viasna on patreon

«У гэтай клетцы няма злачынцаў». Што казалі ў спрэчках па справе аб удзельніках чата

2021 2021-07-07T22:41:28+0300 2021-07-08T15:35:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sprava_11.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пятага-шостага ліпеня прайшлі спрэчкі па справе дзесяці палітвязняў, якіх абвінавачваюць па арт. 293218295 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядае суддзя Дзмітрый Астапенка. Дзяржабвінавачанне падтрымлівае старшы памочнік пракурора Ленінскага раёна Мінска Аляксандр Рамановіч.

Некалькі палітвязняў заявілі аб катаваннях падчас затрымання або напісання «чыстасардэчных прызнанняў».

Усіх іх вінавацяць ва ўдзеле ў телеграм-чаце «радыкальнага напрамку». У паказаннях фігуруюць некалькі чатаў — у прыватнасці, «ОГСБ» (Отряд гражданской самообороны), «Подработка Минск», «100», «101». Акрамя гэтага — у намеры пашкодзіць або знішчыць тры «Табакеркі».

Амаль месяц разглядаецца справа дзесяці палітвязняў: некаторыя з іх заяўляюць пра катаванні

«Вясна» распавядае, што вядома пра гэтую справу.

Што казаў дзяржабвінаваўца?

Аляксандр Рамановіч запрасіў для дзесяці палітвязняў пазбаўленне волі, тэрмінам ад пяці да дзевяці гадоў, у калоніі ўзмоцненага рэжыму.

У спрэчках ён падкрэсліў, што адказнасць за падрыхтоўку да злачынства надыходзіць па тым жа артыкуле, што і за закончанае злачынства.

На думку дзяржабвінаваўцы, падрыхтоўка да злачынства, прадугледжаная ч.1 арт 13 і ч.3 арт. 218 КК, выявілася ў стварэнні абвінавачанымі ўстойлівай групы, аб'яднанай агульнай мэтай падпалу шапікаў табакеркі. Для гэтага быў створаны закрыты чат, у які мог трапіць толькі правераны чалавек. Ягоныя чальцы абмяркоўвалі варыянты знішчэння "Табакерак" шляхам іх падпалу, падбіралі месцы, спосаб падпалу, шляхі адыходу пасля здзяйснення злачынства, а таксама вынікі выпрабавання запальнай сумесі. Абвінавачанымі прадпрымаліся меры канспірацыі, накіраваныя на ўтойванне сваёй злачыннай задумы. Была вызначана дата і месца падпалу, якія ўдзельнікі групай адобрылі, тым самым выказаўшы згоду на ўдзел у злачынстве. "Група асоб па папярэдняй змове" пацвярджаецца размеркаваннем роляў паміж абвінавачанымі пры здзяйсненні злачынства, а таксама стварэннем телеграм-канала, дзе ажыццяўлялася падрыхтоўка да падпалу.

Паколькі знішчыць табакеркі планавалася шляхам падпалаў, дзеянні падлягаюць кваліфікацыі як "злачынствы, учыненыя агульнанебяспечным спосабам". Асабліва буйны памер пацвярджаецца перавышэннем кошту табакерок 1000 базавых велічынь.

Гаворачы аб кваліфікацыі дзеянняў абвінавачаных па ч.1 арт 13, ч. 2. арт. 293 КК, дзяржабвінаваўца адзначыў, што дзеянні кваліфікаваныя дакладна: абвінавачаныя знаходзіліся ў суполках апазіцыйнага і пратэстнага характару, выказвалі сваю гатоўнасць да адкрытага супраціву, у тым ліку, узброенага, з прадстаўнікамі праваахоўных органаў, знішчэння і пашкоджання маёмасці сілавых структур, у тым ліку, і асабістай маёмасці, блакіроўкі дарогі. З гэтай мэтай абвінавачаныя неаднаразова сустракаліся асабіста, прыняўшы ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, пашкоджанні аўтатранспарту супрацоўнікаў міліцыі, абмеркаванні планаў іншай дзейнасці.

Аляксандр Рамановіч скончыў сваю прамову словамі:

"Варта адзначыць, што родны брат абвінавачанага Бялько і яго таварыш ахарактарызавалі абвінавачанага, як верніка ў Бога, хрысціяніна, кажучы, што ён "праяўляе найлепшыя чалавечыя якасці". Аднак, з улікам характару і матываў злачынных дзеянняў Бялько, можна сказаць, што апошні страху Божага не меў, а без страху Божага і страх перад дзяржаўнай уладай страціў!"

Што казалі адвакаты?

У спрэчках адвакаты падкрэслівалі, што віна абвінавачаных не даказаная і не ўтрымлівае канкрэтыкі, а таксама не раз згадвалі пра прэзумпцыю невінаватасці. Таксама яны падкрэслівалі, што абвінаваўчы прысуд не можа быць заснаваны на здагадцы: вінаватасць павінна быць пацверджана сукупнасцю доказаў, а любыя сумневы ў вінаватасці чалавека тлумачацца на ягоную карысць. Акрамя гэтага — не раз звярталі ўвагу на тое, што доказы, сабраныя з парушэннем закона, не могуць быць прынятыя для разгляду: такімі, напрыклад, з'яўляюцца шэраг "чыстасардэчных прызнанняў". Усе адвакаты прасілі цалкам апраўдаць падабаронных.


На думку адваката Сяргея Плоніса, пры расследаванні былі праігнараваныя п.17 арт. 6 КПК і ч.1 арт. 18 КПК. Адвакат лічыць, што папярэдняе расследаванне было праведзена аднабакова, няпоўна і з відавочным ухілам у абвінаваўчы бок. Ён нагадаў, што самі па сабе "масавыя беспарадкі" не з'яўляюцца злачынствам, а асобы, якія прысутнічаюць і нават падтрымліваюць іх, але самі не здзяйсняюць грамадска небяспечныя дзеянні, не падлягаюць крымінальнай адказнасці. Абаронца падкрэсліў, што масавых беспарадкаў з удзелам Плоніса не было, ён упэўнены, што ні па адным з артыкулаў складу злачынства не было. Адвакат асобна адзначыў грубае парушэнне працэдуры арт. 223 КПК пры правядзенні апазнання фігурантаў справы Слашчовым падчас следства.


Абаронца Арцёма Касакоўскага адзначыў, што доказам у справе ягонага падабароннага служыць пратакол ператрусу, з якога вынікае, што рагаткі, кабель, нож былі знойдзеныя не пры затрыманні абвінавачанага. Таксама на відэазапісе са сведчаннямі Арцёма прадтаўлена змантаваная версія, і на ёй бачныя відавочныя сляды цялесных пашкоджанняў. Адвакат таксама адзначае, што згодна з пратаколам агляду месца здарэння, тэлефон ягонага падабароннага быў знойдзены ў РУУС: у матэрыялах справы няма адказаў, якія следчыя дзеянні праводзіліся ў гэтым памяшканні. Акрамя гэтага, выяўленай у ліставанні ягонага падабароннага няма ні слова аб злачынствах, якія яму інкрымінуюць.


Абаронца Дзмітрыя Жэбуртовіча адзначыла, што ўся віна ягонага падабароннага ў тым, што ён знаходзіўся і чытаў у чатах інфармацыю пэўнай накіраванасці: ні ў чатах, ні пры асабістых сустрэчах з фігурантамі Жэбуртовіч не выяўляў актыўнасць і не заклікаў да дэструктыўных дзеянняў. Выяўленыя падчас ператрусу рэчы (напрыклад, газавы пісталет) належаць бацьку абвінавачанага.

"У абвінавачванні паказваецца дача згоды на ўдзел у дзеяннях, усведамленне гатоўнасці сваёй і іншых асоб да ўдзелу ў масавых беспарадках — дадзеныя высновы абвінавачвання носяць вельмі суб'ектыўны і глыбока тэарэтычны характар і больш нагадваюць літаратурна-мастацкую выдумку, не заснаваную на доказах", — сказала абаронца.


Абаронца Дзмітрыя Ластоўскага ўпэўнены, што з матэрыялаў следства незразумела, у якіх менавіта дзеяннях падабароннага была выяўленая "падрыхтоўка да здзяйснення злачынства": гэтаму няма нават ускосных доказаў. Ён не ўдзельнічаў у чаце "101", а паказанні даваў пад прымусам.


Адвакат Яўгена Прапольскага нагадала, што яе падабаронны паведамляў пра ўжыванне гвалту ў дачыненні да яго з дапамогай яго ж электрашокера. Таксама яна паказала, што ні электрашокер, ні "нарыхтоўкі для рагатак", канфіскаваныя ў абвінавачанага, не з'яўляюцца рэчавымі доказамі віны падабароннага па матэрыялах справы. Больш за тое – такія электрашокеры прадаюцца абсалютна адкрыта. Панятыя ж пры аглядзе працоўнага месца апынуліся міліцыянтамі, што недапушчальна, згодна з КПК. Адвакат лічыць, што Прапольскі не збіраўся ў чым-небудзь удзельнічаць: яго не было ні на адной з вочных сустрэч групы, а непасрэдна перад затрыманнем ён ішоў на спатканне з дзяўчынай.


Абаронца Арцёма Міцука, акрамя ўжо названых калегамі парушэнняў, прывяла яшчэ адно — парушэнне правядзення фанаскапічнай экспертызы: у матэрыялах справы адсутнічаюць пратаколы "ўзяцця" галасоў для экспертызы. Такім чынам, незразумела, кім і якім чынам адбіраліся галасы.


Адвакат Паўла Нядбайлы прывяла матэрыялы справы з указаннем на шматлікія працэсуальныя парушэнні. Паколькі абвінаваўца асобна спыніўся на асобе Паўла, абаронца ўдакладніла, што яго судзімасць даўно пагашаная. Пра тое, што ён не проста "стаў на шлях выпраўлення", а ўжо выправіўся і пакінуў мінулае, сведчыць тое, што пры пэўных праблемах у першай сям'і суд вызначыў месца знаходжання малалетняй дачкі з бацькам – Паўлам. Адвакат таксама паказала на тое, што яе падабаронны быў моцна збіты пры затрыманні.


Абаронца Расціслава Стэфановіча падкрэсліла, што ўступленне ў чаты і абмеркаванне ў месенджарах свайго падабароннага не можа лічыцца доказам віны: ніякіх дамоўленасцяў удзельнікаў чата па падпале "Табакерак" не было. Таксама асобна адвакат паказаў, што фактычна абвінавачаным ставіцца два склады злачынства за адно і тое ж дзеянне.


Абаронца Юрыя Бялько засяродзіла ўвагу суда на шматлікія памылкі і парушэнні пры правядзенні экспертыз канфіскаванай зброі і патронаў. Акрамя таго, адвакат адзначыла, што ні на адным з рэвальвераў, ні на адным патроне або засаўках не было знойдзена ні адбіткаў, ні слядоў геному Бялько.


Адвакат Аляксандра Рэзніка адзначыла, што рэчавы доказ – 40 штук выгнутых цвікоў у зялёным пакеце — выявіліся не пры асабістым аглядзе абвінавачанага пры затрыманні, а ўжо ў службовым аўтамабілі РУУС, дзе абвінавачаны знаходзіўся на заднім сядзенні з кайданкамі на руках. Гэта зафіксавана відэакамерай, як і пашкоджанні ў вобласці галавы ў Рэзніка, які кажа, што хацеў перадаць гэтыя цвікі. Абаронца паказала, што незразумела, як менавіта Аляксандр павінен быў здзейсніць канфіскаванымі ў яго рэчамі злачынства — падпал табакеркі.


Абаронца Аляксандра Юрчыка адзначыў, што яго падабаронны паслядоўна даваў паказанні аб сваёй невінаватасці і недатычнасці да злачынстваў. Адвакат упэўнены, што ўдзел у любых чатах і абмеркаваннях нельга лічыць дадзеным злачынствам. Акрамя таго, у гэты перыяд часу, Юрчык пакутаваў дэпрэсіўным разладам, пра што ёсць дакумент у справе. Таксама абаронца падкрэсліў, што паказанні Слашчава супярэчлівыя і не пацвярджаюцца іншымі паказаннямі.


Што казалі палітвязні?

Пасля спрэчак абвінавачаным далі апошняе слова.

Чацвёра з іх — Юрый Бялько, Павел Нядбайла, Сяргей Плоніс і Арцём Міцук — адмовіліся ад апошніх словаў. Апошні суправадзіў адмову наступным каментаром: "Я, мабыць, адмоўлюся, таму што мала ці што, мяне потым абвінавацяць у падрыхтоўцы падпалу суду".


На выступ Аляксандра Рэзніка зала адрэагавала воплескамі:

"Нэльсан Мандэла аднойчы сказаў: "Цяжка абудзіць таго, хто прыкідваецца, што ён спіць". У дадзены момант у мяне не хопіць часу і магчымасцяў, каб абудзіць розум і сумленне пэўнага кола людзей, таму я сцісла раскажу, як бачу тое, што нам інкрымінуюць. Як ужо неаднаразова было заўважана да мяне, усё абвінавачванне пабудавана на здагадках і не ўтрымлівае цвёрдага доказа, які пацвярджае намер на здзяйсненне інкрымінуемага нам злачынства. Бок абвінавачвання навязвае нам сваю кропку гледжання. Любая сітуацыя, якую можна разглядаць з абодвух бакоў, падаецца выключна з выгаднай для боку абвінавачвання пазіцыяй. Пры гэтым усе няўвязкі гэтай пазіцыі, усе працэсуальныя парушэнні, усе супярэчнасці, усе довады абароны ігнаруюцца. Па маім абвінавачванні не даказана нічога: ні маё дачыненне да ліставання, ні маё дачыненне да ніку Алекс, ні ўдзел на сустрэчах. Больш за тое – абвінавачванне само абвяргае гэтае абвінавачванне з дапамогай білінгу нібыта майго тэлефона. Не даказана, што яжы, якія нібыта ў мяне знайшлі, належаць мне. Не даказаны мой намер здзейсніць злачынства. Ствараецца занадта відавочнае ўражанне, што следству ў што бы там ні стала трэба атрымаць гэты абвінаваўчы прысуд на тэрмін, які не паддаецца здароваму сэнсу.

Што карыснага можа зрабіць чалавек у калоніі? Абсалютна нічога. У грамадстве ж ён можа прыносіць карысць працай, якасна выконваючы свае службовыя абавязкі. Развіваць інстытут сям'і, удзельнічаць у валанцёрскіх рухах, прыносячы людзям карысць, уносіць уклад ва ўзбагачэнне культурнага здабытку краіны і яшчэ шмат чаго карыснага. Усе гэтыя людзі як раз гэтым і займаліся. Пазнаёміўшыся з матэрыяламі, якія іх характарызуюць, мы бачылі, што яны займаліся гэтым даволі паспяхова. У гэтай клетцы няма злачынцаў, таму што любіць свой народ і сваю краіну – не злачынства. Прагнуць быць карысным чальцом грамадства і прыносіць яму карысць – таксама не злачынства.

Значна больш злачынна беспадстаўна і без якіх-небудзь цвёрдых доказаў адабраць у чалавека восем гадоў жыцця дзеля свайго прасоўвання па службе, дабрабыту або нейкіх іншых асабістых мэтаў.

Калі Якуб Колас быў на судзе, ён сказаў: "Лепш тры гады ў турме адсядзець, чым хвіліну на волі падлюгам быць". Я спадзяюся на разважлівае і справядлівае рашэнне суда, але нават калі прысуд будзе абвінаваўчым, я паеду ў калонію з чыстым сумленнем, таму што я ведаю, што нічога з таго, што мне ставяць у віну, я не здзяйсняў, мне няма ў чым каяцца і прызнавацца".


Расціслаў Стэфановіч падкрэсліў, што ні з кім з абвінавачаных раней не сустракаўся і асабістых ліставанняў не вёў, таму папрасіў суд ігнараваць здагадкі і абвінавачванні і вынесці апраўдальны прысуд.


Аляксандр Юрчык таксама палічыў справядлівым апраўдальны прысуд, адзначыўшы: "Ва ўсім, у чым мяне, нафантазіраваўшы, спрабуюць абвінаваціць, я не вінаваты. Тыя здагадкі, якія былі прадстаўленыя, хай застануцца на сумленні тых, хто іх стварыў".


Яўген Прапольскі сказаў, што не здзяйсняў тых дзеянняў, у якіх яго абвінавачваюць, таму папрасіў не пазбаўляць яго волі:

"Няўжо праз тое, што я меў зносіны ў Інтэрнэце і ліставаўся з людзьмі, мяне цяпер могуць судзіць? Як чалавек, які не мае юрыдычнай адукацыі, я не ведаю Крымінальны кодэкс: я не ведаў, што за перапіску ў Інтэрнэце і проста зносіны ёсць крымінальная адказнасць. Хачу адзначыць, што раней я не быў прыцягнуты ні да крымінальнай, ні адміністрацыйнай адказнасці, у мяне ёсць сталае месца жыхарства і працы".


Дзмітрый Ластоўскі таксама папрасіў апраўдальны прысуд і сказаў, што ніякага злачынства не здзяйсняў, не планаваў і не збіраўся здзяйсняць і планаваць.

"Як мы бачым, усё наша абвінавачванне пабудавана на здагадках і не мае прадстаўленых дзяржабвінаваўцам фактаў, у ім няма ніякай канкрэтыкі. Я не хаваю: я ўдзельнічаў у акцыях – несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, але ніякіх супрацьпраўных дзеянняў я не здзяйсняў. Я пагасіў штраф у поўным аб'ёме".


Дзмітрый Жэбуртовіч распавёў, што не было агучана, каму канкрэтна з яго боку былі адрасаваныя паведамленні ў чаце ОГСБ:

"Там былі людзі, якія прадстаўляліся супрацоўнікамі праваахоўных органаў і правакавалі ўсялякую агрэсію ў свой адрас. Я таксама не стрымаўся і нешта напісаў ім у адказ. У сваё апраўданне магу сказаць, што нягледзячы на мой спакойны характар, нават мне часам (неразборліва) здольны падмяніць розум. Калі гэта былі рэальныя супрацоўнікі, якія сапраўды рабілі тыя рэчы, пра якія яны пісалі, і зайшлі пазлараднічаць, я лічу, у гэтых людзей ёсць ярка выяўленыя садысцкія схільнасці і псіхічныя адхіленні, таму іх неабходна ізаляваць ад грамадства".

Таксама ён адзначыў, што экспертыза ў дачыненні да нажоў, прызнаных халоднай зброяй, магла быць сфальсіфікаваная, таму як нават па фатаграфіі можна вызначыць, што яны не адпавядаюць пэўнымі крытэрам. Дзмітрый выказаў здагадку, што гэта было зроблена з мэтай дыскрэдытаваць яго, і зрабіць з яго "злыдня". Таксама ён выказаў здзіўленне, чаму да справы былі далучаныя некаторыя бытавыя прадметы – напрыклад, пальчаткі. "Наяўнасць сякеры ў доме не робіць мяне па змаўчанні Раскольнікавым", – падкрэсліў палітвязень.

Жэбуртовіч распавёў, што ў адным з паведамленняў ён называе людзей без апазнавальных знакаў фашыстамі., бо фашысты таксама падчас Другой сусветнай вайны катавалі ваеннапалонных – займаліся тым жа, чым займаліся гэтыя людзі пры затрыманні пратэстоўцаў. "Я не ведаю, які артыкул Крымінальнага або Адміністрацыйнага кодэкса ў якасці пакарання прадугледжвае катаванні. Я вывучаў Крымінальны кодэкс і такога там не знайшоў", – сказаў ён.

Рэзюмуючы, Дзмітрый яшчэ раз падкрэсліў, што не заклікаў выкарыстоўваць зброю, сам не планаваў яго выкарыстоўваць і адгаворваў людзей ад гэтага, а таксама быў супраць радыкалізацыі пратэстаў. "Мае мэты былі выключна мірнымі і заключаліся ў абароне мірнага насельніцтва на акцыях. Лічу, што ў маіх дзеяннях няма ніякага складу злачынства – нават найменшага, і прашу вынесці апраўдальны прысуд", – падкрэсліў ён.


Арцём Касакоўскі таксама не прызнаў сябе вінаватым у інкрымінаваных дзеяннях. Таксама ў апошнім слове ён распавёў, што яго затрымалі супрацоўнікі АМАП, а ў аўтамабілі неаднаразова збівалі. Акрамя гэтага – далі зачытаць на відэакамеру загадзя надрукаваны тэкст.


Сваякі палітвязняў упэўненыя: фактычна абвінавачванне пабудавана на паказаннях Слашчова, месцазнаходжанне якога ў дадзены момант невядомае. Больш за тое – гэтыя паказанні ён неаднаразова мяняў.

"Вясна" назірае за працэсам з дапамогай валанцёраў. Прысуд будзе вынесены 19 ліпеня ў 11.30.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства