viasna on patreon

Ці можна трапіць у калонію, калі своечасова не зняў бчб-сняжынкі з акна? Юрыст расказвае пра змены ў Крымінальным кодэксе

2021 2021-06-09T13:09:34+0300 2021-06-09T13:14:40+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/svaboda_676.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мітынг у Мінску, 30 ліпеня. Фота: "Радыё Свабода"

Мітынг у Мінску, 30 ліпеня. Фота: "Радыё Свабода"

На Нацыянальным прававым партале апублікавалі закон, які ўносіць змены ў Крымінальны кодэкс. Паводле іх, цяпер на тры гады ў калонію можна адправіцца за паўторны ўдзел у "несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах". На чатыры — за публічную дэманстрацыю экстрэмісцкай сімволікі. На пяць — за фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці. "Наша Ніва" спытала ў юрыста "Вясны" Паўла Сапелкі, як гэта будзе дзейнічаць на практыцы.

Колькі разоў можна парушыць закон аб удзеле ў масавых мерапрыемствах без пагрозы завядзення крымінальнай справы?

Два разы.

Першы раз прыцягнуць да адказнасці па частцы 1 артыкула 24.23 Адміністрацыйнага кодэксу. Можа быць альбо штраф, альбо адміністрацыйны арышт да 15 сутак.

У другі раз — частка 3 артыкула 24.23. На гэты раз пакараць могуць 30 суткамі арышту. За трэці пратакол будзе крымінальная справа.

Парушэнні павінны быць здзейснены цягам года ці без тэрміну даўнасці?

Для прыцягнення да крымінальнай адказнасці ў чалавека павінны быць тры непагашаныя парушэнні — гэта значыць, яны павінны быць здзейсненыя цягам года.

Крымінальная справа за трэцяе парушэнне будзе заводзіцца аўтаматычна ці на меркаванне пракурора ці следчага?

Аўтаматычна. Выбар ёсць толькі ў справах прыватнага ці прыватна-публічнага абвінавачання, там вырашае пацярпелы. А тут справа публічнага абвінавачання. Калі орган крымінальнага пераследу бачыць склад злачынства, то ён заводзіць крымінальную справу. У законе, канечне, не напісана, што пракурор ці следчы павінен добра падумаць, і калі яму хочацца, то завесці справу, а калі не — то не. Яны павінны заводзіць на падставе парушэнняў.

Будуць адлічвацца правапарушэнні ад моманту ўступлення паправак у сілу ці ўсе пратаколы цягам апошняга года?

Для мяне самога гэта вялікая загадка. На добры толк усё павінны пачаць з нуля, і лічыць адміністрацыйныя пакаранні з моманту ўвядзення ў сілу гэтай нормы. Але я баюся, што будуць лічыць і тыя адміністратыўкі, якія маюцца на сёння. Хаця існуе правіла, што не можа мець зваротную сілу крымінальны закон, які пагаршае становішча. Думаю, усё хутка запрацуе і мы ўбачым як гэта будзе на практыцы.

Гэта значыць, што цяпер у калонію можна трапіць, калі тройчы не зняў бел-чырвона-белыя сняжынкі з акна?

Сітуацыя драматычная, мы ж бачым, як прамяняюцца пакаранне па гэтым артыкуле. Ва ўсіх ёсць разуменне, што яно несправядлівае, але ўсё ж максімум — 15-30 сутак. Але цяпер мы бачым, што можа стаць нашмат горш. На падставе ліпавых адміністрацыйных пратаколаў людзей могуць адпраўляць у калонію.

З іншага боку тут можна ўгледзіць і плюс. Цяпер многія людзі лічаць за лепшае не абскарджваць адміністрацыйныя пратаколы. Цяпер жа суд, прымаючы рашэнне аб трэцім правапарушэнні, павінен праверыць законнасць накладання папярэдніх спагнанняў. Калі суд выносіць рашэнне, скажам, аб законнасці звальнення ў сувязі са шматлікімі парушэннямі дысцыпліны, то суддзя павінен праверыць, ці законна накладаліся гэтыя спагнанні за кожнае з парушэнняў.

Калі практыка пойдзе па гэтым шляху, то будзе адно з двух: ці не надта актыўна будзе прымяняцца гэты артыкул, ці зменіцца працэс накладання адміністрацыйных спагнанняў. Я маю на ўвазе большую фармалізацыю і большую адказнасць за складанне пратаколаў.

Парушэнне не становіцца больш цяжкіх ад аднаго выпадку да другога і трэцяга. То чаму спачатку адміністратыўка, а потым крыміналка?

Гэтая даўняя навуковая дыскусія. У абодвух пунктаў гледзішча ёсць свае прыхільнікі. Ёсць вядомы выраз, што са ста котак нельга сабраць тыгра. Ёсць меркаванне, што парушаецца прынцып двайнога пакарання за адно і тое ж правапарушэнне.

Але з іншага боку існуюць меркаванні, што само парушэнне цяжкасць не змяніла, але калі яно здзейснена адным і тым жа чалавекам, тым самым набывае грамадскую небяспеку. У нас існуе, напрыклад, артыкул 317 КК «Кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення». Першы пратакол — гэта адміністратыўнае парушэнне, а другое — крымінальнае.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства