"Кінуў не менш аднаго каменя". Мінчука асудзілі да шасці гадоў калоніі
21 ліпеня суд Маскоўскага раёну вынес прысуд 31-гадоваму Сяргею Пацукевічу. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт.293 Крымінальнага кодэкса і асудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Справу вяла суддзя Вольга Малашэнка.
Падчас паседжання Пацукевіч увесь час быў прыкаваны адной рукой да міліцыянта, які быў разам з ім за кратамі.
Яго абвінавацілі паводле падзей 9-10 жніўня ў Мінску, пачас якіх ён "кінуў не менш аднаго каменя ў бок транспарту МУС", знаходзіўся ў месцы, дзе будаваліся барыкады, перакрываў рух, выкрыкваў лозунгі. Сярод доказаў — тэлефонныя гутаркі, падчас якіх Сяргей Пацукевіч распавядае, што бачыў і дзе быў 9-10 жніўня, відэа з месца падзей, пратаколы агляду месца падзей.
Абвінавачаны не прызнаў сваю віну ў поўнай меры.
Што казаў бок абвінавачання?
У спрэчках дзяржабвінаваўца ўзгадаў, што Пацукевіч не прызнаў сваю віну — але пацвердзіў, што знаходзіўся ў месцы падзей, аднак не здзяйсняў правапарушэнняў. Дзяржабвінаваўца папрасіў крытычна аднесціся да паказанняў Пацукевіча: ён звярнуў увагу, што праслухоўванне тэлефона з'яўляецца дастатковым доказам па некалькіх прычынах. Абвінавачаны распавядаў сябрам пра жнівеньскія падзеі, а таксама сваёй датычнасці да іх — на месцы ён знаходзіўся адзін, побач не было асобаў, якія маглі б на яго ўздзейнічаць ці няправільна інтэрпрэтаваць сэнс ягоных словаў: дакладна чутна, як ён выказвае абурэнне дзеяннямі некаторых асоб. Таксама абвінавачаны распавядаў пра абставіны, у якіх непасрэдна прымаў удзел — дзяржабвінаваўца акрэсліваў некаторыя з іх: "мы кідаліся камянямі", "жорстка, але мы накуралесілі", "тармазнулі травмай", "нам не далі сабрацца". Больш за тое — называе імёны людзей, з якімі ён знаходзіўся на месцы падзей. Дзяржабвінаваўца ўпэўнены, што такім чынам Пацукевіч распавядаў пра абставіны здзейсненага ім злачынства паводле арт.293 КК.
Ён падкрэсліў, што шэраг дапытаных сведак пацвердзілі, што стэлефаноўваліся з абвінавачанымі, дзе ён у вольнай форме распавядаў пра падзеі. Некаторыя з іх не памяталі падзей, але пракурор падкрэсліў, што не чуў у голасе Пацукевіча сумневаў. Ён таксама ўсумніўся ў шчырасці некаторых сведак: так, падчас папярэдняга следства толькі адзін з іх распавёў, што абвінавачаны мае схільнасць перабольшваць падзеі, хаця падчас суда заяўлялі пра гэта. Дзяржабвінаваўца папрасіў паставіцца да гэтых паказанняў крытычна праз тое, што яны з'яўляюцца знаёмымі абвінавачанага.
Апроч таго, паказанні абвінавачанага супадаюць з відэаматэрыяламі справы з інтэрнэта і тэлефонаў знаёмых. "Па-іншаму, калі б ён не ўдзельнічаў у іх, абвінавачаны не мог ведаць, што там адбывалася, — падкрэсліў дзяржабвінаваўца. — Таму ягоныя дзеянні можна кваліфікаваць па арт. 293 КК". Ён папрасіў пакараць Пацукевіча шасці гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Што казаў адвакат?
Абаронца Пацукевіча быў упэўнены, што абвінавачанне не знайшло пацвярджэння падчас следчых дзеянняў. Ён патлумачыў: фабулай ч.2 арт. 293 КК з'яўляецца непасрэдны ўдзел у масавых беспарадках, які суправаджаецца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або узброеным супрацівам прадстаўнікам улады. Эпізод з кіданнем каменя можна трактаваць па двух аспектах: першы — кіданне каменя не можа пацягнуць за сабой знішчэнне маёмасці (прывядзення яго ў поўную непрыдатнасць) супрацоўнікаў ОУС. Акрамя гэтага, не знойдзены сродак здзяйснення злачынства, па яму не праведзена экспертыза: адпаведна, няма вынікаў пра тое, што камень з'яўляецца якой-небудзь прыладай злачынства.
На думку адваката, нельга казаць і пра тое, што Пацукевіч узброеным чынам супраціўляўся прадстаўнікам улады. Такім чынам, эпізод з кіданнем каменя не можа быць пастаўлены Пацукевічу ў віну.
Акрамя таго, што датычна іншых дзеянняў, якія інкрымінуюцца Пацукевічу, доказамі з'яўляюцца пратаколы АРМ, каторыя пацвярджаюцца толькі паказаннямі сведак. Аднак кожны з іх настойваў на тым, что Пацукевіч схільны перабольшваць сваю значнасць і гіпербалізаваць дзеянні. Такім чынам, немагчыма казаць, што ён сапраўды прымаў удзел у тых дзеяннях, якія пералічваў падчас тэлефонных размоў з сябрамі. Больш за тое — згодна з рапартам паводле камер відэаназірання, якія быдлі ўстаноўленыя ў месцах пратэстнай актыўнасці, не было выяўлена датычнасці Пацукевіча да падзей. Такім чынам, няма аб'ектыўных доказаў, якія пацвердзілі б супрацьпраўную дзейнасць абвінавачанага.
Адвакат падкрэсліў, што некаторыя з матэрыялаў справы не могуць быць пакладзеныя ў аснову прысуда: паказанні некаторых сведак, таму што падчас следства яны былі дапрошаныя ў якасці падазраванага і абвінавачанага.
Цягам судовага паседжання Пацукевіч адмаўляў віну і тлумачыў, што некаторыя факты, пра каторыя ён даведаўся ў тэлеграм-каналах, ён выдаваў сябрам за свае дзеянні. Аб'ектыўныя доказы адсутнічаюць. А абвінаваўчы прысуд не можа быць вынесены на аснове здагадак — таму ён папрасіў апраўдаць свайго падабароннага.
Што казаў абвінавачаны?
У апошнім слове Сяргей Пацукевіч папрасіў не пазбаўляць яго волі. Падчас зняволення ён зразумеў, што сістэма не выпраўляе чалавека, а гадуе яшчэ больш дасведчанага злачынцу. Адміністрацыя не вядзе ніякой выхаваўчай працы, якая б рабіла чалавека выхаваным, міласэрным, спачуваючым.
"Магчыма, яна не дамагаецца такой мэты, — сказаў Сяргей Пацукевіч. — Выхаваўчай работай тут лічыцца дэмаралізацыя зняволенага праз абмежаванні і уладу над ім, паказ яму, што ён найнізкі ланцужок грамадства. Прыгнятальнае становішча, безвыходнасць атачэння, у якім знаходзіцца зняволены, накладае адбітак на характар асобы чалавека, кардынальна змяняе адносіны да жыцця. Чалавек прыстасоўваееца да любых умоў, каб не выбівацца з агульнай масы. Тым, хто не быў па гэты бок, можа падавацца, што я прыдумляю ці згушчаю фарбы, хаця вы пра ўсё ведаеце.
Справа не ў тым, што я лічу сябе невінаватым ці прашу, каб мяне прабачылі за тое, чаго я не здзясняў. Я прашу міласэрнасці, спачування — да чалавека. Я баюся за сваю маці, пра якую не змагу клапаціцца. Прашу паверыць вас у мае словы, што я хачу жыць сумленна і ладзіць сваё жыццё як прыстойнага грамадзяніна. Прашу вас даверыцца мне і дапамагчы. Веру, што вашае рашэнне будзе справядлівым. Таксама хацеў бы выбачыцца перад роднымі за тыя нязручнасці, якія я ім стварыў".
Суддзя пакінуў за пракуратурай права падаць пазоў "Мінсктранса" на больш за шэсць тысяч рублёў як асобны грамадзянскі пазоў.