Што адбываецца ў працэсе над Таццянай Туравец, якую вінавацяць у гвалце да супрацоўнікаў міліцыі?
Суд Віцебскага раёну 24 траўня працягвае разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да жыхаркі пасёлку Ноўка Таццяны Туравец.
Артыкул 364 КК (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў УС), паводле якога абвінавачваюць Туравец, прадугледжвае да 6 гадоў пазбаўлення волі. Пацярпелымі ў справе праходзяць 4 міліцыянты, паведамляе "Віцебская Вясна".
Справу разглядае суддзя Наталля Траццякова. Дзяржабвінаваўца – Мікіта Раманоўскі.
На папярэднім пасяджэнні ў судзе ў якасці сведкі быў апытаны начальнік крымінальнага вышуку Віцебскага РАУС Віктар Драгацэнны. Ён пацвердзіў, што 9 лютага ягоныя падначаленыя Філіпенка і Старчанка бралі ўдзел у тэрміновых следчых дзеяннях паводле арт. 328 КК. Выязджалі па азначаным адрасе ў Ноўку і затрымлівалі Таццяну Туравец, якая не пагаджалася на правядзенне вобшуку.
Пасля расповеду Драгацэннага адвакатка задала некалькі пытанняў наконт затрымання Таццяны Туравец. Адно з іх тычылася неабходнасці тэрміновага затрымання гаспадыні дому да прыходу прадстаўніка сельскага выканкаму. Адказы Віктара Драгацэннага зводзіліся да таго, што ва ўсіх эпізодах дзеянні яго падначаленых не супярэчылі дзейнаму заканадаўству.
Сведка з боку абвінавачанай Туравец Марыя Волкава паведаміла суду, што ў тую ноч у яе быў дзень народзінаў, на якім прысутнічала дачка Таццяны Ангеліна Туравец, якую менавіта і расшуквалі сілавікі. Тэлефон дачкі быў адключаны, а міліцыянты сцвярджалі, што дачку затрымалі. Са словаў Волкавай, Таццяна была ўсхваляваная, казала, што невядомыя мужчыны пераконваюць яе, нібыта яны міліцыянты. Паведаміла, што ведае Таццяну толькі з добрага боку – як спакойнага і не канфліктнага чалавека.
«Укусіла міліцыянта за палец». У Віцебску пачаўся чарговы працэс за гвалт да супрацоўнікаў МУС
Што адбываецца ў працэсе над Таццянай Туравец, якую вінавацяць у гвалце да міліцыі?
Паседжанне 13 траўня праходзіла без удзелу пацярпелых міліцыянтаў Сергіенкі, Старчанкі, Шутава і Філіпенкі. На паседжанні даследаваліся матэрыялы справы, якая складаецца з трох тамоў. Агучваў іх пракурор Мікіта Раманоўскі.
Высветлілася, што ў матэрыялах справы маюцца медычныя дакументы, якія сведчаць, што ў Таццяны Туравец пасля затрымання былі выяўленыя пашкоджанні пляча.
«Міліцыянты пашкодзілі мне сухажыллі пляча, і я зараз праходжу лячэнне. І гэтыя факты пацвярджаюць тое, што на мяне было, па сутнасці, учыненае нападзенне», – заявіла Туравец, адказваючы на пытанні адвакаткі.
Абаронца Таццяны Туравец хадайнічала ў судзе аб правядзенні судова-крыміналістычнай экспертызы пальчатак міліцыянта Старчанкі, якія Туравец нібыта пракусіла. Бо ў агучаных матэрыялах справы маецца заключэнне эксперта, паводле якога на міліцэйскай пальчатцы быў выяўлены толькі прарыў па шве, але не пашкоджанні ад чалавечых зубоў. Суддзя Наталля Траццякова пастанавіла разгледзець пытанне аб заяўленым хадайніцтве пасля таго, як будуць атрыманыя вынікі таваразнаўчай экспертызы, на якую ўжо накіравалі пальчатку пацярпелага супрацоўніка Віцебскага РАУС Старчанкі. Ён хоча атрымаць за «пашкоджаную пальчатку» 50 рублёў кампенсацыі.
Інтарэсы Таццяны Туравец на судовае паседжанне 24 траўня прыйшла бараніць іншая адвакатка. Абаронца, якая прадстаўляла інтарэсы Туравец ад самага пачатку, адсутнічала ў сувязі з удзелам у іншым судовым працэсе, - піша "Віцебская Вясна".
На замену абаронцы Туравец не пагадзілася і хадайнічала перад судом аб пераносе паседжання на іншы час. Выказала жаданне працягнуць працэс з удзелам сваёй адвакаткі, з якой у яе заключаная пісьмовая дамова на адвакацкія паслугі.
Удзельнікі працэсу не пярэчылі, суддзя Наталля Траццякова хадайніцтва Таццяны Туравец задаволіла.
Наступны судовы працэс па справе мусіць адбыцца 26 траўня (пачатак у 10.30).