viasna on patreon

Тры гады "хіміі" — за паведамленні ў чатах Telegram

2021 2021-06-24T17:30:11+0300 2021-06-25T19:12:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/telegram_9034.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

24 чэрвеня ў судзе Цэнтральнага раёну г.Мінска вынеслі прысуд Аляксею Спірыдонаву. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу і асудзілі да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Яго вызвалілі з-пад варты ў залі суда: ён знаходзіўся ў СІЗА з 16 красавіка 2021 года. 

Справу разгледзеў суддзя Дзмітрый Карсюк. Абвінавачанага абараняла адвакатка Таццяна Шымуль. Бо абвінавачання падтрымлівала пракурорка Мацюшка

У чым прызналі вінаватым?

Аляксея Спірыдонава прызналі вінаватым у тым, што з 22 ліпеня па 24 верасня 2020 года ён пісаў у тэлеграм-чатах паведамленні, якія былі накіраваныя на дзеянні, парушаючыя грамадскі парадак. Гэтыя дзеянні пацягнулі за сабой парушэнне работы транспарта. Там жа ён размясціў і захаваў тэкст і фота з выказамі палітычнага характара. 

Якія доказы ў справе?

Доказам у справе з'яўляецца тэлефон, вывучэнне матэрыялаў справы  — фота, аўдыё, відэа, артыкулаў, паказанняў — праходзіла ў закрытым рэжыме праз наяўнасць матэрыялаў з крыніцаў, якія прызнаныя экстрэмісцкімі. 

Што казаў абвінавачаны?

Аляксей Спірыдонаў поўнасцю прызнаў віну. Ён распавёў, што уступіў у чаты з сярэдзіны ліпеня, каб чытаць і пісаць паведамленні: не аспрэчвае агучаныя з іх на судзе. Мужчына пісаў іх па настроі, каб паказаць, што ў чаце "кіпіць жыццё". Мэты падштурхнуць кагосьці да нейкіх дзеянняў у яго не было, сам ён таксама не ўдзельнічаў у ніякіх мерапрыемствах. 

Аляксей распавёў, што ў чаце знаходзіліся людзі, аб'яднаныя апазіцыйнымі адносінамі да палітыкі. Ён дубляваў паведамленні аб акцыях, не звяртаў увагі на імёны карыстальнікаў, якія пісалі паведамленні. Ад сябе ён таксама пісаў аналітычныя паведамленні грамадска-палітычнага характару. 

Мужчына дапусціў, што ягоныя паведамленні маглі ўспрымацца асобнымі карыстальнікамі як кіраўніцтва да дзеянняў. Напрыклад, дапускае, што праз ягоныя паведамленні людзі маглі перакрыць дарогі ў жніўні, але не ў верасні: у той час не пісаў паведамленні. 

Сёння ён раскайваецца ў здзейсненым. Лічыць, што ў чаце не было той аўдыторыі, якая была гатовая дзейнічаць: у тыя часы не было інтэрнэта, таму тыя, хто рэальна ўдзейнічаў, хутчэй за ўсё, самаарганізоўваліся афлайн. 

Што казалі ў спрэчках?

Пракурорка Мацюшка была упэўненая, што дзеянні кваліфікаваныя па арт. 342 правільна, доказы супадаюць з допытам. Яна папрасіла прызнаць Аляксея Спірыдонава вінаватым і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на тры гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — "хіміі".

Адвакат Таццяна Шымуль падкрэсліла, што дзеянні кваліфікаваныя без спасылкі на арт.16 КК, у матэрыялах не было выяўлена доказаў, якія паказвалі б на планаванне і арганізацыю Спірыдонавым хаця б адной акцыі. Таксама няма прычынна-выніковай сувязі паміж паведамленнямі і акцыямі, якія адбыліся. Больш за тое — няма ніводнага прысуда ў адносінах іншых удзельнікаў чата, каб можна было выказаць здагадку, што дзейнічала група асобаў — на гэтым настойвае бок абвінавачання. З самага пачатку допытаў абвінавачаны не адмаўляў сваіх паведамленняў, даваў паролі ад сацсетак — ішоў насустрач следчым дзеянням. 

У апошнім слове Аляксей Спірыдонаў адзначыў, што згодны з абаронцай, у ягоных дзеяннях не было намеру. Таксама сказаў, што не варта было яму ўдзельнічаць у чаце, а сваё пакаранне за ўчынак ужо панёс за гэтыя два месяцы  ў турме.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства