viasna on patreon

Вынесены прысуд мадэратарцы чата "Жодзіна для жыцця" Лідзіі Коршун

2021 2021-07-09T10:44:55+0300 2021-10-01T14:57:39+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/korshun-lida.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Лідзія Коршун. Скрыншот з відэа МУС.

Лідзія Коршун. Скрыншот з відэа МУС.

У судзе горада Жодзіна 7 ліпеня асудзілі мадэратарку чата "Жодзіна для жыцця" Лідзію Коршун. Дзяўчыне прад’яўленыя абвінавачванні па ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама па арт. 369 Крымінальнага кодэксу (абраза прадстаўніка ўлады).

Лідзію затрымалі 27 сакавіка прама з дома, дзе яна знаходзілася з паўтарагадовым дзіцём. Да суда была змешчаная ў следчую турму №8 Жодзіна.

Беларускай праваабарончай супольнасцю Лідзія Коршун была прызнаная палітычнай зняволенай

Справу разглядаў суддзя Іван Грынкевіч.

Паводле інфармацыі прэс-службы УУС Мінскага аблвыканкама, дзяўчыну вылічылі супрацоўнікі Жодзінскага ГАУС і УУС Мінскага аблвыканкама «падчас мерапрыемстваў па недапушчэнні дэстабілізацыі грамадска-палітычнага становішча ў краіне».

Сцвярджаецца, што яна нібыта каардынавала "дваровы пратэсны рух у горадзе, заклікала да актыўных дзеянняў, пры гэтым сама заўсёды заставалася дома". Па паведамленні УУС, яна таксама публікавала абразы ў адрас міліцыянтаў у чаце групы "Карнікі".

Сама Лідзія Коршун адмаўляе датычнасць да абраз у чаце «Карнікі» і аспрэчвае сваю віну ў радыкальных закліках.

Па інфармацыі Генеральнай пракуратуры, адміністратар аднаго з Telegram-канала з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, вядзення дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай у тым ліку на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве, з кастрычніка 2020 года па сакавік 2021 года размясціла паведамленні, якія змяшчаюць заклікі да ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і аказанні непадпарадкавання законным патрабаванням прадстаўнікоў улады.

Акрамя таго, 3 лістапада 2020 года, выкарыстоўваючы электронную прыладу з доступам у глабальную кампутарную сетку Інтэрнэт, у тым жа мэсэнджары апублікавала паведамленне, якое змяшчае негатыўную ацэнку Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у сувязі з выкананнем ёю службовых абавязкаў. Паказаная абраза ўтрымлівала ненарматыўную форму маўленчага выказвання.

У судовым пасяджэнні абвінавачаная віну прызнала ў поўным аб'ёме.

З улікам меркавання дзяржаўнага абвінаваўцы, характару і ступені грамадскай небяспекі учыненых злачынстваў, змякчальных віну абставінаў, суд прызнаў Коршун вінаватай у інкрымінаваных дзеяннях.

На падставе ч. 1 арт. 342 і арт. 369 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь ёй прызначана пакаранне ў выглядзе трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства