viasna on patreon

Адзінаборца Кудзіна асудзілі на два з паловай гады калоніі

2021 2021-08-11T11:49:52+0300 2021-08-11T11:49:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kudzin_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксей Кудзін. Фота: Матч ТВ

Аляксей Кудзін. Фота: Матч ТВ

Суд Маладзечанскага раёна 11 жніўня вынес прысуд па крымінальнай справе, узбуджанай супраць адзінаборца Аляксея Кудзіна паводле ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак, спалучаны з ужываннем гвалту або з пагрозай яго прымянення). Суддзя Вольга Дубовік прысудзіла яму два гады і шэсць месяцаў калоніі агульнага рэжыму.

Напярэдадні пракурор Жук запрасіў для Кудзіна пакаранне на год болей - тры з паловай гады калоніі. 

У апошнім слове Кудзін сказаў: "Я думаю, што ў паказаннях на маім судзе было шмат супярэчнасцяў. Лічу, што было даказана прымяненне супрацоўнікамі спецсродкаў. Я не адмаўляю удараў, але гэта была самаабарона. Я шкадую аб нанесеных цялесных пашкоджаннях. Шкадую я і аб тым, што высмеяў іх у інтэрв'ю. Бо яны проста выконвалі свае абавязкі. Прашу не пазбаўляць мяне волі. Я і далей гатовы выступаць за Беларусь".

Ударыў, але ненаўмысна. У Маладзечне пачалі судзіць адзінаборца Аляксея Кудзіна

У судзе Маладзечанскага раёна пятага жніўня распачаўся суд над адзінаборцам Аляксеем Кудзіным, затрыманым у Расіі і экстрадаваным у Беларусь 21 ліпеня. Аляксея вінавацяць паводле ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак, спалучаны з ужываннем гвалту або з пагрозай яго прымянення). Справу разглядае суддзя Вольга Дубовік, бок дзяржабвінавачвання прадстаўляе пракурор Жук. Пацярпелымі па справе прызнаны прапаршчык унутраных войскаў Яндола і падпалкоўнік Зорын.

Аляксей Кудзін – беларускі баец ММА, шматразовы чэмпіён свету па кікбоксінгу і тайскім боксе. Першы раз яго затрымалі 10 жніўня 2020 года на цэнтральнай плошчы Маладзечна. Два тыдні ён правёў у Маладзечанскім РАУС і СІЗА ў Жодзіна, пасля яго меру стрымання змянілі на хатні арышт, а перад судом, які мусіў пачацца ў лістападзе 2020 года, - пад падпіску аб нявыездзе. Першы суд над Аляксеем быў прызначаны на 19 лістапада, аднак на пасяджэнне адзінаборац не з’яіўся, і яго абвясцілі ў вышук. 

21 студзеня Аляксея Кудзіна затрымалі ў Маскве па запыце беларускіх уладаў і змясцілі ў СІЗА. Было прынята рашэнне аб яго экстрадыцыі ў Беларусь. 25 чэрвеня Маскоўскі абласны суд адмовіў у скарзе абаронцаў Аляксея на рашэнне аб экстрадыцыі. І хоць у ліпені Еўрапейскі суд па правах чалавека забараніў экстрадыцыю байца Аляксея Кудзіна ў Беларусь, 21 ліпеня, пасля сканчэння тэрміна ўтрымання пад вартай у маскоўскім СІЗА, Кудзіна адразу ж вывезлі ў Мінск.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства