viasna on patreon

Андрэй Мядзведзеў: У КДБ назвалі дзве ўмовы вызвалення — запісаць пакаяльнае відэа і падпісаць паперу аб супрацоўніцтве

2021 2021-07-26T13:32:32+0300 2021-07-26T14:06:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/medzvesz_palesse.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Журналіст і сябра ПЦ «Вясна» Андрэй Мядзведзеў. Фота: spring96.org

Журналіст і сябра ПЦ «Вясна» Андрэй Мядзведзеў. Фота: spring96.org

Журналіст і рэдактар сайта «Палеская Вясна», сябра ГА «БАЖ» Андрэй Мядзведзеў вымушана пакінуў Беларусь пасля ператрусаў і затрымання супрацоўнікамі КДБ. Калі ён змог зайсці ў свой акаўнт у Facebook, то змясціў там грунтоўны допіс аб тым, што адбылося. Пра гэта піша БАЖ і «Палеская Вясна».

"Сябры, вітаю ўсіх з бяспечнага месца, але, на жаль, з-за мяжы нашай Радзімы. Нарэшце я атрымаў магчымасць нармальна з клавіятуры напісаць сюды пра тое, што адбылося за апошнія два тыдні і патлумачыць, чаму я апынуўся не ў Беларусі.

Такім чынам, калі пачалася абвешчаная ўладамі «зачыстка», я вырашыў не чакаць, калі мяне пазбавяць сродкаў працы (іх было шкада найбольш, бо сілавікі падчас ператрусаў у калег забіралі найперш кампутары, фотаапаратуру, тэлефоны і дыктафоны). Але і класціся на дно не выпадала — трэба было працаваць, трэба было асвятляць жудасныя рэпрэсіі, якія паглынаюць усё больш і больш людзей, трэба было дапамагаць людзям. Я проста з’ехаў з Рэчыцы ў Калінкавічы, у кватэру, у якой прайшло маё дзяцінства і якая пасля смерці маці стаіць ужо 5 гадоў пустая. Юрыдычна яна належыць майму меншаму зводнаму па маці брату, у якога іншыя, чым у мяне прозвішча і імя па бацьку. Адтуль я наведваў суды ў розных гарадах палескага рэгіёна, рабіў рэпартажы ды іншую сваю працу.

12 ліпеня мне пачаў настойліва (па некалькі разоў на дзень) званіць оперупаўнаважаны аддзела крымінальнага вышуку Рэчыцкага РАУС. Гэта цягнулася некалькі дзён. Мне такая настойлівасць у цяперашніх варунках падалася падазронаю, таму я слухаўку не здымаў. Тым больш, што за тыдзень да таго я якраз быў на апытанні ў гэтага супрацоўніка ў справе вышуку колішняга наведніка курсаў «Мова нанова», якога міліцыя абвінавачвае ў злачынстве. Я яго ўжо паўтара года не бачыў і не чуў пра яго нічога, аб чым і паведаміў аператыўніку. Падставаў шукаць мяне наноў у гэтай справе я не бачыў, а ягоныя званкі лічыў спробай затрымаць мяне ў палітычна матываванай справе.

16 ліпеня раніцай да мяне ў калінкавіцкую кватэру ўварваліся супрацоўнікі КДБ. Не вельмі дружалюбна да мяне паставіўшыся, мне прад’явілі пастанову на ператрус у не маёй кватэры ў межах нейкай невядомай справы паводле артыкула 289 «Акт тэрарызму». Падчас ператрусу знайшлі і забралі ноўтбук, тэлефон і тэчку з квіткамі з паездак на грамадскім транспарце, якія некаторыя рэдакцыі часам кампенсуюць. Проста пры панятых (добрых суседзях, якія нават спрачаліся з сілавікамі) нібыта старшы ў групе патрабаваў назваць пароль ад тэлефона. Я, натуральна, адмовіўся. Тады прагучала фраза «Ну нічыво! Патом назавёш!».

Пасля ператрусу яны «запакавалі» мяне ў сваю чорную «Джылі» і павезлі ў Рэчыцу. Прывезлі ў тамтэйшы аддзел КДБ. Зноў патрабаванне назваць пароль ад тэлефона. Зноў адмовіўся. Тады яны вырашылі спачатку звазіць мяне на ператрус у маю рэчыцкую кватэру. Там ужо «все украдено до нас» — яшчэ не вярнулі забранае падчас ператрусу 16 лютага. Таму, нічога асабліва падазронага не знайшоўшы, <супрацоўнікі КДБ> вырашылі забраць налепкі, якія колісь можна было дарэмна браць у краме Symbal.by. Я іх дарыў на курсах «Мова нанова» пераможцам некаторых невялікіх конкурсікаў у якасці прызоў. А служкі рэжыму на іх убачылі «незарегістріраваную сімволіку».

Пасля гэтага ператрусу я ўжо надоўга, аж да вечара, атабарыўся ў Рэчыцкім міжрайаддзеле КДБ. Правялі два допыты. Адзін —  пра суполкі «ОГСБ» і «Буслы ляцяць», у якіх я не быў і нікога там не ведаю. Опер, які дапытваў, проста зачытваў з захаванага ў кампутары пратакола папярэдняга допыту чыесьці адказы, каго дапытвалі перада мной, і пытаўся: «Так пайдзёт?». Я часам пагаджаўся, часам нешта карэктаваў.

Другі допыт адбыўся пасля таго, як адзін з супрацоўнікаў, з выкарыстаннем метадаў, якімі гэтая кантора славіцца яшчэ з часоў «жалезнага Фелікса», дамогся ад мяне пароля ад тэлефона. Прысвечаны другі допыт быў аднаму майму земляку і даўняму сябру, калегу па працы ў лясгасе, які з-за палітычнага пераследу мусіў уцячы з краіны яшчэ ўвосень.

У тэлефоне акрамя падпісак на «экстрэмісцкія» каналы нічога крымінальнага не знайшлі. Пасля допыту мяне прывялі ў кабінет начальніка аддзела, ён стаў пагражаць, што адправіць мяне ў СІЗА (прычым, чамусьці ажно ў Магілёў, быццам у Гомелі ўжо і месцаў няма).

І патрабаваў выканаць дзве ўмовы вызвалення. Адну ўмову многія, мяркую, бачылі — гэта відэа, дзе я на эпічнай трасянцы спрабую паўтарыць сказанае <супрацоўнікам КДБ> традыцыйнае аб тым, што «паддаўся тлетворнаму ўліянію дзіструкціўных ціліграм-каналаў». Другая ўмова — падпісаць паперу аб супрацоўніцтве.

Натуральна, супрацоўнічаць з гэтай канторай я ніколі не збіраўся і не збіраюся. І менавіта гэтая ўмова стала чыннікам, які канчаткова падштурхнуў мяне да рашэння з’язджаць з краіны, пакуль мне не задалі «стучаць» на кагосьці з сяброў альбо зноўку не заграблі ў свае лапы. Хачу, каб усе ведалі: я тую паперку падпісаў, але без аніякіх намераў выконваць! Бо мая мэта была выйсці адтуль, калі быў такі шанец, і рабіць тое, што я мушу рабіць як сумленны чалавек. А паперчына тая наўрад ці мае нейкую юрыдычную моц. Для мяне, прынамсі, дакладна не мае. Спадзяюся, што людзі, якія ўяўляюць, што такое трапіць у кіпцюры гэтых структураў, зразумеюць мой крок. І сапраўды, як толькі відэа і паперка з’явіліся ў руках <супрацоўнікаў КДБ>, яны мяне выпусцілі.

Ужо праз дзень я пакідаў сваю краіну. Я не буду апісваць доўгі шлях, які не абышоўся без прыгодаў. Скажу толькі, што цяпер я ў адносна бяспечным месцы (улічваючы метады працы прыспешнікаў таталітарных рэжымаў, пра поўную бяспеку наўрад ці можна казаць хоць у якім-кольвечы пункце свету).

Рэчыцкія <супрацоўнікі КДБ> прымусілі выдаліць канал і чат «Палеская Вясна» ў Тэлеграме. Дакладней, выдаляў асабіста начальнік аддзела.

Я трымаўся да апошняга, хаця ўжо некалькі месяцаў мне многія раілі, каб з’язджаў. І вось апошнія акалічнасці, звязаныя з затрыманнем, не пакінулі мне магчымасцяў пакуль жыць у Беларусі.

Але я працягну рабіць сваю працу — казаць людзям праўду пра тое, што адбываецца ў нашым рэгіёне. Чытайце мяне на сайце «Палеская Вясна» (palesse.press), які працягвае сваю працу, глядзіце і чытайце ў іншых незалежных медыях! І паведамляйце мне пра тое, што адбываецца ў нашых гарадах і вёсках, якія ёсць праблемы ў нашых людзей. Я і надалей працягну пашыраць сярод беларусаў любоў да нашай роднай беларускай мовы і веданне яе! Мы яшчэ абавязкова сустрэнемся!

Калі на даляглядзе хаваліся ў начным змроку абрысы апошніх беларускіх лясоў на Магілёўшчыне, я моўчкі, з камяком у горле, спяваў словы Сяржука Сокалава-Воюша да вядомага паланэзу Міхала Клеафаса Агінскага «Развітанне з Радзімай».

…Край бацькоўскі, край мой беларускі,

Я табе кажу на развітанне: да спаткання, да сустрэчы!"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства