Палітвязня Вячаслава Папова асудзілі на тры гады "хіміі" за ўдзел у жнівеньскіх акцыях пратэсту
У судзе Ленінскага раёна разгледжаная крымінальная справа ў дачыненні да Вячаслава Папова, якога абвінавачвалі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК) па падзеях 9-10 і 30 жніўня, а таксама 27 верасня.
Справу вяла суддзя Юлія Шут, бок дзяржабвінавачання прадстаўляў Марыя Малікава.
У пачатку працэсу пракурор заявіла хадайніцтва аб далучэнні іскавай заявы "Мінсктранса" аб пакрыцці матэрыяльнай шкоды на суму 61 650 рублёў 99 капеек, а таксама дзяржпошліны ў 3 822 рубля. Суддзя хадайніцтва задаволіла.
Паводле абвінавачвання, Вячаслаў Папоў прыняў актыўны ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, дзейнічаў сумесна з невядомай групай асоб у Мінску ў перыяд часу з 22.00 гадзін 9 жніўня па 01.11 гадзін 10 жніўня, з 14.30 да 17.04 гадзін 30 жніўня і з 15.46 да 17.46 27 верасня 2020 года: знаходзіўся на праезнай частцы дарог, перакрываў шлях руху транспарту, парушаў грамадскі парадак і правы добрапрыстойных грамадзян на спакойную працу і адпачынак, выкрыкваў лозунгі, а 9 жніўня – і абразлівыя словы ў адрас супрацоўнікаў праваахоўных органаў. 27 верасня сярод іншага - наклеіў стыкер на святлафор і выкрыкваў лозунг "Жыве Беларусь". Сваімі дзеяннямі здзейсніў злачынства па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Абвінавачаны быў затрыманы дома 10 сакавіка 2021 года і з таго часу знаходзіўся пад вартай.
Вячаслаў Папоў віну прызнаў цалкам. Суду растлумачыў, што ў масавых мерапрыемствах удзельнічаў свядома, але не ведаў, што гэта можа прывесці да крымінальнай адказнасці. У яго бацькі-пенсіянеры, ён адзіны сын, мае вельмі рэдкае захворванне, па якім павінна быць прызначаная інваліднасць. Прасіў суд аб літасці, казаў, што калі б ведаў, што так будзе, то нікуды б не пайшоў. Падкрэсліў, што нічога дрэннага не хацеў зрабіць і не рабіў, проста даведваўся з тэлеграм-каналаў, дзе людзі збіраюцца і ішоў туды. Прызнаў, што абразіў супрацоўнікаў міліцыі, бо не стрымаўся, калі ўбачыў, як яны білі людзей, і як у людзей пад нагамі выбухалі гранаты. Чаму наклеіў налепку на святлафор - не ведае.
Адвакат хадайнічаў аб далучэнні даведак пра стан здароўя палітвязня, таксама адзначыў абсурднасць заяўленага пазову аб кампенсацыі шкоды толькі да аднаго Вячаслава Папова, бо у пратэстах прымала ўдзел мноства людзей, і кампенсацыю яны павінны выплачваць у салідарным парадку.
Суддзя зачытала матэрыялы справы, паказала фота з пратэстаў абвінавачанаму, на якім ён прызнаў сябе.
10 чэрвеня ў судзе прайшлі спрэчкі бакоў.
Пракурор палічыла, што віна Вячаслава Папова даказаная, пацвярджаецца паказаннямі самога абвінавачанага і пісьмовымі матэрыяламі справы – пратаколамі агляду прадметаў (тэлефонаў), пратаколам ператрусу, інфармацыяй з яго тэлефонаў. Прасіла суд прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову тэрмінам на тры гады. Пазоў Мінсктранса задаволіць у поўным аб'ёме.
Адвакат абвінавачанага звярнуў увагу суда на тое, што Вячаслаў раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся, садзейнічаў следству, ўсвядоміў сваю віну і раскаяўся. У палітвязня пажылыя бацькі, ён адзіны сын, працаваў і дапамагаў бацькам, таксама мае рэдкае складанае захворванне. Прасіў суд прызначыць мінімальнае пакаранне - абмежаванне волі без накіравання ("хатнюю хімію").
У апошнім слове палітвязень сказаў, што яму хапіла трох месяцаў, каб зразумець, што адбылося:
"Я не кажу, каб павернуць час назад - гэта не магчыма. Але я вас прашу: дайце шанец. Я не хачу падводзіць сваіх бацькоў, сяброў. Я нічога дрэннага ніколі не рабіў. Я аступіўся адзіны раз і прашу вас зараз даць мне магчымасць выправіцца".
Сёння ж суддзя Юлія Шут абвясціла прысуд па справе:
Вячаслава Папова прызнаць вінаватым у актыўных дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікам улады, што прывялі да парушэння працы транспарту і прадпрыемстваў, і на падставе ч. 1 арт. 342 КК прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 3 гады.
Вячаслаў Папоў быў вызвалены з-пад варты ў зале суда пад падпіску аб нявыездзе да ўступлення прысуду ў сілу і накіравання ў папраўчую ўстанову.
Заяўлены пазоў на пакрыццё прычыненай шкоды прадпрыемству "Мінсктранс" будзе разгледжаны ў парадку грамадзянскага судаводства.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочваў гэты судовы працэс