viasna on patreon

Затрыманні ў Жлобіне, фінансавая міліцыя ў Дудзінскага. Хроніка пераследу другога чэрвеня Дапоўнена

2021 2021-06-02T21:56:00+0300 2021-06-03T11:40:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dudzinsky_raeckaja.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" другога чэрвеня працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. Грамадзян забіраюць з дома, затрымліваюць на працы і на вуліцы, адбываюцца ператрусы і допыты, заводзяцца новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Мінск

Зранку да вядучага і шоўмэна Дзяніса Дудзінскага і яго жонкі піяр-мэнэджэркі Кацярыны Раецкай прыйшлі прадстаўнікі фінансавай міліцыі. У прэс-службе КДК паведамілі, што ў дачыненні да Дзяніса Дудзінскага органамі фінансавых расследаванняў праводзяцца праверачныя мерапрыемствы па пытаннях падаткаабкладання.

Суседзі Дудзінскага распавялі TUT.BY, што прадстаўнікі праваахоўных органаў аглядалі кватэру ўважліва. З таго, што ведаюць суседзі, з кватэры забралі ноўтбук, тэлефоны Дзяніса і Кацярыны, а таксама тэчкі з дакументамі. "Дзяніс спакойна казаў, што ў іх усе выплачана, яму адказалі: "праверым", —  перадаюць агульны сэнс таго дыялогу суседзі.

З адвакатам Дзянісу Дудзінскаму звязацца не дазволілі. Затым, як разумеюць суседзі, Дзяніса і Кацярыну павезлі на іх другую кватэру.

dudzinsky_raeckaja.jpg
Дзяніс Дудзінскі і Кацярына Раецкая

Увечары Дудзінскі і Раецкая паведамілі, што знаходзяцца дома, але без сродкаў сувязі.


Стала вядома, што з вобшукам прыйшлі ў кватэру музыканта Аляксея Кузьміна, саліста гурта "Закон Гука". У двары яго дома ў Грушаўцы  стаіць сіні Форд Транзіт з АМАПам.


Праваабаронца Беларускага Хельсінкскага камітэта Гары Паганяйла выкліканы ў РУУС Цэнтральнага раёна Мінска трэцяга чэрвеня для дачы тлумачэнняў наконт інтэрв'ю рэсурсу Charter97.org, дзе ўзгадваецца Аляксандр Лукашэнка.

Па дадзеных тэлеграм-канала "Спіскі затрыманых", у Мінску былі затрыманы мінімум 13 чалавек:

  1. Бараноўская Людміла (ІЧУ на Акрэсціна)
  2. Броўка Сяргей Сяргеевіч (ІЧУ на Акрэсціна)
  3. Гацэлка Алена
  4. Ігісінава Ірына Мікалаеўна
  5. Кудзелка Павел (ІЧУ на Акрэсціна)
  6. Лукашук Ірына
  7. Матырка Максім Міхайлавіч (ІЧУ на Акрэсціна)
  8. Пажытак Дзмітрый Генадзевіч 
  9. Паплеўка Наталля Раманаўна
  10. Чарнушэвіч Мікалай Аляксандравіч (ІЧУ на Акрэсціна)
  11. Санкевіч Вадзім Аляксандравіч
  12. Драгун Яўген Алегавіч 
  13. Зікееў Аляксей Валер'евіч

Трое палітвязняў-палякаў вызвалены і знаходзяцца ў Польшчы

Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўская і Ганна Панішава, затрыманыя па "справе палякаў" па артыкуле 130 Крымінальнага кодэксу (Распальванне варожасці) знаходзяцца ў Польшчы з 25 траўня, піша "Радыё Свабода". Як паведаміла МЗС Польшчы, у выніку дзеяньняў польскіх дыпляматычных і консульскіх службаў 25 траўня 2021 года ў Польшчу прыехалі актывісткі польскай меншасьці з Беларусі Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўска і Ганна Панішэва. Гэтым людзям была аказана неабходная падтрымка і аказаны адпаведны догляд.

Магілёў

Журналіста і праваабаронцу Аляксандра Буракова, які толькі вызваліўся пасля 20-сутачнага арышту, выклікаюць у Следчы камітэт як сведку па крымінальнай справе, перадае Mayday. Следчы Уладзіслаў Каніла паведаміў па тэлефоне журналісту, які супрацоўнічае з Deutsche Welle, што хоча дапытаць яго па крымінальнай справе аб паклёпе (арт. 188 КК).

Вілейка

У Вілейцы была затрымана 72-гадовая Марына Яўгель. Падрабязнасці высвятляюцца.

Жлобін

Першага і другога чэрвеня ў Жлобіне прайшлі затрыманні. Спачатку на 72 гадзіны ў межах крымінальнай справы быў затрыманы Мікіта Круглік, работнік Жлобінскага вагоннага дэпо. Яго змясцілі ў ізалятар Жлобіна. Па папярэдняй інфармацыі, ён затрыманы за ўдзел у жнівеньскіх пратэстах. Па гэтай жа справе быў затрыманы яшчэ адзін хлопец, яго дадзеныя высвятляюцца.

zlobin_zatr02063.jpg
Затрыманыя па справе аб масавых беспарадках у Жлобіне. Мікіта Круглік злева

На наступны дзень быў затрыманы Мікалай Ісаенка. У жніўні мінулага года яго затрымлівалі і моцна збілі. З ЧМТ ён два тыдні ляжаў у шпіталі. Затым яго два разы выклікалі на допыты па крымінальных справах аб абразе сцяга і па масавых беспарадках. 

Будзе дапаўняцца

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства