viasna on patreon

Пацярпелыя не пацярпелі. У Гродне вынесены прысуд Андрэю Сакалоўскаму

2021 2021-08-02T13:54:09+0300 2021-08-02T16:25:39+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_sakalouski_grupa-padtrymki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Кастрычніцкага раёна горада Гродна 2 жніўня суддзя Маргартыта Ланцэвіч вынесла прысуд у адносінах да Андрэя Сакалоўскагапазбаўленне волі на тэрмін тры гады ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама Сакалоўскаму трэба выплаціць аднаму з пацярпелых амапаўцаў матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды на суму 700 беларускіх рублёў. Акрамя гэтага, Гродзенскаму аўтапарку і тралейбуснаму ўпраўленню горада Сакалоўскі павінен заплаціць 71 беларускі рубель кампенсацыі за прастой транспарту падчас падзей 6 верасня 2020 года на вуліцы Гарнавых, дзе адбываліся акцыі пратэсту. За гэта Сакалоўскага і судзілі. Ён быў абвінавачаны па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 КК РБ (арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і арт. 364 КК РБ (гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў)

Вядома, што з 12 пацярпелых супрацоўнікаў АМАПа пяць падалі грамадзянскія пазовы на пакрыццё маральнай шкоды — кожны па 1000 беларускіх рублёў. З іх слоў, яны "атрымалі фізічныя і маральныя пакуты". Аднак у ходзе судовага следства чацвёра пацярпелых ад пазоваў ўсё ж адмовіліся.

Прысуд Андрэю Сакалоўскаму вынеслі ў 11.15. А ў 10.45 было запланавана яго апошняе слова. Яно было кароткім: Сакалоўскі падзякаваў усім, хто прыходзіў да яго на судовыя паседжанні, за падтрымку, а таксама сваёй сям'і і блізкім.

У зале суда 2 жніўня на працэсе Андрэя Сакалоўскага
У зале суда 2 жніўня на працэсе Андрэя Сакалоўскага

Андрэй Сакалоўскі са сваім прысудам не згодзен і збіраецца яго абскардзіць. Раней ён віну таксама не прызнаваў.

Што было на спрэчках бакоў

У спрэчках бакоў, якія прайшлі 28 ліпеня, абарона Андрэя Сакалоўскага прасіла ў суда вынесці абвінавачванаму апраўдальны прысуд. Бо людзі падчас падзей 6 верасня не ўжывалі б ніякіх дзеянняў у адносінах да міліцыі, калі б яна правільна спрацавала. Паводле Закона "Пра міліцыю", праваахоўныя органы павінны дзейнічаць у інтарэсах людзей. Аднак міліцыя падчас пратэстнага марша перакрыла праход людзям па тратуару, а яны хацелі прайсці на Савецкую плошчу. А пасля гэтага міліцыя стала заводзіць на ўдзельнікаў пратэсту крымінальныя справы па 342 і 364 артыкулам.

Пацярпелыя амапаўцы, якія выступалі на судовым працэсе, пазналі Сакалоўскага толькі на відэа і апісвалі, як ён быў апрануты. Сведка Дзярбук сказаў, што нібыта затрымоўваў Сакалоўскага. Аднак вядома, што ўсіх затрыманых у той дзень, 6 верасня, даставілі ў Кастрычніцкае РАУС — аднак Сакалоўскага туды не дастаўлялі і не затрымоўвалі. І Сакалоўскага не было ў аўтазаку сярод затрыманых. Відаць, у той дзень затрымалі чалавека, які быў падобна апрануты. Як можна пакласці ў аснову абвінавачвання гэтыя паказанні сведкі Дзербука?

Акрамя таго, на відэа з месца падзей, якое дэманстравалася падчас судовага працэсу, пацярпелыя амапаўцы самі сябе не пазнавалі. Ніхто з пацярпелых не казаў, што Сакалоўскі штурхаў або піхаў іх, не казаў, што Сакалоўскі рухаўся на іх. Акрамя таго, пацярпелыя не звярталіся па медыцынскую дапамогу пасля падзей 6 верасня, ніхто з іх не выклікаў "хуткую" і не пісаў рапарт пра пашкоджанні. Па сутнасці, іх здароўю не была нанесеная шкода.

Падчас дасудовага следства па справе, а менавіта да 20 кастрычніка 2020 года, усе пацярпелыя маўчалі, але раптам пасля гэтай даты пачалі ўспамінаць, што іх штурхалі падчас марша 6 верасня.

Усяго па крымінальнай справе Сакалоўскага было заяўлена 12 пацярпелых міліцыянтаў, іх асобы на судовым працэсе былі залегендаваныя. Абарона прасіла выключыць з ліку пацярпелых Базылевіча і Аскерку, бо ў іх былі супярэчлівыя паказанні, хоць яны давалі падпіску пра крымінальную адказнасць за дачу лжывых паказанняў.

Акрамя таго, абарона прасіла выключыць з абвінавачвання 71 беларускі рубель шкоды транспарту, паколькі Сакалоўскі не перашкаджаў яго руху і шкоды як такой нанесена не было. Абарона нагадала, што ў дзеяннях 6 верасня ўдзельнічала "група нявызначаных асобаў" — ці не правільна было б падзяліць на ўсіх шкоду? Акрамя таго, ужо па трох крымінальных прысудах за тыя ж падзеі 6 верасня была заяўленая тая ж шкода ў адносінах да гэтых абвінавачваных.

Пацярпелы і сведкі схаваныя за шырмай. Судовы працэс над Андрэем Сакалоўскім працягваецца

У судзе Кастрычніцкага раёна горада Гродна 15 ліпеня працягнуўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Андрэя Сакалоўскага, які, паводле абвінавачвання, "з помсты, меў намер прычыніць боль 11 пацярпелым амапаўцам, пагражаў іх асабістай бяспецы". Усё — за падзеі 6 верасня 2020 года на вуліцы Гарнавых у горадзе Гродна, калі праходзілі акцыі пратэсту.

Дзяржабвінаваўца Сяргей Пятрашка у спрэчках бакоў таксама адзначыў, што двое пацярпелых трэба было б выключыць з гэтай крымінальнай справы — гэта Скарабутан і Петрусенка. Бо яны не знаходзіліся 6 верасня на вуліцы Гарнавых, а былі побач з універсамам "Брэст".

Таксама дзяржабвінаваўца настойваў на тым, што дзеянні Сакалоўскага кваліфікаваныя правільна, а віна пацвярджаецца паказаннямі сведак і пацярпелых. Андрэй Сакалоўскі знаходзіўся ў счэпцы падчас несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года супрацоўнікі АМАПа спынілі несанкцыянаваныя  дзеянні грамадзян, інфармацыйная група папярэджвала іх пра несанкцыянаванасць масавага мерапрыемства. Таму Сакалоўскі усведамляў незаконнасць паводзін. Таксама ён выштурхваў супрацоўнікаў АМАПа, і вызначана, што пацярпелым былі нанесеныя фізічны гвалт і боль. Факт злачынства пацверджаны матэрыяламі справы і відэазапісамі.

Судовы працэс Андрэя Сакалоўскага маніторыў праваабаронца Раман Юргель.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства