viasna on patreon

"Праблема ўва мне, калі ўвесь свет супраць мяне. Я так разумею". У Мастах судзяць мужчыну за рэпосты карыкатураў на Лукашэнку

2021 2021-06-04T21:58:13+0300 2021-06-07T23:19:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/repost_tg_sud0.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Карыкатуры, рэпост якіх зрабіў абвінавачаны

Карыкатуры, рэпост якіх зрабіў абвінавачаны

У судзе Мастоўскага раёна 4 чэрвеня пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Сяргея Бурака, якога абвінавачваюць у абразе прэзідэнта (арт. 368 КК) і здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК).

Справу вядзе суддзя Віталь Сініла, бок дзяржабвінавачання падтрымлівае Міхаіл Разуваеў.

Паводле абвінавачвання, Сяргей Бурак у перыяд часу з 10 верасня па 8 снежня 2020 года, знаходзячыся па месцы жыхарства і ў адміністрацыйным будынку Мастоўскага РЭС, выкарыстоўваючы ў якасці прылады здзяйснення злачынства мабільны тэлефон, які належыць яму, размяшчаў у тэлеграм-канале "Масты для жыцця чат" пад псеўданімам "Сяргей" створаныя іншымі карыстальнікамі паведамленні з выявай А. Р. Лукашэнкі і тэкстам, якія змяшчаюць яго абразу.

Следствам устаноўлена мноства такіх рэпосты. У большасці выпадкаў, яны уяўлялі сабой "палікодавы тэкст, што складаецца з вербальнага і невербальнага кампанентаў, якія ўтвараюць адно візуальнае структурна-сэнсавае цэлае", напрыклад:  

"невербальная частка ўяўляе сабой статычны малюнак асобы мужчынскага і жаночага полу, а таксама асобы, намаляванай са спіны. Вербальны кампанент – пісьмовы тэкст "Лідка, Канстытуцыю перадай. В. В. Шульжэнка "Інаўгурацыя" 2020";

"палікодавы тэкст, які складаецца з невербальнага кампанента – статычнага малюнка асобы мужчынскага полу, і вербальнага кампанента – пісьмовага тэксту "Вусатая шмара хутка здохне»;

"палікодавы тэкст, які складаецца з невербальнага кампанента – статычнага малюнка галавы малпы і цела чалавека мужчынскага полу, і вербальнага кампанента – пісьмовага тэксту "У сям'і не без вырадка".

Гэтыя дзеянні Сяргея Бурака кваліфікаваныя па арт. 368 Крымінальнага кодэксу – "Абраза прэзідэнта".

Таксама мужчыну абвінавачваюць у тым, што ён 21 лістапада 2020 года ў тэлеграм-канале "Масты для жыцця чат" размясціў паведамленне з выявай нацысцкай свастыкі, якая складаецца з элементаў дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, чым "прадэманстраваў абразлівае і блюзнерскае стаўленне да дзяржаўнай сімволікі, г.зн. здзекаваўся над дзяржаўным сцягам" (арт. 370 КК).

Сяргей Бурак сваю віну не прызнаў. Суду растлумачыў, што сам не ствараў карыкатуры, а рабіў толькі рэпосты – знаходзіў у сетцы Інтэрнэт выявы, створаныя іншымі асобамі, і "перадрукоўваў" іх. Не лічыць зробленыя публікацыі абразай.  

Не памятае, каб размяшчаў сцяг са свастыкай. Аднак на стадыі следства казаў пад ціскам інакш.

Суддзя ўдакладніў, які канкрэтна ціск аказвалі. Дзяржабвінаваўца сказаў, што трэба было пісаць заяву на службовую асобу, што аказвала ціск. Ён таксама ўдакладняе, хто і які аказваў ціск на абвінавачанага.

Сяргей Бурак: Псіхалагічны ціск.

Дзяржабвінаваўца: Следчы?

С.Б.: Магчыма.

Г.: Што значыць магчыма? Навошта вы тады заяўляеце пра гэта? Адкажыце, хто.

С.Б.: Для мяне наступствы будуць нядобрыя, калі я гэта скажу, таму што ўсіх запалохалі. Я баюся гэта сказаць.

Г.: Хто каго запалохаў? Дапусцім мяне ніхто не палохаў.

С.Б.: Мяне палохалі. І не толькі мяне. Я адмаўляюся адказваць на гэтае пытанне. Сцяг гэты не размяшчаў.

Абвінавачаны сказаў, што не разумеў, што размяшчае нешта абразлівае, лічыў ілюстрацыі – сяброўскім шаржам:

"Раней часопіс "Кракадзіл" быў, там усё друкавалі, і гэта было ўсё легальна".

repost_tg_sud1.jpg

Дзяржабвінавачанне лічыць, што шарж падразумявае гумар.  

- У чым тут гумар і сатыра? Калі б вас таксама назвалі "вусатай шмарай", вы б не абразіліся?

- Я б задумаўся, калі б усе пра мяне так сказалі. Я самакрытычны. Калі б на мяне так сказалі, я б шукаў праблему ў сабе, значыць, нешта не так са мной. Праблема ўва мне, калі ўвесь свет супраць мяне. Я так разумею гэта.

- Давайце такі прыклад: вы размясцілі статычную выяву асобаў у форменным абмундзіраванні з тэкстам "Беларусь, 21 стагоддзе: АМАП заганяе працоўных на заводы". Дзе вы бачылі, каб АМАП заганяў рабочых на завод? Вы гэта бачылі? У чым тут гумар выяўляецца? Сатыра тут якая?

- Чуткамі поўніцца зямля. Усё заснавана на размовах з сябрамі, якія распавядалі, што бачылі.

- Можаце назваць іх?

- Не, не магу.

Міхаіл Разуваеў спрабаваў дамагчыся ад абвінавачанага тлумачэнняў і па іншым рэпосце.

- Ну вось, возьмем яшчэ адно паведамленне з выявай прэзідэнта і малпы і подпісам "У сям'і не без вырадка". А тут што?

- Сяброўскі шарж.

- Ён вам сябар? Ці вы яму сябар?

- Вы пра малпу?

- І пра малпу, і пра прэзідэнта.

- Тады проста шарж.

- Гэта значыць, вы не лічыце гэта абразай?

- Я не лічу.

У судзе быў дапытаны ў якасці сведкі оперупаўнаважаны Мастоўскага РАУС Павел Сівец. Ён сказаў, што было выяўлена каля 400 паведамленняў, размешчаных Сяргеем Бураком.

Абвінавачаны удакладніў, чаму падчас ператрусу панятыя былі "з бадуна і з фінгалам", чаму не прывялі суседзяў, калі аб гэтым прасілі. На гэта сведка адказаў: хто згаджаецца - таго і прыводзяць.

У спрэчках бакоў дзяржабвінаваўца запрасіў па двух прад'яўленых артыкулах абвінавачвання прызначыць для Сяргея Бурака пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 2 гады. Довады пра ціск на абвінавачанага лічыць галаслоўнымі і нічым не пацверджанымі.  

Міхаіл Разуваеў заявіў, што гэта не першая крымінальная справа, звязаная з электаральнай і постэлектаральнай кампаніяй і разгледжаная судом Мастоўскага раёна:

"Ужо не першы раз пераконваемся, што там [у "дэструктыўных" тэлеграм-каналах - заўв. рэд.] размяшчаюцца звесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці.

Такія грамадзяне, як Бурак, іх перадрукоўваюць, ствараючы ўмовы для нагнятання абстаноўкі, звязанай з выбарамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь".

Суд агучыць рашэнне 7 чэрвеня ў 15.30.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства