viasna on patreon

Мінчука асудзілі за абразу і пагрозу гвалтам да супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, якіх палітвязень Дзядок назваў датычнымі да яго катаванняў

2021 2021-07-07T17:12:35+0300 2021-07-07T17:17:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/tarasik_aleksa.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Савецкага раёна Мінска 7 ліпеня па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса асудзілі да пяці гадоў калоніі 35-гадовага мінчука Яўгена Сямёнава. Мужчыну судзілі за два каментары ў тэлеграм-чаце ў дачыненні да супрацоўнікаў ГУБАЗіКа Івана Тарасіка і Аляксандра Алёксы. Інфармацыю пра іх ён узяў у телеграм-канале BYPOL пад публікацыяй аб датычнасці іх да катаванняў Мікалая Дзядка, і расшарыў яе ў іншы телеграм-чат са сваімі каментарамі: «... пойдзем ім біць е****» і «Усе цяпер ведаюць, дзе жывуць гэтыя к*злы». Словы Сямёнава кваліфікавалі як публічную абразу (арт. 369 КК) і пагрозу прымянення гвалту (арт. 364 КК). Мужчына павінен цягам месяца выплаціць кожнаму пацярпеламу супрацоўніку па адной тысячы рублёў маральнай шкоды. Акрамя гэтага, мужчыну судзілі па 11 эпізодах крадзяжу ў сваёй знаёмай (ч.1 і ч. 2 арт. 205 КК) і за ўхіленне ад адбыцця «хатняй хіміі» па прысудзе па артыкуле 328 КК. Справу разглядаў Аляксандр Волк, дзяржабвінавачанне падтрымліваў памочнік пракурора Савецкага раёна Мінска Уладзімір Рабаў.

Яўген Сямёнаў
Яўген Сямёнаў

Абвінавачванні па артыкулах 369 і 364 КК

Згодна з матэрыяламі справы, 28 снежня 2020 года Сямёнаў у стане алкагольнага ап'янення размясціў у Telegram-чаце персанальныя звесткі двух супрацоўнікаў ГУБАЗіК МУС Івана Тарасіка і Аляксандра Алёксы. Інфармацыю пра іх ён узяў у публічным доступе ў телеграм-канале BYPOL пад публікацыяй аб датычнасці іх да катаванняў Мікалая Дзядка. Пасля чаго пад сваёй публікацыяй пакінуў паведамленне з пагрозамі прымянення да іх гвалту з помсты за выкананне службовых абавязкаў. На судзе стала вядома, што каментар быў наступнага зместу: "... пойдзем ім біць е****". Супрацоўнікі ўспрынялі гэта як рэальную пагрозу. За гэта мужчыне інкрымінавалі артыкул 364 Крымінальнага кодэкса (пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў з помсты за выкананне службовай дзейнасці).

Пад гэтай жа публікацыяй ён яшчэ пакінуў абразлівы каментар: "Усе цяпер ведаюць, дзе жывуць гэтыя к*злы". У ходзе лінгвістычнай экспертызы было ўстаноўлена, што гэта абраза, а значыць ёсць склад злачынства, прадугледжаны артыкулам 369 КК (публічная абраза прадстаўнікоў улады).

Абвінавачванні па артыкулах 205 і 415 КК

Будучы асуджаным па артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса (незаконны абарот наркатычных сродкаў) да 4 гадоў "хатняй хіміі", Сямёнаў неаднаразова ўхіляўся ад адбыцця пакарання. Сямёнаў змяніў месца жыхарства, не паведаміўшы ў адпаведныя органы. Таксама ён не з'яўляўся ў інспекцыю, за што атрымліваў вымовы і 15 сутак ізаляцыі. Таксама пры праверцы яго органамі, знаходзіўся ў кватэры ў стане алкагольнага ап'янення.

Падчас папярэдняга расследавання таксама ўстаноўленыя факты ўчынення абвінавачаным 11 эпізодаў тайнага крадзяжу маёмасці ў сваёй знаёмай. Па прысуду ён павінен выплаціць ёй цягам месяца 6 150 рублёў матэрыяльнай шкоды. 

Віну па ўсіх эпізодах і артыкулах мужчына прызнаў. Пад вартай Сямёнаў знаходзіцца з 26 лютага 2021 года.

Судовае следства па абвінавачванням за абразу і пагрозу гвалту да супрацоўнікаў ГУБАЗіКа

Супрацоўнікі ГУБАЗіК Іван Тарасік (злева) і Аляксандр Алёкса (справа)
Супрацоўнікі ГУБАЗіК Іван Тарасік (злева) і Аляксандр Алёкса (справа)

Пацярпелыя паводле артыкулаў 369 і 364 КК супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС Іван Тарасік і Аляксандр Алёкса на суд не з'явіліся "ў сувязі з бальнічным і адпачынкам". Аднак яны запатрабавалі кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры трох тысяч рублёў кожнаму.

На судзе Сямёнаў распавёў, чаму пакінуў каментары:

"Знаходзіліся дома, выпівалі, адбылася сварка, выйшаў пад пад'езд, думаў патэлефанаваць пацярпелай, пад руку трапіўся телеграм, адкрыў канал BYPOL [назву ўспомніў з дапамогай пракурора], прачытаўшы нешта, напісаў каментар. Не памятаю, што напісаў, было жаданне выказаць гадасць. Супрацоўнікаў не ведаю. Не хацеў несці пагрозу прымянення гвалту. Прызнаю, што напісаў каментар. Але не хацеў адрасоўваць як прымяненне гвалту. Які каментар не памятаю – нешта пра асобы, у нецэнзурнай форме. Казалі гэта, калі быў пад следствам, сам цмяна памятаю". 

Таксама падчас суда агучвалі эпізод прыцягнення да адказнасці Сямёнава паводле артыкула 23.34 КаАП (удзел несакнцыянаваным масавым мерапрыемстве). Ён патлумачыў, што знаходзіўся ў Burger King, калі праходзілі мітынгі, "меў неасцярожнасць зрабіць фатаграфію супрацоўнікаў АМАПу, якія праходзяць міма акна". Калі ён супрацоўнікам даваў тлумачэнні па парушэнні рэжыму адбыцця пакарання (ужыў амфетамін, з чым быў дастаўлены ў бальніцу), то яны знайшлі ў тэлефоне фота АМАПаўцаў. За гэта яго прыцягнулі па артыкуле 23.34 КаАП.

Па прад'яўленым артыкуле 369 КК, Сямёнаў патлумачыў, што 28 снежня адкрыў у тэлеграме першы чат, які патрапіўся. Суддзя Волк спытаў, якое дачыненне каментар меў да сваркі з пацярпелай. Абвінавачаны паўтарыў, што "хацеў камусьці выказаць гадасць".

Дрэнна спаў. Паказанні пацярпелых супрацоўнікаў ГУБАЗіКа

З прычыны таго, што пацярпелыя супрацоўнікі ГУБАЗіКа не з'явіліся на суд, у зале агучылі іх пратаколы допыту падчас следства.

Намеснік начальніка 1-га аддзела ўпраўлення падпалкоўнік міліцыі Тарасік Іван Аляксандравіч расказваў, што ў сацыяльных сетках ён не зарэгістраваны. Інфармацыю, якую апублікаваў BYPOL аб яго датычнасці да катаванняў Дзядка і затрыманні Ціханоўскага, ён лічыць паклёпам. Ён быў у шоку ад пакінутага абвінавачаным каментаром, бо "ніколі нікога не катаваў". Тарасік распавядаў следчым, што ён не ведаў, што зрабіць, як абвергнуць дадзеную хлуслівую інфармацыю. Пасля прачытання каментара ён дрэнна спаў.

Начальнік 1-га аддзела палкоўнік міліцыі Алёкса Аляксандр Іванавіч падчас следства заявіў, што ў затрыманні Дзядка ўдзелу не прымаў, у катаваннях не ўдзельнічаў.

Сямёнаў першапачаткова часткова прызнаваў пазоў у тры тысячы рублёў пацярпелых супрацоўнікаў, але пасля пытанняў суддзі прызнаў цалкам.

"Я напісаў ліст у рэдакцыю "Савецкая Беларусь", спадзяюся, яго надрукуюць". Апошняе слова

"У першую чаргу, я хачу папрасіць прабачэнне перад сваімі блізкімі, а таксама папрасіць прабачэнне ў пацярпелай. Я паспрабую пагасіць шкоду. Таксама хацеў папрасіць прабачэнне ў супрацоўнікамі, што абразіў іх. Я не хацеў, так атрымалася. Мабыць, з-за алкаголю. Знаходзячыся цяпер у СІЗА-1 на мінулым тыдні я напісаў ліст у рэдакцыю "Савецкая Беларусь", я спадзяюся, яго надрукуюць. Я напісаў усім маладым людзям аб сваёй сітуацыі, аб сваёй крымінальнай справе, як я быў абвінавачаны па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса і за абразу супрацоўнікаў. Як і з чаго гэтая сітуацыя вырасла. Гэта п'янае глупства, а цяпер гэта будуць гады майго пазбаўлення волі. Я вельмі спадзяюся, што гэты артыкул надрукуюць, каб ніхто іншы не мог паўтарыць мае памылкі. У цэлым, я хачу папрасіць Высокі суд не караць мяне вельмі строга, так як мне хацелася б убачыць пажылую маці яшчэ жывой. Магчыма, дапамагчы ёй і стварыць сям'ю. У цэлым, я вельмі раскайваюся ва ўсім".

Па тысячы маральнай шкоды супрацоўнікам ГУБАЗіКа. Прысуд

На думку пракурора Рабава, віна абвінавачанага па ўсіх чатырох артыкулах была даказаная ў поўным аб'ёме. Абцяжваючымі абставінамі сталі алкагольнае ап'яненне і парушэнне правілаў «хатняй хіміі». Змякчальным – чыстасардэчнае прызнанне. Дзяржабвінаваўца прапанаваў пакараць Сямёнава 5 гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму і прызначыць яму прымусовае лячэнне.

У выніку, Аляксандр Волк прызначыў такое пакаранне, якое прапаноўваў пракурор:

  • па ч. 1 артыкула 205 КК – арышт на 3 месяцы;
  • па ч. 2 артыкула 205 КК – 2 гады пазбаўлення волі;
  • па артыкуле 364 – 3 гады пазбаўлення волі;
  • па артыкуле 369 – 3 месяцы арышту;
  • па артыкуле 415 – 1 год пазбаўлення волі.

Вынік: 5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама да Сямёнава пастанавілі ўжыць меры бяспекі і лячэння залежнасці ад хранічнага алкагалізму і наркаманіі па месцы адбыцця пакарання. Пазоў супрацоўнікаў ГУБАЗіКАа Тарасіка і Алёксы аб кампенсацыі маральнай шкоды задаволілі ў памеры адной тысячы рублёў кожнаму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства