viasna on patreon

Заключэнне экспертаў і юрыстаў ПЦ "Вясна" па крымінальнай справе па абвінавачванні Міхаіла Добыша па артыкуле 364 КК

2021 2021-06-16T12:51:52+0300 2021-06-16T12:52:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudovaja-smaliavichy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прысудам суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы Міхаіл Добыш прызнаны вінаватым у тым, што 17 верасня 2020 года ў памяшканні прадуктовай крамы ў мэтах перашкоджання законнай дзейнасці і з помсты за выкананне службовай дзейнасці супрацоўніка органаў унутраных спраў маёра міліцыі І. Міцуры здзейсніў пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да І. Міцуры, якая выявілася ў «псіхалагічным уздзеянні і запалохванні, падаўленні яго волі пры асабістым выказванні славесных пагроз аб прымяненні фізічнага гвалту, пры гэтым пацярпелы меў рэальныя падставы баяцца ажыццяўлення гэтых пагроз».

Пацярпелы паведаміў, што пасля падзей жніўня 2020 года знаходзіўся ў неспакойным стане, бо на яго нумар тэлефона прыходзілі абразы і пагрозы; ён памяняў нумар тэлефона, "аднак яго не пакідала пачуццё страху за сваё жыццё і здароўе, а таксама яго блізкіх". Ён сцвярджаў, што 17 верасня ён каля крамы сустрэў былога калегу Параскевіча, з якім падтрымліваў добрыя адносіны, але той насцярожыў яго, задаўшы двойчы пытанне "Ты яшчэ жывы?", перапытаў аб месцы працы і, у чым ён упэўнены, перадаў гэтыя звесткі Добышу.

На Добыша ён звярнуў увагу, бо той стаяў, "пільна глядзеў на яго і ўсміхаўся", а разам з ім былі яшчэ двое мужчын.

Усё гэта выклікала пачуццё страху ў Міцуры, бо "быў цёмны час сутак, ён быў адзін, а раней яму паступалі паведамленні з пагрозамі".

Далей Міцура сцвярджае, што перад тым, як ён пакінуў краму, туды зноў зайшлі Добыш і яго двое спадарожнікаў, прычым Добыш рабіў здымку на камеру тэлефона і выказаў яму пагрозы з выкарыстаннем нецэнзурнай лексікі. Гэта ён успрыняў як рэальную пагрозу, адвёў руку Добыша з тэлефонам, пакінуў краму і пабег дадому.

Дома ён пра здарэнне паведаміў жонцы, быў напалоханы. У той жа вечар яму патэлефанаваў старшыня жыллёвага кааператыва і паведаміў, што хтосьці тэлефанаваў і пытаўся нумар кватэры Міцуры.

Гэтыя паказанні пакладзены ў аснову вываду аб вінаватасці Добыша без іх крытычнай ацэнкі і аб'ектыўнага супастаўлення са сведчаннямі абвінавачанага і іншых сведак.

Абвінавачаны Добыш віну не прызнаў, паказаў, што быў у стане алкагольнага ап'янення, у краме яму здалося, што пацярпелы – супрацоўнік міліцыі, хацеў зрабіць яго відэазапіс, але аказалася, што зрабіў здымак. Навошта гэта рабіў – сказаць не можа, пагрозы адмаўляе, тое, што адбылося, памятае дрэнна.

Сведка Параскевіч адмаўляў, што перадаў звесткі пра месцы працы пацярпелага Добышу, а пытанне, якое ўстрывожыла пацярпелага, задаў у жарт.

Сведка – касір М. Флейта не чула ніякіх пагроз, нягледзячы на тое, што знаходзілася за два метры ад абвінавачанага і пацярпелага ў той момант, калі Добыш рабіў здымку; абвінавачаны паведаміў ёй, што пацярпелы – «следак».

Сведкі Кораб і Юрэня – спадарожнікі Добыша пацвердзілі, што той рабіў здымку, назваў пацярпелага міліцыянтам (паводле версіі Юрэні) або "мянтом" (паводле версіі Кораба); пагроз не чулі, хоць знаходзіліся непадалёк.

Відэазапіс з камер назірання пацвярджае факт здымкі з выкарыстаннем тэлефона і знаходжанне абвінавачанага і пацярпелага побач на працягу дваццаці секунд.

Такім чынам па справе ўстаноўлена, што абвінавачаны, які знаходзіўся ў стане ап'янення, выказаўшы здагадку, што І. Міцура з'яўляецца супрацоўнікам АУС, зрабіў яго здымку на камеру мабільнага тэлефона. Паказаны здымак захаваўся ў памяці яго тэлефона.

Усе астатнія устаноўленыя прысудам абставіны альбо не даказаны, альбо не датычацца прад'яўленага абвінавачвання, а высновы суда пры гэтым вельмі супярэчлівыя.

