viasna on patreon

Тры гады "хіміі" прызначаныя па чарговай справе па жнівеньскіх падзеях

2021 2021-06-01T10:46:14+0300 2021-06-01T11:11:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gagieu.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілля Гагіеў у судзе

Ілля Гагіеў у судзе

Суд Фрунзенскага раёна горада Менска вынес прысуд ў дачыненні да 21-гадовага Іллі Гагіева, якога прызналі вінаватым паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса РБ. Яго асудзілі да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову — "хіміі". Менавіта такое пакаранне запрошвала пракурор. Ілля Гагіеў вызвалены з-пад варты ў залі суда. Пазоў больш чым на 20 тысяч вылучаны ў асобную грамадзянскую вытворчасць.

Справу разгледзела суддзя Юлія Блізнюк, дзяржабвінавачанне прадстаўляла Аліна Касьянчык. У справе не было пацярпелых і сведак.

"Рухаўся, у тым ліку, у групавым скрыжаванні рук локцямі"

Іллю Гагіева прызналі вінаватым у тым, што з 16.00 дзявятага жніўня да 3.10 дзясятага жніўня 2020 года ён знаходзіўся на праезнай частцы праспекта Пераможцаў у горадзе Менску "ў мэтах выканання заклікаў да актыўнага ўдзелу ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, размешчаных у глабальнай кампутарнай сетцы інтэрнэт". Паводле абвінавачання, ён ведаў, што масавае мерапрыемства праводзіцца без падачы заявы аб яго правядзенні. Але каб публічна незаконнымі спосабамі выказаць свае грамадска-палітычныя погляды, "прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням улады". Гэта пацягнула за сабой парушэнне працы транспарту, бо Гагіеў "наўмысна перашкаджаў руху транспарту і нармальнаму функцыянаванню прадпрыемства".

Згодна з дадзенымі мабільнага аператара, ён знаходзіўся ў месцы здарэння не ў той час, які пазначаны ў абвінавачанні. Сам Ілля Гагіеў дакладна не памятаў час.

У Мінску пачалі разглядаць чарговую справу па жнівеньскіх падзеях

"Паддаўся эфекту натоўпу"

Паводле абвінавачання, Ілля Гагіеў публічна выкрыкваў лозунгі, рабіў гучныя воплескі рукамі, рухаўся па праезнай частцы дарогі праспекта Пераможцаў, блакаваў і перагароджваў шлях транспартных сродкаў.

Аналагічныя дзеянні абвінавачаны паўтарыў з 20.10 дзясятага жніўня да 1.50 адзінаццатага жніўня 2020 года. Ён "рухаўся па праезнай частцы дарогі, у тым ліку, у счэпцы локцямі, групавым скрыжаванні рук локцямі".

Фота:
Ілля — крайні злева

Пазоў — больш за 20 тысячаў

Да матэрыялаў справы была далучаная пазоўная заява аб кампенсацыі маёмаснай шкоды ў інтарэсах Мінсктранса: пазоў на суму 21 тысяча 830 рублёў 59 капеек, а таксама дзяржпошліну ў памеры адной тысячы 91 рубля і 58 капеек. Пазоў вылучаны ў асобную грамадзянскую вытворчасць.

Пазоў падтрымала юрысконсульт Мінсктранса Наталля Рубак. Яна адзначыла, што разлікі складзеныя сумесна з актам аб затрымцы руху. Гэта акт сведчыць аб тым, што за гэтую дату ва ўсім горадзе Менску ў асноўным праз несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы вымушаны прыпынак зрабіў шэраг транспарта: вуліцы і нумары маршрутаў пералічаныя ў акце. Акты складаюцца на падставе паказанняў сістэмы навігацыйнага забеспячэння: рух транспарта адсочваецца Цэнтрам кіравання рухам. Пад прыпынкам руху маецца на ўвазе не толькі "прастой" транспарта, але і пэўныя меры, якія даводзіцца прадпрымаць праз ягонае спыненне: напрыклад, пусціць аўтобус у аб'езд. 

Паводле гэтай справы складзеныя два акты за 9 і 10 жніўня наконт спынення ўсяго аб'ёму транспарта ў горадзе ў гэты дзень: калі судом будзе ўстаноўлены канкрэтны прамежак часу, калі па віне абвінавачанага адбыўся прыпынак транспарту, разлікі будуць удакладняцца.  

На прадпрыемстве ёсць распрацаваная методыка, на падставе якой вырабляюцца ўсе разлікі. Адзінкай вымярэння лічыца страта транспартнай працы ў машынамесца-кіламетрах. Яна вылічваецца шляхам множання страчаных рэйсаў на ёмістасць і сярэднюю працягласць маршрутаў у кіламетрах. Страта пераводзіцца ў рублі.  

"ВІну прызнаю"

Ілля Гагіеў адзначыў, што віну ў цэлым прызнае. Памер пазова прызнаў часткова — у якой ступені, адказаць не змог.

У апошнім слове Ілля Гагіеў сказаў:

"Я цалкам раскайваюся ў здзейсненым злачынстве, яшчэ раз прашу прабачэння ў грамадства. Я хачу, каб вы разумелі, што я не ўяўляю вялікую грамадскую небяспеку — гэта вельмі гучна сказана. Па законе яно так, але я лічу, гэта не так. І шчыра прашу прабачэння".


Ілля Гагіеў затрыманы 11 сакавіка. Малады чалавек са шматдзетнай сям'і: акрамя яго, у сям'і яшчэ трое дзяцей. Ягоная маці — ляжачы чалавек з інваліднасцю. За ёй даглядае 22-гадовая сястра Іллі, тады як ён — адзіны карміцель у сям'і: малодшыя браты, якім 18 і 16 гадоў, не працуюць. Ён на аматарскім узроўні займаецца валейболам, навучаўся кіраванню аўтамабілем, каб здаць на правы. Працадаўца на судзе даў маладому чалавеку добрую характарыстыку, сказаўшы, што пайшоў бы з ім у разведку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства