"Навучаў для ўдзелу ў беспарадках". У Мінску судзяць мужчыну за відэаролікі на Youtube пра зброю і боепрыпасы
У судзе Маскоўскага раёна Мінска разглядаецца справа супраць 31-гадовага ютуб-блогера Аляксея Міхалкевіча паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 295, ч. 1 арт. 13 ч. 2 арт. 295, ч. 3 арт. 293. Мужчыну затрымалі ў снежні мінулага года "па падазрэнні ў датычнасці да масавых беспарадкаў". Міхалкевіч здымаў відэаролікі на тэмы, звязаныя з агнястрэльнай зброяй, боепрыпасамі, выбуховымі рэчывамі і прыладамі, якія размяшчаў на сваім Youtube-канале. За гэта мужчыну абвінавачваюць у навучанні і падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках. Таксама падчас ператрусу ў мужчыны знайшлі зброю і выбуховыя рэчывы, за што яму інкрымінуецца артыкул 295 КК. Мужчына на судзе не прызнае віну, у тым, што навучаў людзей ва ўдзеле ў масавых беспарадках сваімі відэаролікамі, кажа, што гэта збройная тэма — хобі, якім не займаецца ўжо тры гады. Справу Міхалкевіча разглядае суддзя Сяргей Кацар, дзяржабвінавачанне падтрымлівае пракурор Фёдар Сініцкі. "Вясна" назірае за судом і распавядае абставіны гэтай справы.
"Ствараў агрэсіўны і пратэсны настрой, абуджаў жаданне вядзення дэструктыўнай дзейнасці". У чым абвінавачваюць мужчыну?
Аляксея Міхалкевіча супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі ў в. Дарошкі Мінскай вобласці 16 снежня мінулага года "па падазрэнні ў дачыненні да масавых беспарадкаў, якія адбыліся ў Мінску". Дома і ў гаражы мужчыны правялі ператрус. Яго адразу ўзялі пад варту. Як паведамілі ў Следчым камітэце, падчас ператрусу ў Міхалкевіча знайшлі два віды сыпкіх рэчываў па 19 грам (кідальных выбуховых рэчываў), больш за тры тысячы гільзаў, больш за 70 будаўніча-мантажных патронаў кальцавога ўзгарання, больш за 400 капсулаў-узгаральнікаў, розныя віды самаробнай зброі і патронаў, у тым ліку два ваенных вінтовачных, матэрыялы для вырабу самаробных выбуховых прылад, а таксама аптычны прыцэл, паляўнічая дроб, электронныя шалі і многае іншае.
"У далейшым з названых прадметаў ён мог вырабіць іншыя віды агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і выбуховых прылад", — адзначаюць сілавікі.
Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, у красавіку 2016 года абвінавачаны стварыў Youtube-канал, на якім размяшчаў розныя відэаролікі на тэмы, звязаныя з агнястрэльнай зброяй, боепрыпасамі, выбуховымі рэчывамі і прыладамі. Мужчына рэгулярна папаўняў кантэнт названага канала, дадаваў тэкставыя каментары, а таксама рэкламаваў яго ў розных сацыяльных сетках, фарміруючы і падтрымліваючы цікавасць да яго ў іншых карыстальнікаў сеткі інтэрнэт.
Паводле версіі абвінавачвання, Міхалкевіч "рэалізуючы свой злачынны намер па ажыццяўленні навучання і падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках са жніўня па снежань 2020 года жыхар Мінскай вобласці мэтанакіравана размяшчаў тэкставыя паведамленні, якія змяшчаюць негатыўныя каментары ў адрас праваахоўных органаў, а таксама заклікі да супраціву, прычынення ім шкоды і гвалту, ствараючы ў грамадзян агрэсіўны і пратэсны настрой і ўзбуджаючы ў іх жаданне вядзення дэструктыўнай дзейнасці". Акрамя гэтага, на створаным ім канале былі размешчаны відэазапісы, звязаныя са стварэннем і выкарыстаннем агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, а таксама якія змяшчаюць парады і ўказанні па іх выкарыстанні. Названыя дзеянні дазволілі яму стварыць у карыстальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў эмацыйны рэзананс і забяспечыць іх мэтавае інфармаванне на адпаведную тэматыку.
Па ч. 2 арт. 295 КК Міхалкевіч віну прызнаў у поўным аб'ёме. На судзе ён заявіў, што гэта хобі, "нікому зброю не перадаваў, нікога не вучыў, нікуды не заклікаў". Таксама прызнае віну па ч.1 арт. 13 арт. 295 КК (падрыхтоўка да незаконнага вырабу боепрыпасаў, агнястрэльнай зброі, выбуховых рэчываў і выбуховых прылад). Па ч. 2 арт. 293 КК віну не прызнаў.
Што адбываецца на судзе?
Аляксей Міхалкевіч заявіў на судзе, што прызнае віну паводле артыкулаў, якія тычацца зброі (ч. 2 арт. 295, ч. 1 арт. 13 арт. 295 КК). А, што тычыцца пратэстаў — не. Мужчына адзначыў, што зброевай тэмай ужо не займаецца тры гады.
На судзе дапыталі ў якасці сведак уладальніка гаража, у якім знайшлі выбуховыя рэчы, і калегу Аляксея, які з ім працаваў у гаражы і рамантаваў мотатэхніку.
Паводле версіі абвінавачвання, у гаражы мужчына абсталяваў месца для вырабу зброі і выбуховых прылад. Міхалкевіч усё адмаўляе. Мужчына сцвярджае, што гараж — месца толькі для працы, дзе ён каля 10 гадоў рамантуе мотатэхніку.
Суд працягваецца 21 траўня.