viasna on patreon

Заява беларускіх праваабарончых арганізацый з нагоды пераследу супрацоўнікаў TUT.BY

2021 2021-05-21T12:46:53+0300 2021-05-21T13:25:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/tut.by_.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Супрацоўніцы і супрацоўнікі TUT.BY. Фота TUT.BY

Супрацоўніцы і супрацоўнікі TUT.BY. Фота TUT.BY

Сумесная заява беларускіх праваабарончых арганізацый з нагоды пераследу TUT.BY

18 траўня Дэпартамент фінансавых расследаванняў прыйшоў з ператрусамі ў рэдакцыю, рэгіянальныя структуры, да журналістаў і рэдактараў найбольш папулярнага беларускага інтэрнэт-партала TUT.BY. Адбыліся ператрусы таксама ў рэдакцыях сумежных бізнесаў — AV.BY, RABOTA.BY. Амаль адначасова на падставе паведамлення Генеральнай пракуратуры Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь абмежавала доступ да інтэрнэт-рэсурсу TUT.BY і яго люстэркаў.

У той жа дзень Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю заявіў, што распачата крымінальная справа ў дачыненні да службовых асоб ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫА» паводле прыкметаў складу злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 243 КК Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).

Мы, арганізацыі, што падпісаліся ніжэй, лічым гэтыя факты працягам наступу на свабоду слова. Спасылкі ўладаў на эканамічныя парушэнні, якія нібыта сталі падставай для пераследу, ужо шмат гадоў актыўна выкарыстоўваюцца дзеля абгрунтавання рэпрэсіўных захадаў супраць праваабаронцаў, медыя, незалежных прафсаюзаў.

Гэта не першыя спробы ціску на найбуйнейшае беларускае сеткавае медыя. У жніўні 2018 года некалькі рэдактараў TUT.BY трапілі пад крымінальны пераслед па так званай "справе БелТА", на пачатку 2019 года галоўны рэдактар партала Марына Золатава была па гэтай справе асуджаная. Напрыканцы 2020 года партал TUT.BY пазбавілі статусу СМІ, неаднойчы на яго адрас з боку службовых асоб гучалі пагрозы заблакаваць дзейнасць.

Мы лічым, што гэтыя дзеянні ў дачыненні да супрацоўнікаў найбуйнейшага і папулярнага ў краіне інфармацыйнага рэсурсу з’яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі заблакаваныя дзясяткі грамадска-палітычных і інфармацыйных сайтаў, шэраг друкаваных выданняў вымушаныя былі спыніць выхад. На раніцу 18 траўня за кратамі ў Беларусі знаходзілася 16 журналістаў і медыяспецыялістаў, 11 з іх — па крымінальных справах.

Па справе TUT.BY вядома, што на 15.00 гадзін 20 траўня затрыманыя:

  1. Генеральная дырэктарка Людміла Чэкіна,

  2. Галоўная рэдактарка Марына Золатава,

  3. Рэдактарка Вольга Лойка,

  4. Намесніца дырэктаркі Ірына Рыбалка,

  5. Журналістка Алена Талкачова,

  6. Галоўная бухгалтарка Анжэла Асад,

  7. Намесніца галоўнай бухгалтаркі Марыя Новік,

  8. Галоўная інжынерка Ала Лапатко,

  9. Намеснік генеральнай дырэктаркі ў тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнека,

  10. Менеджар Андрэй Аўдзееў,

  11. Юрыстка Кацярына Ткачэнка,

  12. Былая юрыстка Ірына Касцючэнка.

А таксама:

дырэктар Hoster.by Сяргей Повалішаў,

дырэктарка Rocket Data Дар'я Данілава,

Юлія Чарняўская, удава Юрыя Зісера — заснавальніка TUT.BY, знаходзіцца пад хатнім арыштам. Больш за двое сутак пасля затрымання сваякам і блізкім не было вядома пра яе месцазнаходжанне.

Сёння, 21 траўня, сканчаецца тэрмін папярэдняга затрымання пералічаных асобаў.

Мы патрабуем:

  • вызвалення ўсіх затрыманых;

  • спынення ціску на свабоду выказвання, журналістаў і незалежныя медыя;

  • спынення палітычна матываванага пераследу і вызвалення ўсіх палітычных зняволенных.

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў",

РГА "Прававая ініцыятыва",

Беларускі дакументацыйны цэнтр,

"Ініцыятыва FORB",

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend,

Праваабарончы цэнтр "Вясна",

РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт",

Беларускі ПЭН-цэнтр.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства