viasna on patreon

Еўрапейскія парламентарыі працягваюць падтрымліваць беларускіх палітвязняў

2021 2021-06-04T18:48:57+0300 2023-07-27T14:55:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/jennifer_carroll_macneill.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Да кампаніі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі #WeStandBYyou, арганізаванай швейцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыяй Libereco, далучыліся новыя дэпутаты парламентаў еўрапейскіх краінаў, а таксама прадстаўнікі Еўрапейскага парламента. “Хросныя” з’явіліся ў Рамана Пратасевіча, Ігара Поварава, Канстанціна Свідуновіча, Дар'і Данілавай, Сафіі Сапегі, Сафіі Малашэвіч, Віталя Прохарава, Антона Лакішыка, Данііла Богната і Аляксандра Баброва.

Дэпутат Бундэстагу і былы шматгадовы лідар “Альянсу 90/Зялёныя” Джэм Эздэмір

Джэм Эздэмір, былы старшыня Саюза “90/Зялёныя” і цяперашні старшыня Камітэта па транспарце і лічбавай інфраструктуры ў Бундэстагу, стаў “хросным” блогера і журналіста Рамана Пратасевіча.

“Выкраданне і палітычнае зняволенне Рамана Пратасевіча – гэта акт дзяржаўнага тэрору і наступ на нашы еўрапейскія каштоўнасці. Я рашуча вітаю новыя санкцыі супраць Беларусі. Я патрабую неадкладнага вызвалення Рамана Пратасевіча і яго дзяўчыны Сафіі Сапегі. Федэральны ўрад Германіі павінен актыўна патрабаваць іх вызвалення і вызвалення іншых палітычных зняволеных у Беларусі. Відэа з прызнаннямі, якое, як мяркуецца, было запісана ў выніку катаванняў, выклікае вялікую трывогу і паказвае, што Лукашэнку напляваць на правы чалавека і свабоду прэсы”, — заявіў палітык.

james-lawless.jpg

Джэймс Лолес, старшыня камітэта юстыцыі парламента Ірландыі, падтрымаў Ігара Поварава.

“Я патрабую вызвалення Ігара Поварава. Ірландыя не забываецца на Беларусь і ўсіх, хто змагаецца за аднаўленне дэмакратыі. Напад на аднаго – гэта напад на ўсіх нас. Гэта павінна скончыцца зараз”, — сказаў дэпутат у сваім звароце.

Дэпутатка брытанскага парламента Тоня Антаняцы “ўсынавіла” Канстанціна Свідуновіча.

“Вельмі важна, каб парламентарыі па ўсёй Еўропе працягвалі патрабаваць вызвалення зняволеных, якія незаконна ўтрымліваюцца. Я падтрымліваю гэтых зняволеных і маю гонар стаць “хроснай” Канстанціна Свідуновіча. Канстанцін знаходзіцца ў зняволенні з 24 сакавіка 2021 года, за ўдзел у “справе карагодаў”, распачатай пасля акцыі пратэсту 13 верасня 2020 года ў Брэсце. Сход людзей, якія мірна спявалі і танчылі, быў разагнаны вадамётам, і дзясяткі былі затрыманыя. Ён не ўяўляў пагрозы нацыянальнай альбо грамадскай бяспецы. Супраць людзей быў ужыты непрапарцыйны гвалт. Свабода мірных сходаў – гэта права чалавека, і я асуджаю палітыку Беларусі, якую неабходна ачысціць і рэфармаваць у кантэксце прэзідэнцкіх выбараў, якія не лічыліся адкрытымі і сумленнымі”, — сказала яна.

jasper-van-dijk.jpeg

Дэпутат нідэрландскага парламента Яспер ван Дайк падтрымаў Дар'ю Данілаву.

“Я рашуча асуджаю затрыманне Дар'і Данілавай. Я патрабую неадкладнага вызвалення яе і ўсіх астатніх палітвязняў у Беларусі. Вызваліце яе!”, — напісаў сп. ван Дайк.

helene-bjoerklund.jpg

Дэпутатка шведскага Рыксдага Хелен Б'ёрклунд стала “хроснай” Сафіі Сапегі.

“Тут, у Швецыі, ад якой так блізка да Беларусі, я здзіўленая негатыўным развіццём падзей у Беларусі. Я звяртаюся да рэжыму з просьбай спыніць пераслед і пазбаўленне волі звычайных людзей, якія проста хочуць жыць у дэмакратычнай і адкрытай краіне. Сафія Сапега – маладая студэнтка, якая знаходзілася на борце самалёта, які вымушаны быў прызямліцца (у Мінску – заўв. рэд.). Я патрабую, каб яе вызвалілі. Маладыя людзі павінны самаадукоўвацца, танчыць, кахаць і жыць свабодна. Іх нельга садажаць ў турму без аніякага злачынства”, — сказала яна.

Дэпутат Еўрапарламента Эвелін Гебхардт стала “хроснай” Сафіі Малашэвіч.

“Сярод палітвязняў – Сафія Малашэвіч, якую затрымалі, калі ёй было ўсяго 18 гадоў, і цяпер яна знаходзіцца ў турме з лістапада 2020 года. Каб выказаць сваю салідарнасць з апазіцыйным рухам, я хачу стаць “хроснай” Сафіі. Гэта маладая дзяўчына, якая мужна выступае за мірнае і дэмакратычнае грамадства ў Беларусі і павінна плаціць за гэта ўласнай свабодай. Я заклікаю Аляксандра Лукашэнку: Неадкладна вызваліце ​​Сафію і сотні іншых палітвязняў! Народ Беларусі змагаецца за дэмакратыю і свабоду. Час прыгнёту павінен скончыцца!”, — заявіла спн. Гебхардт.

stephanie_krisper.jpg

Дэпутатка Аўстрыйскай нацыянальнай рады Штэфані Крыспер падтрымала Віталя Прохарава.

“Віталю Прохараву было ўсяго 17 гадоў, калі ён быў асуджаны на два гады калоніі. Ніводзін малады чалавек не павінен садзіцца ў турму за супрацьстаянне дыктатарскай сістэме, якая крадзе іх будучыню. Ні адна маладая асоба ў свеце не павінна падвяргацца такому абыходжанню! Чалавек, які быў незаконна зняволены, павінен адчуваць, што ён не адзін. І што людзі змагаюцца з несправядлівасцю, якую ён ці яна пацярпелі, і стаяць побач з ім. Віталь Прохараў, я хачу зрабіць гэта для вас”, — сказала дэпутатка.

rachel-hopkins.jpeg

Дэпутатка Палаты абшчын Рэйчал Хопкінс будзе “хроснай” Антона Лакішыка.

“Я падтрымліваю Антона Лакішыка, якога асудзілі на тры гады за нібыта напад на амапаўца, які не пацярпеў і не звяртаўся па медыцынскую дапамогу. Улады Беларусі павінны вызваліць Антона і іншых, якія былі асуджаныя за барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі”, — заявіла яна.

Джэніфер Кэрал Мак-Ніл, дэпутатка Дойл Эрен, ніжняй палата парламента Ірландскай Рэспублікі, “усынавіла” Данііла Богната.

“Я заклікаю Лукашэнку вызваліць усіх беларускіх палітвязняў. Яны маюць поўнае права выступаць супраць аўтарытарызму”, — напісала яна.

daniela_kolbe.jpeg

Дэпутатка Бундэстага Даніэла Кольбэ стала “хроснай” Аляксандра Баброва. З нагоды свайго рашэння спадарыня Кольбэ адзначыла:

“Справа Пратасевіча паказвае, наколькі нядобрасумленна дзейнічае рэжым у Беларусі. Яшчэ больш важна салідарызавацца з многімі палітвязнямі ў краіне і змагацца за іх вызваленне! Таму сёння я напісала ліст Аляксандру Баброву, які апынуўся ў турме ў выніку страйку. #WeStandBYyou”.


Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. 

Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства