Мінчуку прысудзілі тры гады "хатняй хіміі" за ўдзел у мітынгу, за які ён ужо адбыў 15 сутак арышту
У судзе Першамайскага раёна разгледзелі крымінальную справу ў дачыненні да Вадзіма Марчанкі, якога абвінавачвалі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядаў суддзя Максім Трусевіч, бок дзяржабвінавачання падтрымлівала Іна Зубко.
Мужчыну вінавацілі ў тым, што ён увечары 4 кастрычніка, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, здзейсніў актыўныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, што пацягнула парушэнне працы транспарту і прадпрыемстваў. Вадзіма затрымаў АМАП каля ст. м. "Малінаўка" разам з сябрам, калі ён ужо сыходзіў з мірнай акцыі пратэста.
Вадзім Марчанка знаходзіцца пад асабістым паручыцельствам, у судзе абараняў сябе сам, сваю віну ў здзейсненным ён прызнаў і раскаяўся.
Таксама быў заяўлены пазоў ад "Мінсктранса" за спыненне грамадскага транспарту 4 кастрычніка ў перыяд з 15.00 да 18.45 на суму 18 624 рубля 45 капеек.
Падчас спрэчак бакоў пракурор указала, што вінаватасць Вадзіма Марчанкі даказаная, пацвярджаецца яго паказаннямі, сабранымі доказамі - у тым ліку фотавыявамі з акцыі пратэсту, звесткамі аб тэлефонных злучэннях. Прасіла суд прызначыць яму пакаранне ў выглядзе трох гадоў абмежавання волі без накіравання, а таксама задаволіць грамадзянскі пазоў ад "Мінсктранс" у поўным аб'ёме.
Абвінавачаны сказаў, што прызнае сваю віну - удзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу, за што ўжо быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці і адбыў 15-суткавы арышт. Прасіў не абмяжоўваць яго ад грамадства.
Суд вынес прысуд 7 ліпеня, згодна з якім Вадзім Марчанка быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 342 КК і асуджаны да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову тэрмінам на тры гады ("хатняя хімія"). Грамадзяскі іск будзе разгледжаны ў асобным парадку.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" с дапамогай валанцераў адсочваў гэты судовы працэс.