viasna on patreon

Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязня Андрэя Леванюка

2021 2021-06-23T18:06:50+0300 2021-10-01T15:36:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/levaniuk_pltz.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый

Мінск, 23 чэрвеня 2021 г.

У сувязі з вынясеннем 7 красавіка 2021 г. і ўступленнем у сілу прысуда суда Маскоўскага р-на г. Брэста  Андрэю Леванюку (асуджаны на адзін месяц арышту па арт. 341 КК) мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, адзначаем наступнае:

Андрэй Леванюк, згодна з вынесеным судом прысудам, быў прызнаны вінаватым у здяйсненні злачынства і асуджаны да аднаго месяца арышту па арт. 341 КК, а менавіта ў тым, што 13 лютага 2021 г. на фасадзе дома па вул. Вішнёвай у г. Брэсце нанёс чырвонай фарбай з балончыка надпіс “Но избавь нас от лукавого”, чым нанес шкоду ЖЭС-6 на суму 51 рубель 99 капеек. Паводле абвінавачвання гэты надпіс пагоршыў “эстэтычнае ўспрыманне” будынка, і такім чынам Леванюк праявіў незадаволенасць вынікамі выбараў прэзідэта, а таксама дзеяннямі супрацоўнікаў праваахоўных органаў “па супрадзеянні масавым беспарадкам”.

Сутнасць дзеянняў – змест надпіса, па нашым меркаванні, сведчыць аб яго пратэсным змесце. Відавочна, што мэтай дадзенага ўчынку было выказванне свайго пратэсту і нязгоды з фальсіфікацыяй прэзідэнцкіх выбараў і склаўшайся сітуацыяй у краіне ў поствыбарчы перыяд.

Мы лічым, што дадзеная форма выказвання меркавання патрапляе пад абарону Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і не мае нічога агульнага з прад’яўленымі абвінавачваннямі.

У адпаведнасці з арт. 19 Пакта кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэтае права ўключае ў сябе свабоду шукаць, атрымліваць усялякага рода інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз сродкі друку ці мастацкія формы выяўлення, ці іншымі сродкамі па свайму выбару. Карыстанне гэтым правам можа накладаць асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць. Яно можа быць, адпаведна, звязана з некаторымі абмежаваннямі, якія, аднак, павінны быць устаноўленыя законам і з’яўляцца неабходнымі: для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў, для аховы грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя і маральнасці насельніцтва.

Абвінавачаны не пасягаў на сакральныя ці гісторыка-культурныя каштоўнасці. Самі надпісы не ўтрымліваюць нецэнзурнай лексікі альбо мовы варожасці і нянавісці па прыкметах нацыянальнай, расавай, рэлігійнай прыналежнасці ці сацыяльнага паходжання і іншых прыкметах, а нанесеная шкода насіла сімвалічны характар і была добраахвотна пагашаная абвінавачаным яшчэ да пачату судовых слуханняў.

Такім чынам, гэтыя дзеянні нельга кваліфікаваць як крымінальнае злачынства і тым больш пазбаўляць грамадзяніна свабоды.

У гэтым кантэксце лічым пазбаўленне волі Андрэя Леванюка палітычна матываваным, а яго самога палітычным зняволеным у адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.

У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем:

  1. Неадкладнага і безумоўнага вызвалення Андрэя Леванюка.
  2. Неадкладнага вызваленн ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій у краіне.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

"Ініцыятыва FORB";

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларусі ПЭН-цэнтр;

РГА "Прававая ініцыятыва”;

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства