Пяць гадоў "хатняй хіміі" і 58000 рублёў штрафу — такое пакаранне прызначыў суд сябру КС Віталю Крыўко
Суд Савецкага раёна г. Мінска 9 жніўня вынес прысуд сябру Каардынацыйнага Савету Віталю Крыўко, якога вінавацілі ва ўхіленні ад ўхіленні ад выплаты падаткаў, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядаў суддзя Сяргей Шаціла, бок дзяржабвінавачвання падтрымлівала спачатку Анастасія Маліко, а пасля Раман Чабатароў.
Працэс праходзіў у некалькі дзён, былі дапытаныя абвінавачаны, сведкі, вывучаныя пісьмовыя матэрыялы справы. Віталь Крыўко віну прызнаў поўнасцю, кампенсаваў прычыненую шкоду.
У спрэчках бакоў пракурор заявіў: падчас судовага следства было вызначана, што абвінавачаны, з’яўляючыся заснавальнікам арганізацыі “ТэраМаркецінгГруп”, якая сплачвае падаткі па спрошчанай сістэме падаткаабкладання, для захавання такой сітуацыі і дзейнічаючы групай асобаў, у тым ліку з дапамогай недасведчаныя ў іх супрацьпраўнай дзейнасці іншых супрацоўнікаў арганізацыі, фактычна выдзяліў у асобную юрыдычную асобу адзін з аддзелаў фірмы. Пасля гэтага дзве ўказаныя юрыдычныя асобы працягнулі займацца сваёй дзейнасцю, пры гэтым з боку Віталя Крыўко і яго калегі Андрэем Ярашэвіча адбывалася пераразмеркаванне замоваў з тым, каб абедзве юрыдычныя асобы не перавысілі ліміт выручкі, неабходнай для захавання дзейнасці ў рамках спрошчанай сістэмы падаткаабкладання. Гэта пацягнула ўтойванне падатковай базы “ТэраМеркецінгГруп” за падатковы перыяд за 2019 год на суму больш за 2 млн рублёў. Прасіў прызнаць Віталя Крыўко вінаватым і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 5 год са штрафам у памеры 1000 базавых велічынь і пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем адміністрацыйна-гаспадарчых і арганізацыйна-распарадчых абавязкаў тэрмінам на 5 год.
Бок абароны адзначыў, што хоць абвінавачаны і прызнаў віну, факт здзяйснення злачынства, што ставіцца ў віну Крыўко, не быў даказаны. Віталь кампенсаваў нанесеную шкоду ў поўным аб’ёме, а таксама пеня, адміністрацыйны штраф. Адвакат прасіў прызначыць пакаранне з адтэрміноўкай выканання.
У апошнім слове Віталь Крыўко адзначыў, што яго ўнутраная патрэба ствараць прывяла яго да таго, што ён адкрыў бізнэс, развіваў яго, ствараў новыя працоўныя месцы. За гэты час яго арганізацыя неаднаразова дапамагала дзіцячаму дому №2 для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Праекты, якімі ён кіраваў, займалі першыя месцы.
Прасіў суд улічыць, што ён прызнаў віну, супрацоўнічаў са следствам, выплаціў усе штрафы. Напісаў хадайніцтва і ўнёс суму кампенсацыі шкоды ў 100% памеры, але хадайніцтва было адхіленае і не паступіла на памілаванне.
“Я хацеў бы працягнуць працаваць, каб мець магчымасць забяспечваць сям'ю, выплаціць даўгі, забяспечыць сем'і супрацоўнікаў арганізацыі”, — падкрэсліў Віталь Крыўко.
Ён прасіў суд паменшыць тэрмін і прызначыць адтэрміноўку адбыцця пакарання, каб даць магчымасць яму быць карысным грамадству і сваёй сям'і.
У выніку суддзя Сяргей Шаціла прызнаў мужчыну вінаватым у здзяйсненні злачынства па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса — ухіленні ад выплаты падаткаў, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры, і пакараў Віталя Крыўко абмежаваннем волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на пяць гадоў. Таксама абвінавачанаму трэба сплаціць штраф у памеры 2000 базавых велічынь (58000 рублёў), ён не зможа займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых, адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў на тэрмін пяць гадоў.
Нагадаем, Віталь Крыўко быў затрыманы 30 чэрвеня 2021 года, а да гэтага — вечарам 28 жніўня 2021 года, пасля чаго ўтрымліваўся пад вартай з 29 жніўня да 12 лістапада 2020 года. Падчас электаральнай кампаніі збіраў подпісы ў падтрымку Віктара Бабарыкі, а пазней арганізоўваў перадвыбарчыя паездкі па гарадах аб'яднанага штаба.