Так, у суда не выклікаюць сумневы паказанні пацярпелага аб змесце выказаных пагроз, зыходзячы з таго, што той даваў такія паказаньні на працягу ўсяго следства. Аднак суд не высветліў у пацярпелага, у сувязі з чым той, будучы супрацоўнікам АУС, не прыняў мер па спыненні злачынства і затрыманні абвінавачанага, як гэта рэгламентавана заканадаўствам аб АУС, ці хаця б не паведаміў аб супрацьпраўных паводзінах Добыша ў органы ўнутраных спраў неадкладна або ў той жа дзень:

У адпаведнасці з артыкулам 23 Закона аб АУС, «Кожны супрацоўнік органаў унутраных спраў на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь незалежна ад займанай пасады, месца знаходжання і часу ў выпадку звароту да яго службовых асоб і іншых грамадзян з заявай або паведамленнем аб падзеях, якія пагражаюць асабістай або грамадскай бяспецы, альбо ў выпадку непасрэднага выяўлення такіх абавязаны:

  • прыняць магчымыя меры па спыненні злачынства, адміністрацыйнага правапарушэння, ..., ўстанаўленні і затрыманні асоб, якія ўчынілі злачынства, адміністрацыйнае правапарушэнне, выяўленні відавочцаў злачынства, адміністрацыйнага правапарушэнні, ахове месца здарэння;
  • паведаміць аб гэтым у бліжэйшы орган унутраных спраў.

Прысуд таксама не ўтрымлівае звестак аб тым, калі пацярпелы звярнуўся з адпаведнай заявай.

Суд таксама прызнаў дакладнымі паказанні Параскевіча, Ф. М., Юрэні, Кораба, аднак зрабіў нечаканую выснову аб тым, што яны пацвярджаюць віну Добыша, хоць, як паказана вышэй, іх паказанні прама супярэчылі сцвярджэнням пацярпелага і ў асноўным пацвярджалі паказанні абвінавачанага (за выключэннем таго, што па сцвярджэнні абвінавачанага, той так пэўна і не высветліў, ці з'яўляецца пацярпелы супрацоўнікам АУС).

Паказанні сведкі Лагіновіча, які паведаміў пра тое, што хтосьці цікавіўся адрасам пацярпелага, не адносяцца да справы, бо няма дадзеных і доказаў таго, што да званка датычны абвінавачаны.

Акрамя таго, суд прыйшоў да няправільнай высновы аб тым, што абвінавачаны пераследваў Міцуру ў сувязі з яго дзейнасцю, так як абвінавачаны не быў дасведчаны аб характары такой дзейнасці, а, хутчэй за ўсё, знаходзіўся пад уражаннем ад супрацьпраўнай дзейнасці супрацоўнікаў МУС падчас падзей жніўня 2020 года і заклікаў дэананімізаваць супрацоўнікаў МУС.

На наш погляд, у вытоках гэтай справы ляжыць трывожны стан і сумнеўныя прафесійныя якасці пацярпелага, якія, наклаўшыся на серыю выпадковасцяў і супадзенняў, прывялі таго да панічнай рэакцыі на адзіны неэтычны ўчынак абвінавачанага – дэманстратыўную здымку пацярпелага на камеру і, магчыма, прамоўленае слова «мент». Астатнія супрацьпраўныя дзеянні, устаноўленыя судом, пацверджаны толькі адной сумнеўнай крыніцай доказаў – паказаннямі пацярпелага.

Калі верыць уласным паказанням пацярпелага, то яго нестабільны маральна-псіхалагічны стан, які не павінны быць нормай для супрацоўніка МУС у сілу Закона аб АУС і дысцыплінарнага Статута АУС, прывёў да парушэння ім патрабаванняў закона і прысягі, якія, відаць, засталіся беспакаранымі, што, у сваю чаргу, спараджае сумнеў у праўдзівасці пацярпелага ў крымінальным працэсе.

У любым выпадку, аднымі з найважнейшых гарантый справядлівага судовага разбору з'яўляецца прэзумпцыя невінаватасці, а таксама правіла, па якім усе сумневы ў даказанасці абвінавачвання павінны тлумачыцца на карысць абвінавачанага.

Такім чынам, мы прыходзім да высновы аб тым, што крымінальны пераслед М. Добыша мог мець на мэце дэманстратыўна жорстка спыніць любыя праявы пратэстнай актыўнасці, у тым ліку – дзеянні па дэананімізацыі супрацоўнікаў МУС, якія маюць дачыненне да катаванняў. Ацэнка доказаў па розных аспектах справы праведзена альбо супярэчліва, альбо няправільна, з парушэннем прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці. Прымяненне ўнутранага заканадаўства ў справе і ацэнка фактаў і доказаў відавочным чынам насілі адвольны характар і склалі відавочную памылку, чым суд парушыў сваё абавязацельства ў дачыненні да незалежнасці і бесстароннасці. Такім чынам, парушана права абвінавачанага на справядлівае судовае разбіральніцтва.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая свабоды, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  • a) пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
  • b) пазбаўленне волі было заснавана на фальсіфікацыі доказаў усьвядомленага правапарушэння або пры адсутнасці падзеі або складу правапарушэння альбо яго здзяйсненні іншай асобай.

Праваабаронцы лічаць неабходным для дадзенай групы палітычных зняволеных патрабаваць неадкладнага перагляду прынятых у дачыненні да іх мер і судовых рашэнняў пры выкананні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на прысуд. Таксама варта патрабаваць вызвалення асуджанага з ужываннем іншых мер стрымання, якія забяспечваюць яўку ў суд, з улікам адсутнасці падстаў для прымянення больш строгай.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства