Размаўлялі ў чаце, узгаднялі маршрут і дзеянні пры затрыманні. Новы суд над палітвязнямі ў Мінску
Першага ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы чатырох менчукоў, абвінавачаных па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса (Масавыя беспарадкі) і па артыкуле 342 КК (Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Абвінавачаныя - палітвязні Ян Фалькін, Уладзіслаў Барысаў, Мікіта Літвіненка, а таксама Уладзімір Мацюх. Усе яны знаходзяцца пад вартай і былі дастаўленыя ў суд з СІЗА. Справу разглядае суддзя Вікторыя Шабуня. Бок дзяржабвінавачання прадстаўляе памочнік пракурора Арцём Цвяткоў. "Вясна" з дапамогай валанцёраў вядзе маніторынг судовага працэсу.
Хто на лаве падсудных і якія абвінавачванні ім прад'яўленыя?
- Палітвязень Уладзіслаў Барысаў. Яго затрымалі 13 верасня 2020 года. Пры затрыманні яго моцна збілі, у доме правялі ператрус. Уладзіславу выстаўленыя абвінавачванні паводле ч. 2 арт. 293 КК (Удзел у масавых непарадках), ч. 1 арт. 13 ч. 2 арт. 293 КК (Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках), ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч.1 арт. 14 ч. 1 арт. 342 КК (Падрыхтоўка да групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). У пачатку працэсу ён паведаміў, што не давярае суду, так як, на яго думку, у Беларусі справядлівага суда не засталося. Таксама ён паведаміў аб праблемах са здароўем, з-за якіх яму цяжка стаяць і хадзіць. Суддзя дазволіла яму адказваць на пытанні седзячы.
- Палітвязень Ян Фалькін. Ён быў затрыманы 30 верасня 2020 года. Дома ў яго адбыўся ператрус, падчас якога была канфіскаваная тэхніка. У Яна ёсць чатырохгадовая дачка. Яму выстаўленае абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 13 ч. 2 арт. 293 КК (Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках).
- Палітвязень Мікіта Літвіненка. Быў затрыманы 13 верасня 2020 года супрацоўнікамі ГУБАЗіК. Пры затрыманьні быў зьбіты. Спачатку яго арыштавалі на 15 сутак за ўдзел у акцыі пратэсту, аднак пасля заканчэння тэрміну арышту яго не выпусцілі, а затрымалі ўжо ў якасці падазраванага па крымінальнай справе. Мікіту прад'яўленыя абвінавачванні па ч. 1 арт. 13 ч. 2 арт. 293 КК (Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках), ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя або акіўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 1 арт. 14 ч. 1 арт. 342 КК (Падрыхтоўка да групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
- Уладзімір Мацюх. Утрымліваецца пад вартай, у яго ёсць маленькі сын. Уладзіміру прад'яўленыя абвінавачванні па ч. 1 арт. 14 ч. 1 арт. 342 КК (Падрыхтоўка да групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і па ч.1 арт. 13 ч. 2 арт. 293 КК (Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках).
Абвінавачванне тычыцца акцый пратэсту, якія прайшлі ў Менску 9-11 жніўня, а таксама акцыі 13 верасня ў раёне ст. метро Пушкінская. Паводле матэрыялаў справы, Фалькін, Літвіненка, Мацюх і Барысаў, уступіўшы ў змову, планавалі ўдзел у акцыях пратэсту, вызначалі маршрут, узгаднялі дзеянні ў выпадку затрымання. Абвінавачаныя знаходзіліся ў телеграм-чаце пад назвай "Час X", дзе і вялося абмеркаванне.
Падчас названых акцый пратэсту на праспекце Пераможцаў, на вуліцах Машэрава, Кальварыйскай, Пушкіна, Прытыцкага абвінавачаныя "ў складзе групы грамадзян публічна выкрыквалі лозунгі, пляскалі рукамі, адмаўляліся выконваць законныя патрабаванні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, наўмысна перашкаджалі руху транспарту, выходзячы на праезную частку, парушалі грамадскі спакой, а таксама публічна заклікалі іншых грамадзян удзельнічаць у акцыях".
Усе абвінавачаныя не прызналі сваёй віны.
Адвакаты Мацюха, Фалькіна і Барысава хадайнічалі аб правядзенні іх допытаў пасля допыту сведак. Літвіненка захацеў выступіць першым. Суддзя ўстанавіла парадак правядзення працэсу: спачатку допыт Літвіненкі, затым паказанні сведак, затым знаёмства з пісьмовымі матэрыяламі справы, далей допыт траіх абвінавачаных і знаёмства з астатнімі матэрыяламі.
Допыт Мікіты Літвіненкі
Мікіта распавёў, што восьмага жніўня ў тэлеграм-чаце абмяркоўвалі з прыяцелямі, што пасля галасавання на выбарах дзявятага жніўня можна пайсці гуляць у цэнтр. У тым, што выбары будуць сфальсіфікаваныя, ні ён, ні ягоны прыяцель - абвінавачаны Уладзіслаў Барысаў не сумняваліся. Яны дамовіліся на сустрэчу ў 18.30, каб пайсці да стэлы.
На наступны дзень ён схадзіў на выбары, прагаласаваў за Святлану Ціханоўскую, і сустрэўшыся з Барысавым, пайшоў да стэлы. Хлопцы ўзялі з сабой бінты. На пытанне пракурора, навошта яны гэта зрабілі, растлумачыў, што ў папярэднія гады сілавікі нападалі на дэманстрантаў, таму вырашылі такім чынам падстрахавацца. У той дзень яны некалькі разоў траплялі пад разгон светлашумавымі гранатамі і гумовымі кулямі. Мікіта растлумачыў, што бачыў толькі людзей у чорнай форме без апазнавальных знакаў, якія без папярэджанняў падбягалі, білі і затрымлівалі людзей. Яны былі падобныя на бандытаў. На пытанне пракурора, чаму тады яны не патэлефанавалі ў міліцыю, Літвіненка адказаў, што ў той момант было не да званкоў. Мікіта распавёў, што транспарт ў той вечар ужо не хадзіў, таму яны не маглі блакаваць яго. Патрабаванняў ад супрацоўнікаў міліцыі разысьціся ён не чуў. На праезную частку ён і іншыя людзі сталі выбягаць толькі калі пачалася атака светлашумавымі гранатамі.
10 жніўня ён таксама з Уладзіславам Барысавым быў у раёне ст. м. Пушкінская. Але пры гэтым адмаўляе, што ў іх у руках былі якія-небудзь прадметы. “Нас пачалі закідваць светлашумавымі гранатамі, труціць газам і страляць. Лічу незаконнымі дзеянні сілавікоў", - сказаў Літвіненкі.
Ён згадаў марш 30 жніўня, у якім яны таксама ўдзельнічалі з Барысавым, і падкрэсліў, што ніхто не аказваў сілавікам супраціў, патрабаванняў разысціся не было, а транспарт быў даўно спынены.
11 верасня ў тэлеграме маладыя людзі абмяркоўвалі маючы адбыцца мірны марш 13 верасня, дамовіліся сустрэцца на Пушкінскай. Ніякіх намераў здзяйсняць пагромы, падпалы, па словах Літвіненкі, у іх не было. 13 верасня яны былі затрыманыя і дастаўленыя ў РУУС.
"Лічу, што мае дзеянні не нясуць ніякай грамадскай небяспекі, я, як і дзясяткі тысяч мірных людзей, мірна выказваў пратэст", - падсумаваў палітвязень.
Допыт Мікіты Літвіненкі працягнецца на наступным пасяджэнні, прызначаным на 8 ліпеня.