viasna on patreon

1,5 гады "хіміі", затрыманне на мяжы, два месяцы ў СІЗА, прафулік: што перажыў віцяблянін за абразу Балабы

2021 2021-06-22T11:39:14+0300 2021-06-22T11:52:31+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ermalovich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Першамайскага раёна Віцебска 22 чэрвеня за абразу камандзіра АМАПа Мінска Дзмітрыя Балабы па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса да 1,5 года "хіміі" асудзілі 36-гадовага Вадзіма Ермаловіча. Мужчына знаходзіўся пад вартай з 14 красавіка ў віцебскім СІЗА-2 пасля затрымання на літоўскай мяжы. Там яго паставілі на прафілактычны ўлік як "схільнага да экстрэмізму". Справу разглядала суддзя Наталля Карабліна, абвінавачванне падтрымліваў пракурор Філімонаў. Пацярпелы Балаба на суд не з'явіўся, следчых дзеянняў з ім не вялося. Але ён дыстанцыйна заявіў патрабаванне аб кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў, якія бацькі абвінавачанага выплацілі падчас суда. На першы суд Вадзіма Ермаловіча заводзілі ў залу ў так званай позе "белы лебедзь": тулава сагнута, рукі ў кайданках ззаду і ўверсе. Пасля двух месяцаў пад вартай мужчыну вызвалілі ў залі суда. "Вясна" распавядае пра суд над віцяблянінам.

ermalovich.jpg
Вадзім Ермаловіч. Фота: "Белсат"

Крымінальная справа на Дзень народзінаў

Падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы стаў каментар ў Telegram. Крымінальную справу на Ермаловіча завялі ў яго Дзень народзінаў – 13 красавіка. Абразлівы каментар, згодна з пастановай аб распачынанні крымінальнай справы, Вадзім Ермаловіч размясціў "рэалізуючы намер на абразу прадстаўніка ўлады –камандзіра АМАП ГУУС Менгарвыканкама палкоўніка міліцыі Балабы, з мэтай прынізіць яго гонар і годнасць у сувязі з выкананнем службовых абавязкаў, кіруючыся нізкімі намерамі, якія выказаліся ў жаданні паказаць Балабу ва зневажальным становішчы ў вачах шырокай грамадскасці, з выкарыстаннем неўстаноўленай прылады з доступам у інтэрнэт". Як сцвярджаецца, паведамленне ў чаце было размешчана 24 снежня 2020 года.

Затрыманне на мяжы

20 сакавіка 2021 года Вадзіма Ермаловіча ўзялі пад варту, а ў яго доме зладзілі ператрус: канфіскавалі кампутар, ноўтбук, нэтбук, флэшкі, мабільны тэлефон, а таксама грошы. Аднак праз 72 гадзіны пасля затрымання, 23 сакавіка, мужчыну вызвалілі з ізалятара пад падпіску аб нявыездзе. 14 красавіка Вадзім Ермаловіч быў зноў затрыманы непадалёк ад мяжы Беларусі з Літоўскай Рэспублікай – 7 кіламетраў ад мяжы ў Шчучынскім раёне.

Пасля гэтага Ермаловіча адправілі ў СІЗА-2, дзе яго паставілі на прафілактычны ўлік як "схільнага да экстрэмізму".

1000 рублёў каштуюць маральныя пакуты Балабы

Як стала вядома іх матэрыялаў справы, з Балабай не было ніякіх следчых дзеянняў, вочных ставак. Кантакту пацярпелага ў абвінавачанага не было у сувязі з гэтым прабачэнні прынесці не мог. Пацярпелы камандзір не прыйшоў на суд, але заявіў патрабаванне аб пакрыцці маральнай шкоды ў памеры адной тысячы рублёў. Бацькі Вадзіма Ермаловіча да пачатку судовых спрэчак аплацілі пазоўныя патрабаванні Дзмітрыя Балабы.

Пракурор: Падае прэстыж дзяржаўнай улады ўвогуле

Як піша "Віцебская Вясна", падчас судовых спрэчак дзяржаўны абвінаваўца Філімонаў папрасіў суд «Ермаловіча Вадзіма прызнаць вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 1 год і 6 месяцаў». Меру стрымання да набыцця прысудам законнай моцы пракурор папрасіў замяніць з заключэння пад варту на падпіску аб ня выездзе.

«Грамадская небяспека публічнай абразы прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім сваіх службовых абавязкаў уяўляе павышаную небяспеку, паколькі такія дзеянні здольныя парушыць нармальнае функцыянаванне апарату ўлады. У выніку падобных дзеянняў падрываецца аўтарытэт таго органа ўлады, які прадстаўляе пацярпелы. Таксама падае прэстыж дзяржаўнай улады ўвогуле. Зніжэння аўтарытэту ўлады ў свядомасці грамадзян негатыўна адбіваецца на функцыянаванні дзяржаўнага апарату», – патлумачыў пракурор.

Адвакатка: Ён не хаваўся ад следства

Адвакатка Вадзіма Ермаловіча звярнула ўвагу суддзі на змякчальныя акалічнасці: кампенсаванне маральнай шкоды, поўнае прызнанне віны яе падабаронным, а таксама на тое, што той атрымаў станоўчую характарыстыку з працы. Заўважыла, што Ермаловіч быў затрыманы каля літоўскай мяжы неўзабаве пасля завядзення крымінальнай справы, але пры гэтым ён не ведаў, што ў дачыненні да яго была вынесеная пастанова. Акурат таму ягоную паездку нельга трактаваць як спробу схавацца ад следства.

Адвакатка прасіла суд абмежавацца пакараннем у выглядзе арышту на тэрмін, які яе падабаронны ўжо адбыў. Вадзім Ермаловіч знаходзіцца ў СІЗА ад 14 красавіка 2021 году.

Абвінавачаны: Я і так законапаслухмяны

Ад апошняга слова Вадзім Ермаловіч адмовіўся. Сказаў, што яму няма чаго дадаць.

«Жыццё як свае будаваць збіраецеся?» – спытала суддзя Наталля Карабліна.

«Працаваць буду», – адказаў мужчына.

«Да жніўня 2020 году яно ў мяне даволі стабільнае было. Так і буду працягваць», – дадаў ён.

На пытанне суддзі, ці збіраецца быць законапаслухмяным грамадзянінам, Вадзім Ермаловіч адказаў: «Я і да гэтага сябе законапаслухмяна паводзіў».

Прысуд

Вадзім Ермаловіч. Фота:
Вадзім Ермаловіч. Фота: "Белсат"

У выніку, суддзя Наталля Карабліна пакарала Вадзіма Ермаловіча абмежаваннем волі з накіраваннем ва ўстанову выпраўленчага тыпу на 1 год і 6 месяцаў. Менавіта такое пакаранне прасіў пракурор Філімонаў. Мужчыну вызвалілі ў залі суда.

Абразы Лукашэнкі, здзек з дзяржаўных сімвалаў і паўторны суд над палітвязнем. Як беларусаў судзілі па дыфамацыйных артыкулах на гэтым тыдні

Вясна” распавядае, каго і за што на гэтым тыдні судзілі ў Беларусі па дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства