viasna on patreon

Яшчэ дзевяць палітвязняў атрымалі падтрымку еўрапейскіх "хросных"

2021 2021-06-07T14:25:33+0300 2021-06-07T15:36:48+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sean_kelly.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Да кампаніі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі #WeStandBYyou, арганізаванай швейцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыяй Libereco, далучыліся яшчэ дзевяць дэпутатаў з парламентаў еўрапейскіх краінаў, а таксама прадстаўнікі Еўрапейскага парламента. Сімвалічныя “хросныя” выступілі ў падтрымку Аляксандра Целешмана, Алеся Пушкіна, Арцёма Мядзведскага, Аляксея Раманава, Аляксея Самусенкі, Сяргея Ярашэвіча, Мікіты Літвіненкі, Мікалая Малюты, Рамана Сідзюка.

jakop_dalunde.jpg

Дэпутат Еўрапарламента Якап Далундэ стаў “хросным” Аляксандра Целяшмана.

“Я патрабую неадкладнага вызвалення Аляксандра Целяшмана і ўсіх іншых палітычных зняволеных у Беларусі. Адкрытае ігнараванне правоў Аляксандра як непаўналетняга падчас першага затрымання выклікае асаблівае абурэнне”, — сказаў ён.

Дэпутатка шведскага парламента Каміла Хансэн стал “хроснай” Алеся Пушкіна.

“Я рашуча асуджаю арышт Алеся Пушкіна. Беларусь павінна неадкладна спыніць парушэнні асноўных правоў сваіх грамадзян на свабоду меркаванняў і свабоду выказвання меркаванняў ва ўсіх аспектах, уключаючы мастацкае выказванне”, — заявіла яна.

Дэпутат Еўрапарламента Шон Келі падтрымаў Арцёма Мядзведскага.

“Я падтрымліваю 23-гадовага Арцёма Мядзведскага, які быў асуджаны на тры гады абмежавання волі. Ён адзін з многіх мірных дэманстрантаў, якія ўтрымліваюцца ў турмах за рэалізацыю свайго права ўдзельнічаць у мірных сходах, выказваць свае меркаванні і ўдзельнічаць у палітычнай дзейнасці”, — заявіў спадар Келі з гэтай нагоды.

Дэпутат Брытанскай Палаты абшчын і лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сэр Эдвард Дэві ўзяў на сябе абавязкі “хроснага” Аляксея Раманава.

“Я і мая партыя заклікаем урад Беларусі ўстрымацца ад далейшага гвалту і паважаць асноўныя правы чалавека беларускага народа”, — сказаў ён.

Джо О'Райлі, намеснік старшыні Ірландскага сената і сябра ірландскай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, стаў “хросным” Аляксея Самусенкі.

“Я ганаруся тым, што магу падтрымаць Аляксея Самусенку, якога несправядліва пазбавілі волі за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту ў Беларусі. Права на мірны пратэст – асноўны прынцып любога цывілізаванага грамадства”, — заявіў дэпутат.

sean-sherlock.jpg

“Хросным” Сяргея Ярашэвіча стаў дэпутат ірландскага парламента Шон Шэрлак.

“Я заклікаю неадкладна вызваліць Сяргея Ярашэвіча, які знаходзіцца ў турме з 2 кастрычніка 2020 года за ўдзел у мірнай дэманстрацыі. Ягоная жонка Антаніна Канавалава, актывістка штаба Святланы Ціханоўскай, таксама з'яўляецца палітзняволнай. Палітычна матываваны пераслед гэтай сям'і павінен скончыцца, як і запалохванне праваабаронцаў “Вясны”, — адзначыў спадар Шэрлак.

Дэпутат Бундэстага Германіі Томас Эрндль стаў “хросным” Мікіты Літвіненкі.

“Абуральным з’яўляецца той факт, што аўтакрат і дэспат прыгнятае свой народ непасрэдна побач з ЕС. Я патрабую неадкладнага вызвалення Мікіты і ўсіх палітвязняў! #WeStandBYyou!” — сказаў ён.

volker-ullrich.jpg

Дэпутат Бундэстага Фолькер Ульрых падтрымаў Мікалая Малюту.

“Мікалай Малюта прыняў удзел у мірнай дэманстрацыі. Беручы на сябе абавязкі яго “хроснага”, я патрабую яго неадкладнага вызвалення”, — заявіў дэпутат.

Дэпутат Еўрапарламента Ханэс Хайдэ будзе “хросным” Рамана Сідзюка.

“Жорсткае абыходжанне з мірнымі дэманстрантамі паказвае, наколькі беларускі ўрад адышоў ад дэмакратыі і вяршэнства закона! Я патрабую неадкладнага вызвалення Рамана Сідзюка і ўсіх астатніх палітвязняў у Беларусі!” — заявіў спадар Хайдэ з гэтай нагоды.


Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. 

Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства