viasna on patreon

За падзеі 1 лістапада Аляксандра Емельяновіча асудзілі на тры гады "хіміі"

2021 2021-08-10T00:45:51+0300 2021-08-10T10:37:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/emelianovich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр Емельяновіч з сястрой пасля суда. Фота spring96.org

Аляксандр Емельяновіч з сястрой пасля суда. Фота spring96.org

Суд Першамайскага раёна г. Мінска 9 жніўня 2021 года вынес рашэнне па крымінальнай справе ў дачыненні да Аляксандра Емельяновіча, якога вінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, за падзеі 1 лістапада 2020 года.

Справу разглядала суддзя Анастасія Кулік. Бок дзяржабвінавачвання падтрымлівала Іна Зубко.

Згодна з абвінавачваннем, Аляксандр Емельяновіч прыняў актыўны удзел у групавых дзеяннях, што парушалі грамадскі парадак, падчас правядзення несанкцыянаванага масавага мерапрыемства 1 лістапада: ішоў у калоне ад пр. Незалежнасці, 95 да вул. Валгаградская, 11, выкрыкваў лозунгі, ускідваў рукі, пляскаў у далоні, знаходзіўся ў першым шэрагу счэпкі, выходзіў на праезную частку і блакаваў рух транспарту, у тым ліку грамадскага, а на папярэджанні і патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі не рэагаваў. Абвінавачаны быў затрыманы каля дома №11 па вул. Валгаградская.

Па словах Іны Зубко, прадпрыемству “Мінсктранс” дзеяннямі абвінавачанага і іншых нявызначаных следствам асобаў была нанесеная шкода ў памеры 10 689 рублёў 76 капеек.

Емельяновіч сваю віну не прызнаў. Суду патлумачыў, што прыехаў у Мінск днём да сястры, каб забраць асабістыя рэчы. Потым накіроўваўся ў Калодзішчы, аднак патрапіў на маршрутцы ў затор каля парка Чалюскінцаў: дарога была перакрытая спецтэхнікай, якая стаяла на дарозе. Мужчына накіраваўся ў салон сувязі МТС, каб набыць тэлефон, але той быў зачынены. Бачыў, што сабралася вялікая колькасць людзей, у іх былі бела-чырвона-белыя сцягі. Сказаў, што асабліва не цікавіўся палітычнай сітуацыяй у краіне, і што менавіта азначалі сцягі — дакладна не ведаў. Аляксандр Емельяновіч хацеў дайсці да ст. м. “Маскоўская”, каб даехаць да “Уручча”, ішоў увесь час па тратуары, на праезную частку не выходзіў, не далучаўся да пратэстоўцаў. Бачыў супрацоўнікаў міліцыі ў ачапленні каля вул. Валгаградская, яны адцяснялі пратэстоўцаў на гэтую вуліцу, не дазвалялі рухацца далей па праспекце Незалежнасці, але не чуў, каб міліцыянты патрабавалі разыйсціся. Грамадскі транспарт не хадзіў, бо дарогі былі перакрытыя транспартам міліцыі.

Аляксандр Емельяновіч ужо ішоў па вул. Валгаградскай, калі ў нейкі момант пад’ехаў мікрааўтобус, з яго выбеглі АМАПаўцы. Абвінавачанага затрымлівалі два супрацоўнікі міліцыі, супраціву ім ён не аказваў. Быў дастаўлены ў РУУС Цэнтральнага раёна, а пасля ў ІЧУ Жодзіна. На наступны дзень Аляксандра судзілі на выязным пасяджэнні, але да адказнасці не прыцягнулі і адпусцілі. Пазней дома ў Емельяновіча і яго бацькоў правялі ператрусы. У лістападзе на мабільны тэлефон маці абвінавачанага прыйшлі зноў выклікі ў суд па двух адміністрацыйных справах, аднак да адміністрацыйнай адказнасці абвінавачаны так і не быў прыцягнуты — справы закрылі.

Паўторна Емельяновіч быў затрыманы 7 чэрвеня 2020 года. Падчас папярэдняга следства абвінавачанаму паказвалі відэа, але там ён сябе не пабачыў і не пазнаў.

Сведкі Назараў, Аляксандровіч і Свірыдаў — супрацоўнікі міліцыі са змененымі ў мэтах бяспекі прозвішчамі — давалі паказанні па скайпу, яны блыталіся ў іх і мала што маглі ўспомніць з тых падзей. Напрыклад, Назараў казаў, што быў на службе ў раёне парку Чалюскінцаў, яму паступіў званок, што людзі знаходзяцца на праезнай частцы. Бачыў сімволіку, чуў лозунгі, якія выкарыстоўвалі пратэстоўцы, бачыў, што людзі пляскалі ў далоні. Сцвярджае, што супрацоўнікі міліцыі патрабавалі ад грамадзянаў разыйсціся, але ўдзельнікі мітынгу сталі ў счэпку перад АМАПам. Сам Назараў не памятае, ці бачыў абвінавачанага, ці затрымліваў яго, але дакладна памятае, што чуў абразы ў адрас міліцыі.  

Сведка Аляксандровіч сказаў, што затрымліваў Емельяновіча каля ст. м. “Маскоўская”, калі той ішоў у першых шэрагах калоны пратэстоўцаў па вул. Валгаградская ў напрамку пр. Незалежнасці, выкрыкваў лозунгі. Пры затрыманні абвінавачаны спрабаваў вырывацца, пасля быў дастаўлены ў Цэнтральны РУУС.

З-за значных разыходжанняў у судзе былі агучаныя паказанні гэтага сведкі, якія ён даваў падчас папярэдняга следства. Так, у пісьмовых паказаннях адзначалася, што абвінавачаны рухаўся толькі па пешаходнай часцы дарогі, а ў суде міліцыянт заяўляў, што Емельяновіч ішоў і па праезнай частцы. На пытанне адваката, якія сведчанні праўдзівыя, сведка сказаў, што не можа дакладна адказаць, але мяркуе, што абвінавачаны быў на дарозе і перашкаджаў руху транспарта. Аляксандра ён змог апазнаць па твары, нібыта ён трымаў бчб-сцяг у руках.  

Таксама ў судзе былі вывучаныя пісьмовыя матэрыялы справы, у тым ліку відэазапісы, на якіх прысутнічала асоба, знешне падобная да абвінавачанага, — чалавек стаіць у счэпцы ў першым шэрагу пратэстоўцаў, потым вызваляе рукі са счэпкі і ўскідвае іх уверх. Абаронца звярнула ўвагу суда, што раней не была азнаёмленая з гэтымі відэазапісамі.

У спрэчках бакоў пракурорка Іна Зубко адзначыла, што віна Аляксандра Емельяновіча даказаная паказаннямі сведкаў, прагледжанымі у судзе відэазапісамі, фотаздымкамі і іншымі матэрыяламі справы. Прасіла суд прызначыць пакаранне абвінавачанаму па ч. 1 арт. 342 КК у выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 3 гады.

Абарона адзначыла, што яна не можа пагадзіцца з прад’яўленнымі абвінавачваннямі, бо Аляксандр Емельяновіч не прымаў удзел у групавых дзеяннях, што груба парушалі грамадскі парадак, сведчанні супрацоўнікаў міліцыі былі супярэчлівымі, а у судовым следстве ягоная віна не была даказаная. Больш за тое, пастанова аб завядзенні крымінальнай справы была аб’яўленая яму толькі 11 чэрвеня 2021 года, да гэтага абвінавачанаму не прыходзіла ніводнай позвы, пры гэтым следчы палічыў, што ён схаваўся, і абвясціў яго ў вышук. Але затрыманы Емельяновіч быў па месцы прапісцы пасля рыбалкі. Па словах адвакаткі, у матэрыялах справы адсутнічаюць пэўныя і дапушчальныя доказы віны Аляксандра ў здзяйсненні злачынства па арт. 342 КК, а таму абвінавачанага трэба апраўдаць з-за адсутнасці складу злачынства.

У апошнім слове Аляксандр Емельяновіч заявіў, што лічыць сябе цалкам невінаватым, бо ніколі не ўдзельнічаў у несанкцыянаваных мерапрыемствах, палітычным жыццём не цікавіўся, а прыехаў у адпачынак да бацькоў і дапамагаў ім.

Аднак суддзя Анастасія Кулік палічыла віну Аляксандра Емельяновіча даказанай і прызначыла яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін тры гады. Заяўлены іск аб выплаце кампенсацыі прадпрыемству “Мінсктранс” будзе разгледжаны ў парадку грамадзянскага судаводства.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства