналаў ад кіроўцаў абвінавачаны не чуў. Прыблізна ў 23 гадзіны пабачыў “ціхароў” і калону аўтазакі, пабег у пад’езд і схаваўся, быў там каля 20 хвілін, пасля чаго вярнуўся дамоў.
Суддзя дапытвалася, у чым Юры Бандарэнка прызнае віну? На гэта ён адказаў:
“Я выходзіў на праезную частку, а гэта забаронена законам. Мне так следчы сказаў сказаць”.
Таксама мужчына дадаў, што “так як знаходзіўся на перакрыжаванні, то прымаў удзел у несанкцыянаваным мітынгу”, але ў той момант гэтага ён не разумеў.
Абвінавачаны адзначыў, што не згодны з тым, што яго дзеянні перашкаджалі руху транспарту, бо быў на праезнай частцы кароткі адрэзак часу, транспарту не было. Але не адмаўляе, што “магчыма, гэтыя 40 секунд неяк перашкодзілі”.
У Юрыя запыталі пра яго знаёмую Гайдукевіч, з якой ён стэлефаноўваўся і абмяркоўваў палітыку, выказваў свой пункт гледжання, у тым ліку, што стратэгія правядзення мірных мітынгаў – няправільная.
“Калі вы нацэльваецеся на рэвалюцыю, рабіце рэвалюцыю”, - сказаў абвінавачаны.
Ён падкрэсліў, што сам не падтрымлівае жорсткіх мераў, мае нейтральную пазіцыю.
На пытанне суда, якія высновы для сябе зрабіў, адказаў:
“Трэба выдаляць перапіскі”.
Быў затрыманы 9 красавіка і з таго часу знаходзіўся пад вартай.
Сведкам у судзе выступіў бацька абвінавачанага. Ён ахарактарызаваў сына як добрага, прыстойнага, працавітага чалавека, але нічога не ведаў пра яго ўдзел у мітынгу. Пра тое, што адбылося, бацьку стала вядома падчас вобшуку ад супрацоўнікаў міліцыі.
Яшчэ адзін сведка характарызаваў Юрыя як працавітага і выканаўчага супрацоўніка, цудоўнага спецыяліста і сумленнага чалавека. Ведаў, што Бандарэнка знаходзіўся 23 верасня ў Серабранцы, бо ён даслаў відэа на фоне дэманстрацыі, патлумачыў, што прыйшоў паназіраць, але збег, калі пачаўся разгон пратэстоўцаў.
У якасці сведкі быў дапытаны кіроўца тралейбуса №20, які распавёў, што каля 21 гадзіны 23 верасня быў на перакрыжаванні Пляханава-Ракасоўскага, бачыў 15-20 чалавек, якія выйшлі на праезную частку. З-за гэтага тралейбус не мог праехаць, людзі спрачаліся паміж сабой – трэба прапускаць грамадскі транспарт ці не. Нехта зняў токапрыёмнікі, кіроўца выйшаў ціхенька, паставіў іх назад, змог праехаць, калі людзі адышлі з праезнай часткі.
Былі вывучаныя пісьмовыя матэрыялы справы ў судзе, а таксама рэчавыя доказы. Была зачытаная размова па тэлефоне ад 1 красавіка, у якой абвінавачаны абмяркоўваў, што трэба “выходзіць як 11 і 12 жніўня, дзейнічаць кактэйлямі Молатава, пераварочваць машыны” і г.д. Юры Бандарэнка патлумачыў, што яго настрой і словы ў той дзень былі звязаныя з тым, што суседа жорстка збілі. Цяпер ён займае нейтральную пазіцыю.
Дыскі з відэазапісамі не змаглі адкрыць, таму праглядалі відэа з тэлефона абвінавачанага, а таксама відэазапіс, зроблены пасля затрымання. Наконт апошняга Юры Бандарэнка патлумачыў, што “пакаяльнае” відэа запісвалі пасля запалохвання, знялі з сёмага “дубля”, не сказалі, што відэазапіс будзе дзесьці выкладзены, тэкст – прадыктавалі супрацоўнікі міліцыі. На пытанне, ці была магчымасць адмовіцца ад запісу, адказаў: складана адмовіцца, “калі ў кабінеце чатыры чалавекі не асабліва прыязна настроеных”. Таксама яму пагражалі міліцыянты, што калі ён адмовіцца, то ў ІЧУ будзе невясёлае жыццё. У пракуратуру па гэтым факце Бандарэнка не звяртаўся, бо не бачыў у гэтым сэнсу.
У спрэчках пракурорка Іна Зубко заявіла, што дзеянні абвінавачанага парушылі працу транспарту і прадпрыемстваў і былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем прадстаўнікам улады.
"Абвінавачаны прызнаў віну часткова, указаў, што браў удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, яго дзеянні пацягнулі парушэнне працы транспарту. Разам з тым адмаўляў, што ў яго дзеяннях змяшчалася непадпарадкаванне законным патрабаванням міліцыянераў. З прагледжаных відэазапісаў угледжваецца, што абвінавачаны знаходзіўся на праезнай частцы, выкрыкваў лозунгі і тым самым браў удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. З артыкула на сайце onliner.by угледжваецца, што на скрыжаванні Пляханава-Ракасоўскага знаходзілася масавае скопішча людзей, у тым ліку на праезнай частцы. У 23.27 гадзін туды прыбылі аўтамабілі міліцэйскай спецтэхнікі. Паводле звестак аб тэлефонных злучэннях абвінавачаны знаходзіўся ў паказаны час на скрыжаванні, меў магчымасць пакінуць месца падзей, аднак застаўся там пры наяўнасці супрацоўнікаў праваахоўных органаў, што сведчыць аб тым, што ён меў намер на працяг удзелу ў групавых дзеяннях, а таксама на непадпарадкаванне супрацоўнікам АУС", - сказала Зубко.
Па меркаванні пракуроркі, вінаватасць Бандарэнкі знайшла сваё пацверджанне ў поўным аб'ёме ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 342 КК, разам з тым з абвінавачвання неабходна выключыць указанне на парушэнне працы транспарту - шэрагу маршрутаў аўтобусаў і тралейбусаў, паколькі гэтыя факты не знайшлі пацверджання, а пакінуць толькі два тралейбусы маршрутаў №20 і №24. Прасіла прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады.
Бок абароны адзначыў: для асобаў, якія ўпершыню здзяйсняюць злачынства, што адносіцца да катэгорыі тых, што не ўяўляюць вялікай грамадскай бяспекі, і менш цяжкіх, закон прадугледжвае вялікую колькасць інструментаў, нават да вызвалення ад адказнасці, а санкцыя арт. 342 КК прадугледжвае шэраг пакаранняў, пачынаючы са штрафа. Адвакат падкрэсліў, што на дзень вынясення прысуду Юры фактычна адбыў мінімальны тэрмін пазбаўлення волі па арт. 342 КК, і прасіў суд у выпадку вынясення абвінаваўчага прысуда абмежавацца тым тэрмінам пакарання, якому адпавядае ўжо адбыты Бандарэнкам тэрмін утрымання пад вартай. Таксама абаронца казаў і пра тое, што ёсць усе падставы для вынясення і апраўдальнага прысуду, паколькі ў судзе не быў даказаны аб’ектыўны бок злачынства, а ў дзеяннях абвінавачанага не ўгледжваецца склад яго здзяйснення.
Аднак суддзя Святлана Чараповіч прызнала Юрыя Бандарэнка вінаватым і прызначыла яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады.
Хлопца вызвалілі ў зале суда да ўступлення прысуду ў сілу.