viasna on patreon

Паліна Шарэнда-Панасюк: «Гэта не абвінавачванне, гэта палітычна матываваны пераслед»

2021 2021-06-07T18:17:08+0300 2021-06-07T18:19:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sharenda-panasiuk-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Паліна Шарэнда-Панасюк 

Паліна Шарэнда-Панасюк 

Сёмага чэрвеня у судзе Маскоўскага раёна Брэста пачаўся працэс па справе Паліны Шарэнда-Панасюк, актывісткі Еўрапейскай Беларусі, перадае "Наша ніва". 

Справу разглядае суддзя Брэган, дзяржабвінавачанне падтрымлівае Купрэньчык.

Прыкладна палова з тых, хто прыйшоў падтрымаць Паліну, не змаглі трапіць у залу суда — не хапіла месцаў. Праўда, сваякоў пусцілі. Падтрымаць жонку прыйшоў яе муж Андрэй, які знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Яе судзяць паводле арт. 364 КК, арт. 368 КК і арт. 369 КК.

Пацярпелымі па справе праходзяць аж 7 міліцыянтаў.

«Заяўляю адвод усёй сістэме»

«Устаньце, калі ласка», — заклікалі ўсіх, калі ў залу ўвайшоў суддзя.

«Перад бандытамі не ўстаю», — адказала абвінавачаная. 

«Мусіце даваць паказанні стоячы, інакш я магу вас выдаліць», — папярэдзіў суддзя.

Пасля гэтага жанчына ўсё ж устала.

«З якога дня пад вартай?», — спытаў суддзя.

«Захопленая ў палон 3 студзеня», — адказала жанчына. 

Увогуле яна не столькі адказвала на пытанні, колькі абуралася тым, што адбываецца і сітуацыяй у краіне.

«Я вас не лічу судом. Палітычныя рэпрэсіі нічога агульнага з судом не маюць», — неаднаразова паўтарыла яна.

«Хочаце заявіць адвод саставу суда?» — спытаў суддзя ў Паліны.

«Вы не суд».

«Па якіх прычынах?»

«Сталінская тройка, палявая жандармерыя, але вы не суд».

«Вы заяўляеце мне адвод?» — спытаў суддзя.

«Заяўляю ўсёй сістэме», — быў адказ. Пасля Шарэнда-Панасюк яшчэ некалькі разоў паўтарыла — вы не суд. І дадала: «Я ўстаю толькі таму, што да мяне могуць прымяніць гвалт, як яго прымянялі ў СІЗА».

Пасля суддзя выйшаў, каб прыняць рашэнне аб адводзе самога сябе. Вынік чаканы — хадайніцтва аб адводзе адхіліць. Адвакат папрасіў змяніць Паліне меру стрымання на падпіску аб нявыездзе. Пракурор не падтрымаў. Суддзя адхіліў гэтае хадайніцтва.

У моманты, калі да яе персанальна не звярталіся, Паліна паказальна чытала нейкую кніжку.

«Гэта не абвінавачванне, гэта палітычна матываваны пераслед»

Згодна з абвінавачаннем, 29 снежня, маючы намер наўмысна абразіць двух міліцыянтаў патрульна-паставой службы, жанчына размясціла ў тэлеграм-канале «Брэст: чуткі і факты» відэаролік, дзе з мацюкамі называла двух міліцыянтаў карнікамі і фашыстамі.

Гэтае відэа яна зняла падчас затрымання яе мужа 29 снежня 2020 года.

Таксама трэцяга студзеня 2021 года падчас агляду жылля жанчына абразіла чацвярых міліцыянтаў. Некаторыя абразы пракурор зачытаў, цэнзуруючы мацюкі: «міліцыя, ідзіце на х…», «прастытуткі», «курвы», «пайшоў на х… са сваімі следчымі дзеяннямі», «бандыты бандыцтвуюць» і гэтак далей.

Акрамя таго, падчас агляду Шарэнда-Панасюк плюнула ў твар аднаму з сілавікоў — Кірылаву — і выказала яму: «лукашысты чортавы». Затым нанесла сілавіку ўдар у вобласць левага пляча. Там жа іншаму міліцыянту сарвала маску з твара, падрапаўшы твар каля носа. Яму ж сказала: «с…ка лукашысцкая!» Там жа выказвала ў адрас прэзідэнта абразы з выкарыстаннем нецэнзурнай лексікі.

«Зразумела вам абвінавачванне?» — спытаў суддзя.

«Гэта не абвінавачванне, гэта палітычна матываваны пераслед», — сказала Шарэнда-Панасюк. Пасля замест адказу пачала зачытваць маніфест: народ — суверэн, ён выбраў кіраўніком дзяржавы Ціханоўскую. У Беларусі развязаная вайна супраць народа, масачны рэжым выкарыстоўваецца бандытамі для ананімізацыі…

«Віну прызнаёце?» — спытаў суддзя.

«Падкрэсліваю, тое, што я тут знаходжуся, гэта палітычна матываваны пераслед. Гэта крымінальная справа, у якой пасля вас абвінавацяць. Вы ўдзельнічаеце ў палітычных рэпрэсіях», — сказала Паліна.

«Вы прызнаеце віну?»

«А вы прызнаеце, што ўдзельнічаеце ў палітычных рэпрэсіях?»

«Пытанні суду не задаюць. Вінаватай сябе не прызнаеце?» — яшчэ раз спытаў суддзя.

«Даць адпор бандыту — гонар і абавязак грамадзяніна, — адказала Шарэнда-Панасюк. — Я не абвінавачваная, я палітзняволеная. Патрабую спыніць гэты цырк».

«Абвінавачаная абражала міліцыянтаў агулам і канкрэтна прысутных»

Затым дапыталі пацярпелых міліцыянтаў. Участковая Юлія Ракіцянская распавяла пра дзень, калі ў кватэры Шарэнды-Панасюк праводзілі агляд.

«Добраахвотна яна адкрываць кватэру не захацела, заявіўшы: «Міліцыя, ідзіце нахер!» — узгадала пацярпелая. — Пасля ўзламалі дзверы і ўвайшлі. Абвінавачаная абражала міліцыянтаў агулам і канкрэтна прысутных. У адзін з момантаў падыйшла да амапаўца і плюнула таму ў твар, трапіўшы на каўнер. Іншы зрабіў заўвагу, абвінавачаная садрала з яго твара маску, падрапаўшы нос з левага боку. Іншы міліцыянт перахапіў ёй руку і сказаў: «асцярожней з рукамі!» У адказ абвінавачаная нанесла міліцыянту выпад другой рукой у вобласць твару. Пасля гэтага на яе адзелі кайданкі».

Участковая пацвердзіла, што Шарэнда-Панасюк неаднаразова выказвала абразы ў адрас Аляксандра Лукашэнкі ў нецэнзурнай форме. На заўвагі не рэагавала. Іншыя пацярпелыя фактычна распавялі тое ж самае: выказвала абразы, паводзіла сябе агрэсіўна, не рэагавала на заўвагі. «Як толькі нейкую гадасць зробіць, адразу дзіця ў рукі бярэ — прыкрываецца», — распавёў адзін з пацярпелых. У аддзяленні міліцыі Шарэнда-Панасюк ад тлумачэнняў адмовілася, замест подпісу напісала: «факт палітычных рэпрэсій пацвярджаю».

Калі суддзя цікавіўся, ці ёсць пытанні ў абвінавачваннай, яна адказвала чарговай прамовай пра фальсіфікацыю выбараў.

Амапавец, які стаў ахвяраў пляўка ў твар, даваў паказанні па аўдыясувязі. Цікава, што яго голас сказілі не да брутальнага гула, як гэта любяць рабіць у сваіх відэа сілавікі, а наадварот, голас быў падобны на мульцяшны — нібыта амапавец надыхаўся геліем з паветраных шарыкаў.

Гэты сілавік пацвердзіў словы іншых пацярпелых: не хацела адкрываць дзверы, іх узламалі, пасля з бок Шарэнды-Панасюк пачаліся крыкі, абразы. 

«Падышла да мяне, пачала абражаць, плюнула ў мяне. Я ўвярнуўся, трапіла мне ў плячо і трохі ў твар. Таксама яна ўдарыла мяне ў плячо», — распавёў нябачны амапавец.

Ён заявіў пазоў на 2000 рублёў. 

«Чым матываваны ваш пазоў?»

«Яна прынізіла мяне, плюнула мне ў твар», — патлумачыў той.

Дапыталі і міліцыянтаў, які пацярпелі ад выкладвання вдэароліка з абразамі. Адзін з іх распавёў: у той дзень ён з калегам затрымліваў Андрэя Шарэнду. Той ішоў з сынам. Папрасіў адвесці сына дадому, міліцыянты не дазволілі, маўляў, пазвані жонцы, хай выйдзе. Яна выйшла адразу з тэлефонам і пачала здымаць відэа, паліваючы міліцыянтаў абразамі. Неўзабаве гэтае відэа аказалася ў інтэрнэце. Гэты ж пацярпелы падаў пазоў: 1500 рублёў. Кажа, што паказаў ролік жонцы, тая сказала: гэта абраза, яна абражае цябе і сям’ю. 

«Стрэс перажыў не толькі я, але і мая сям’я», — сказаў пацярпелы.

«Прызнаеце пазоў?» — спытаў суддзя Шарэнду-Панасюк.

«Магу толькі павіншаваць гэтых двух мужчын са спосабам, які яны выбралі, каб карміць сям’ю, — адказала тая. — Грошы з мяне спагоняць, вы атрымаеце гэтыя 30 срэбрэнікаў, але яны не прынясуць вам шчасця, узгадайце, як скончыў Іуда».

«Прызнаеце пазоў?» — перапытаў суддзя.

«Не. Гэта не пазоў, гэта рабаўніцтва».

Другі міліцыянт-пэпээснік пацвердзіў словы свайго калегі: абвінавачаная абражала іх, называла Фашыст №1 і Фашыст №2. Ён таксама заявіў пазоў на 1500 рублёў, бо перанёс «маральныя пакуты, [абвінавачаная] прынізіла мае гонар і годнасць сваімі словамі і відэаролікам».

«Абвінавачваная, пазоў прызнаёце?» — спытаў суддзя.

«Дзякую міжнароднай супольнасці за ўвядзенне санкцый супраць рэжыма Лукашэнкі і заклікаю да міжнароднага трыбунала!» — сказала Шарэнда-Панасюк.

«Жанчына паводзіла сябе з выклікам»

Пасля дапыталі сведкаў, адзін з іх — міліцыянт — распавёў, што ўбачыў відэа з абразамі ў тэлеграм-канале. Другі сведка, рабочы рэстарана, быў панятым падчас правядзення агляду ў кватэры Паліны і Андрэя. 

«Жанчына паводзіла сябе з выклікам, абражала па-ўсякаму, у аднаго з амапаўцаў плюнула, другому падрапала нос», — коратка распавёў ён. Пацвердзіў, што абвінавачваная выказвала абразы ў адрас прэзідэнта.

«Жахлівыя агрэсіўныя паводзіны, яшчэ і пра малым дзіцяці», — ахарактарызаваў падзеі сведка.

«Абвінавачаная, ці ёсць пытанні?»

«Вам не сорамна?» — пацікавілася Шарэнда-Панасюк у суддзі.

«Вы не можаце задаваць пытанні суду. Пытанні да сведкі?»

«Вам не сорамна?» — спытала Паліна ў сведкі.

«Пытанне здымаецца».

«Сумленне ёсць?»

«Пытанне здымаецца».

«Як у вочы сваякам будзеце глядзець?»

Суддзя зняў і гэтае пытанне.

«Хачу падзякаваць усім людзям, якія прыйшлі мяне падтрымаць, а таксама тым, каго спецыяльна не пускаюць у гэтую залю, — сказала Паліна ў адказ на пытанне аб хадайніцтвах. — Хачу падзякаваць усім, хто дасылаў мне лісты: на жаль, палітыка злачыннага рэжыму такая, што яны абмяжоўваюць палітзняволеных ва ўсім: яны абмежавалі тэлевізары, забралі ўсе кніжкі і газеты. Лісты таксама не даходзяць. Але я заклікаю вас пісаць гэтыя лісты: яны ўсё адно паказваюць рэжыму нашыя падтрымку і салідарнасць».

Паліна Шарэнда-Панасюк адмовілася даваць паказанні як у судзе, так і падчас следства. Прытым яна яшчэ раз падкрэсліла, што не лічыць судом тое, што сёння адбывалася ў залі суда.

«Я буду даваць паказанні толькі ў Міжнародным трыбунале па злачынствах Лукашэнкі», — сказала яна.

Матэрыял будзе дапаўняцца.


Нагадаем, Паліна Шарэнда-Панасюк за кратамі з пачатку студзеня. Сілавікі выламалі дзверы ў яе кватэры, правялі агляд, сканфіскавалі шэраг рэчаў, а Паліну затрымалі і ў кайданках адвезлі ў ІЧУ. Пазней яе перавялі ў СІЗА. 

Падчас зняволення жанчыну некалькі разоў змяшчалі ў карцар, яна скардзілася на псіхалагічны і фізічны ціск.

Яе муж Андрэй Панасюк адседзеў больш за 60 сутак, нават новы 2021 год сустракаў за кратамі. Цяпер ён пад хатнім арыштам, на яго завялі справу па арт. 368 КК і арт. 361 КК

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства