viasna on patreon

Справа Караткова: "Адзіны справядлівы прысуд для яго - гэта апраўданне"

2021 2021-05-24T15:50:50+0300 2021-05-24T15:56:17+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/karatkou-004.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксей Караткоў

Аляксей Караткоў

У судзе Першамайскага раёна Мінска 24 траўня пасля перапынку працягваецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да аднаго з распрацоўшчыкаў стартапа MakeML і палітзняволенага Аляксея Караткова.

Яго вінавацяць у навучанні ці іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо ў фінансаванні гэтай дзейнасці (частка 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса РБ), а таксама па артыкуле 342 КК РБ (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Справу разглядае суддзя Максім Трусевіч, дзяржабвінавачванне падтрымлівае пракурор Зубко.

Аляксей Караткоў быў затрыманы 27 жніўня на плошчы Незалежнасці каля Чырвонага касцёлу.

Спачатку Аляксея Караткова асудзілі на 8 сутак па артыкуле 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. 4 верасня пры вызваленні з Жодзіна мужчыну адразу затрымалі як падазраванага па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса.

Пазней Аляксею Караткову былі прад’яўленыя абвінавачванні. Да суда ён знаходзіўся ў СІЗА №1 Мінска.

На папярэднім судовым пасяджэнні 19 траўня суддзя Трусевіч прапанаваў правесці экспертызу iPhoneX Караткова. Па словах суддзі, трэба было зразумець, ці былі відэа і фота з тэлефона Аляксея створаныя ім самім, або кімсьці яшчэ і потым запампаваныя на мабільны абвінавачанага.

Справа Караткова: суд вырашыў адправіць тэлефон з ягоным голасам на экспертызу

Суддзя Трусевіч вынес рашэнне адправіць тэлефон стартапера і запіс з ягоным голасам на экспертызу. Увесь той час, пакуль працавалі эксперты, Аляксей правёў ў зняволенні.

Што паказала экспертыза?

Падобна, што экспертыза iPhone X Караткова не надта праліла свет на акалічнасці справы.

Па-першае, у памяці тэлефона знойдзеныя відэафайлы, а таксама некаторыя файлы (іх нумары), якіх выявіць не ўдалося. Прычым, некаторыя файлы маглі быць свораныя пад час знаходжання тэлефона на экспертызе, але як яны маглі з’явіцца – невядома.

Па другое, на знойдзеным відэа адсутнічае голас самога Аляксея Караткова, таму нельга дакладна казаць, што відэа ствараў непасрэдна абвінавачваны.

Пад час следства на допыце Караткоў сцвярджаў, што перадаваў некаму свой тэлефон, аднак на судзе адмовіўся нешта тлумачыць.

Пачаліся спрэчкі бакоў.

Нечакана пракурор адмовілася ад абвінавачвання па ч.3 арт. 293 КК (навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванне такой дзейнасці). Засталося абвінавачванне ў арганізацыі або актыўным ўдзеле у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК).

Падстаў не давяраць паказанням сведкі з ГУБАЗіКа няма.

Доказы: чацік, дзе ён арганізоўваў людзей на марш (нічога пра гвалт, дэструктыўныя дзеянні не было), паказанні сведкі, агляд месца здарэння, факты спынення грамадскага транспарту, відэзапісы з камер назірання.

Абвінавачванне просіць прызнаць Караткова вінаватым і прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на два гады.

Перад пачаткам суду над Каратковым. Фота: dev.by
Перад пачаткам суду над Каратковым. Фота: dev.by

Пазіцыя абароны: "Караткова судзяць не за ўчыненне злачынства, а за яго пазіцыю"

Адвакат кажа, што мяркуючы па словах пракурора, можна падумаць, што на лаве падсудных прафесійны рэвалюцыянер.

У судзе не знайшлося падцверджання здзяйснення злачынства па арт. 342, і ўвогуле адзначае, што гэты артыкул з'явіўся ў канцы следства (спачатку быў толькі арт. 293).

Відаць, 342 артыкул дадалі на выпадак, калі арт. 293 не пройдзе. Аднак і па другім артыкуле ніякіх доказаў віны Караткова не прадстаўлена. Прысуд не можа быць заснаваны на здагадках, калі эксперт не можа сцвярджаць, то гэта здагадка.

“Ні ў судзе доказаў не было, ні падчас следства не знайшлося нічога. Яго судзяць не за ўчыненне злачынства, а за яго пазіцыю. Але такога злачынства ў КК няма,” - заяўляе адвакат.

Абвінавачваны не адмаўляе, што быў на плошчы, але не было ні аднаго слова, што некаму перашкаджалі, некага спынялі. Сваю віну не прызнае, нічога падобнага не здзяйсняў.

Калі прыехалі супрацоўнікі ГУБАЗіК, то ён быў ужо затрыманы, кажа, што былі парушаныя працэдуры, калі з ім праводзілася гутарка, пад час якой ён нібыта “запалаў пачуццямі, растаяў і ўсё таму распавёў".

Наконт паведамленняў у чаце, Караткоў тлумачыць, што яны былі створаныя яшчэ да 8 жніўня і ніхто тады не ведаў, што пачнуцца нейкія хваляванні. Таму як заклікі іх успрымаць немагчыма.

Тэлефон не зарэгістраваны на Караткова, ён мог знаходзіцца ў іншых асоб, эксперт жа таксама не выключае, што відэафайлы маглі быць атрыманы здымкай гэтым тэлефонам, а таксама маглі быць атрыманы звонку (з іншай прылады), таму падобныя доказы маюць характар здагадак.

На фотаздымках Караткоў нідзе не знаходзіцца на праезнай частцы, усюды толькі на тратуары, а некаторыя здымкі былі зробленыя ў іншыя даты і, адпаведна, таксама не могуць быць доказам.

У адпаведнасці з фанаскапічнай экспертызай нельга сцвярджаць, што там быў голас Караткова,

Адвакат засяроджвае ўвагу на тое, што знаходжанне побач з асобамі, якія парушаюць грамадскі парадак, і нават выказванне ім слоў падтрымкі, не можа лічыцца актыўнымі дзеяннямі, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

“ Увогуле, незразумела, чаму органы крымінальнага пераследу робяць з Караткова настолькі мацёрага рэвалюцыянера, што яго выпраўленне патрабуе пазбаўлення волі”, - далей кажа адвакат. - У судзе Караткоў спаслаўся на досвед свайго дзеда, які пад пагрозай смерці здолеў застацца грамадзянінам і не стаць паліцаем. Тады каго мы хочам выхаваць: грамадзян Рэспублікі Беларусь або паліцаяў?"

Калі Караткоў зразумеў, што могуць пачацца беспарадкі, ён сыйшоў, таму што беспарадкі супярэчаць яго мірнай пазіцыі.

Адзінае, што знайшлі органы крымінальнага пераследу - гэта смецце.

Таму адзіны справядлівы прысуд для яго - апраўданне.

Працяг судовага пасяджэння прызначаны на 25 траўня, пачатак у 10-30.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства