"Было адчуванне: яшчэ трохі і мяне павядуць на расстрэл". Пра што сведчаць прадстаўнікі ВНУ па "справе студэнтаў"
19 і 20 траўня суд Савецкага раёну працягваў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 10 студэнтаў, выпускніцы і выкладчыцы сталічных вну па ч. 2 арт. 17 ("злачынства, здзейсненае групай асоб па папярэдняй змове") і ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак").
студэнткі і студэнты Ксенія Сырамалот, Ягор Канецкі, Ілля Трахтэнберг, Таццяна Екельчык, Кася Будзько, Яна Арабейка, Вікторыя Гранкоўская, Анастасія Булыбенка, Марыя Каленік, Глеб Фіцнер, выпускніца БДМУ Алана Гебрэмарыям і выкладчыца БДУІР Вольга Філатчанкава.
Справу вядзе суддзя Марына Фёдарава.
Тэкставую онлайн-трансляцыю з залі суда вядуць "Вольны прафсаюз БДУ" і "Студэнцкая Думка".
Чацвёрты дзень суда па "справе студэнтаў": як выкладчыкі выступаюць сведкамі
Пра што казалі сведкі на працэсе 19 траўня?
Учора, 19 траўня, на судзе выступалі супрацоўнікі АМАП. У залу судовага пасяджэння пускалі толькі сваякоў абвінавачаных.
Сведкі-амапаўцы нічога не бачылі, палітвязняў не ведаюць, на пытанне аб тым, ці прасілі выкладчыкі ВНУ дапамогі ў сілавікоў - выразнага адказу не прагучала. Усе тры сведкі даюць практычна аднолькавыя паказанні, па іх словах, яны "дзейнічалі культурна і інтэлігентна".
Далей у судзе былі дапытаныя студэнты. Дар'я Хоміч распавяла, што раней удзельнічала ў акцыях, але пасля "сутак" перастала выходзіць. Пра акцыі даведвалася ў тэлеграм-канале "МДЛУ за свабоду". З абвінавачаных ведае Насту Булыбенку.
Таксама далі паказанні студэнткі БДПУ Марыя Гусева і Алена Іонава, якія на калідоры пыталіся "каго судзяць".
Паказанні ў судзе даў і ахоўнік МДЛУ: ён чуў незадаволенасць акцыямі, якія праводзіліся, ад навучэнцаў і выкладчыкаў. Прозвішчы іх назваць не можа, бо чуў "выпадковыя дыялогі".
Былі зачытаныя пісьмовыя паказанні сведкі, бо ёсць істотныя супярэчнасці. Так, на допыце ў следчага ахоўнік МДЛУ казаў, што чуў шум, воплескі, назіраў зрыў навучальнага працэсу, плакаты і сімволіку.
Пасля абеду сведкам выступаў начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю МДЛУ Ігар Пучэня. Ён распавёў, што 1 верасня 2020 года быў на працы, каля 50-70 студэнтаў сабраліся і панеслі петыцыю, але іх не пусцілі на плошчу, тады яны вярнуліся ва ўніверсітэт.
"Нашых студэнтаў было крыху больш за палову, астатнія незнаёмыя мне дарослыя людзі. Калі яны вярнуліся з паходу свайго, сталі ў фае і скандавалі. Былі абураныя тым, што іх не пусцілі аднесці петыцыю.
Скандавалі: "Жыве Беларусь". Пасля таго, як яны сышлі, другі раз іх у фае не хацелі запускаць. Прапускалі толькі па пропуску".
Сведка акцэнтуе ўвагу, што сярод студэнтаў было шмат дарослых здаровых мужчын. Пучэня выходзіў і прасіў студэнтаў спыніць шум, але яны не рэагавалі.
Таксама міліцыя дзяжурыла каля універсітэта, па мегафон папярэджвала, каб удзельнікі акцыі разышліся. Студэнты супакойваліся.
2 верасня студэнты сядзелі ў фае на падлозе моўчкі, іх было каля 30 чалавек.
"Мы падыходзілі да іх. З намі ніхто не ўступаў у перамовы. Ну сядзелі і сядзелі. У перыяд перамены. Усё гэта заняло хвілін 20-30. На навучальны працэс не паўплывала".
Мэтай збору сведка называе "незадаволенасць вынікамі выбараў" і "жорсткае абыходжанне з людзьмі".
3 верасня студэнты - каля 40-50 чалавек - сабраліся ў фае і патрабавалі, каб адміністрацыя ўніверсітэта іх падтрымала, пляскалі ў далоні.
Пасля 4 верасня акцыі былі такія: студэнты збіраліся і спявалі песні. Сведка бачыў на відэа, як затрымлівалі студэнтаў. Кагосьці выносілі, але выбар быў мэтанакіраваны - падыходзілі да канкрэтных студэнтаў.
Суддзя спытала, чаму ў пратаколе допыту Пучэня не ўказаў, што быў сведкам падзей 3 верасня. Прадстаўнік МДЛУ адказаў, што не лічыць падзеі 3 верасня масавым несанкцыянаванымі мерапрыемствамі, таму што выкладчыкі са студэнтамі канструктыўна пагаварылі.
Ігар Пучэня сказаў, што добра ведае Глеба Фіцнера: "інтэлігентны, культурныя, выхаваны". На акцыях, якія назіраў, абвінавачанага не бачыў.
Па словах сведкі, навучальны працэс працягваўся, заняткі не зрываліся.
Абаронца: Што вы лічыце грубым парушэннем парадку?
Сведка: Не магу адказаць.
Абаронца: Дык можа гэта была інтэрпрэтацыя следчага?
Сведка: Магчыма.
Абаронца: А для 1-2 верасня, як бы вы сказалі, было грубае парушэнне грамадскага парадку?
Сведка: Так. Але на сённяшні дзень, я не лічу гэтыя падзеі грубым парушэннем парадку.
Наталля Баранава: "Маё меркаванне: хтосьці хацеў падставіць наш універсітэт"
Наступнай выступала былая рэктарка МДЛУ Наталля Баранава. Яна распавяла суду, што ва ўніверсітэце несанкцыянаваных акцый не было.
"Паступіла інфармацыя 1 верасня, каб я затрымала ў актавай зале першакурснікаў, таму што на першым паверсе сабралася група студэнтаў.
Несанкцыянаванымі акцыямі, я лічу, забароненыя або недазволеныя, а акцыя 1 верасня была гарадской, а не універсітэцкай. Пазіцыя ў нас была: размаўляць са студэнтамі".
Па словах сведкі, 4 верасня ёй патэлефанавалі і сказалі, што ў ВНУ прыехаў АМАП. Наталля Баранава вельмі гэтаму здзівілася.
"Маё меркаванне: хтосьці хацеў падставіць наш універсітэт. Гэта асабіста маё меркаванне".
Сама яна акцыі студэнтаў не назірала, але пасля першых акцый у Правілы ўнутранага распарадку ВНУ было ўнесена, што для правядзення мерапрыемства дастаткова прынесці заяву або ўзгадніць вусна.
"На навучальны працэс акцыі не паўплывалі. Людзі хацелі, каб было ціха і спакойна, каб была нармальная псіхалагічная абстаноўка. З'яўленне міліцыі ў ВНУ зрынула ў шок і студэнтаў, і нас".
Пасля, як распавяла Баранава, быў падпісаны дагавор з міліцыяй, у сувязі з якім ёй давялося папярэджваць міліцыю аб акцыях, якія праводзяцца.
Наступным у якасці сведкі выступіў былы прарэктар, дацэнт кафедры педагогікі МДЛУ Уладзімір Пашкевіч.
Сведка паведамляе, што быў прарэктарам у верасні, у той час праходзілі несанкцыянаваныя мерапрыемствы – студэнты збіраліся каля ўніверсітэта і спявалі песні.
"4 верасня раніцай з тэлеграм-каналаў мы даведаліся, што студэнты збіраюцца спяваць песні. Туды былі накіраваны дэканы, каб назіраць за падзеямі. Праз нейкі час мне патэлефанавалі, сказалі, што студэнтаў затрымліваюць. Я пабег туды. Студэнты былі ў паніцы. Я пайшоў за міліцыяй, каб даведацца, за што іх затрымліваюць. Мяне падвялі да афіцэра, які сказаў, што студэнты парушылі грамадскі парадак. Я папрасіў з імі пабачыцца, але мне не дазволілі. Потым я даведаўся, куды іх павезлі, і паехалі з Паніматкам у РУУС іх забіраць. Мы ўсе былі ў шоку. Студэнты сказалі, што фізічнага ціску на іх не аказвалася. Сведкам таго, што адбылося перад затрыманнем, я не з'яўляўся".
На наступны дзень каля ўніверсітэта Уладзіміра Пашкевіча чакала група дарослых людзей - бацькі студэнтаў. Яны патрабавалі сустрэчу з кіраўніцтвам, задавалі пытанні пра бяспеку ў ВНУ. Ён папрасіў аформіць пытанні пісьмовым зваротам і чакаць афіцыйнага адказу, потым папрасіў іх разысціся.
Суддзя задавала пытанні аб неадпаведнасці паказанняў з пратаколам допыту. У ім сцвярджаецца, што былі перадумовы для зрыву заняткаў, падзеі ва ўніверсітэце адбіліся на іміджы на міжнародным узроўні.
Сведка растлумачыў, што зрыву заняткаў не было, але любыя падобныя падзеі шкодзяць іміджу ВНУ – тое, што студэнты накіроўвалі звароты ў розныя ўніверсітэты з просьбай аб падтрымцы.
Валерый Пішчыкаў: "Адбылася сварка, не вытрымаў і паказаў ім нецэнзурны знак"
Наступным сведкам выступаў выкладчык МДЛУ Валерый Пішчыкаў.
Нагадаем, 26 кастрычніка выкладчык выйшаў да студэнтаў, стаў паказваць ім сярэднія пальцы абедзвюх рук, паспрабаваў выбіць у дзяўчыны з рук тэлефон і пусціў у ход кулакі. Вядома, што адзін са студэнтаў тады пацярпеў, атрымаўшы ўдар па твары.
У судзе сведка кажа, што выйшаў падчас лекцыі ў калідор, каб адказаць на тэлефонны званок, пачуў шум, пайшоў да лесвіцы. Убачыўшы групу маладых людзей з плакатам, прыняў рашэнне пайсці студэнтам насустрач, каб перашкодзіць ім.
Па словах Пішчыкава, далей атрымаўся маленькі канфлікт з выразам жэстаў з яго боку і незадаволенасці з іх.
"У мой адрас толькі пакрычалі "ганьба" і "іняз наш". Больш нічога не было, але іх мэтай быў заклік да страйку".
Абаронца: "Я не хачу, каб Вы тут знаходзіліся" - гэта ўсё, што вы ім сказалі?
Сведка: Так. Адбылася сварка, не вытрымаў і паказаў ім нецэнзурны знак.
Паказанні гэтага сведкі таксама разыходзяцца, у судзе ён заявіў, што ў яго няма фактаў таго, што заняткі былі сарваныя, але былі перадумовы для гэтага.
Абаронца: Чаму вы лічылі, што было грубае парушэнне, а цяпер - не грубыя?
Сведка: Лічыце так, што я павінен быў сказаць...
Дэкан факультэта кітайскай мовы МДЛУ Сяргей Алейнік распавёў, што каля 20-30 студэнтаў сабралася ў фае на вялікім перапынку, спявалі песні, магчыма, у іх былі сцягі. Кіраўніцтва дало загад выйсці да студэнтам і прысутнічаць, ніякіх патрабаванняў да ўдзельнікаў не выказваў.
"Прыйшлі супрацоўнікі праваахоўных органаў і пачалі затрымліваць. Хтосьці быў у форме, хтосьці - не. Пасля таго, як з'ехалі супрацоўнікі, студэнты разышліся. Студэнты былі эмацыйна узбуджаны, я іх супакойваў".
Па словах сведкі, у універсітэце склалася цяжкая псіхалагічная атмасфера, пра яе выказваліся бацькі і студэнты.
20 траўня ў судзе выступіў яшчэ шэраг сведак.
Прарэктар БДМУ Павел Маркаўцан сказаў, што акцыі студэнтаў вельмі перашкаджалі - зрывалі заняткі. Па яго словах, ва ўніверсітэце праходзілі масавыя мерапрыемствы. Крыху пазней сам Маркаўцан ахарактарызаваў іх як тыя, што груба парушаюць парадак.
Даты акцый Маркаўцан назваць не змог, заявіў, што ўсе анансавалі тэлеграм-каналы, у тым ліку "Рупар БДМУ". Экс-студэнт БДМУ Міхаіл Хасіневіч быў названы адміністратарам канала ў зале суда.
На пытанне, дзе менавіта праходзілі акцыі, сведка сказаў, што ва ўсіх карпусах, у іх брала ўдзел 10-15 чалавек і часцей за ўсё падчас навучальнага працэсу. Асобна было адзначана, што студэнты прапускалі заняткі, магчыма і падчас акцый.
Студэнты спявалі песні, былі выкрыкі "За Свабоду!", таксама былі "сядзячыя акцыі".
Са слоў сведкі, адміністрацыя спрабавала гаварыць са студэнтамі - тлумачыць прававыя нормы, знаёміць з загадам аб масавых мерапрыемствах ад 2017 года, колькасць удзельнікаў акцый перашкаджала праходу людзей.
26 кастрычніка студэнты парушылі прапускны рэжым, а 28 кастрычніка - давялося выклікаць міліцыю, бо пагаварыць са студэнтамі не атрымалася, а несанкцыянаванае масавае мерапрыемства было:
"Увайшлі натоўпам, пачалі хадзіць па аўдыторыях. Уварваліся па парадку ва ўсе аўдыторыі ў галоўным корпусе і лабараторным. Асобныя студэнты далучаліся".
Асноўная мэта такіх дзеянняў, на думку сведкі, быў не зрыў навучальнага працэсу, а стварэнне карцінкі.
Зноў адзначаецца неадпаведнасць першапачатковых паказанняў сведкі і сённяшніх.
Павел Маркаўцан сцвярджае, што было праведзена 16 "несанкцыянаваных акцый", у якіх удзельнічала ад 15 да 150 чалавек. Пададзеныя звесткі аб дакладнай колькасці ўдзельнікаў на кожнай акцыі. Пералічваюцца прозвішчы студэнтаў, якія пазней былі адлічаныя.
Наталля Чыстая: "Сорамна было перад студэнтамі, што не маглі гарантаваць бяспеку"
Наступны сведка - начальніца юрыдычнага аддзела БДМУ Наталля Чыстая. Яна паказала, што ёсць відэаролікі, на якіх зафіксаваныя ўсе падзеі.
Адміністрацыяй праводзілася вялікая прафілактычная праца, але было поўнае яе ігнараванне з боку студэнтаў. Па выніках прафілактычных саветаў выносіліся вымовы. Пасля падзей 26-28 кастрычніка прыязджаў пракурор раёна, першы намеснік міністра аховы здароўя. Студэнты ў прававым плане падкаваныя добра.
У БДМУ акцыі праходзілі 26-28 кастрычніка: студэнты спявалі ў холе, але не прычынілі шкоды.
26 кастрычніка была вялікая група і ніхто, на думку сведкі, не выкарыстоўваў пропуск пры ўваходзе. Адміністрацыя рабіла папярэджанні, але ўдзельнікі акцыі не паслухалі. Студэнты выкарыстоўвалі бел-чырвона-белую сімволіку, рупар і нібыта былі агрэсіўна настроеныя, вельмі шумна сябе паводзілі, "уламваліся ў аўдыторыі".
27 кастрычніка, па словах Чыстай, каля 30 студэнтаў сядзелі на падлозе або на прыступках, перашкаджалі перамяшчэнню, яны ўжо былі без рупара і не хадзілі па аўдыторыях.
Нікога з абвінавачаных сведка не ведае.
Мэтай акцый, на думку Чыстай, была незадаволенасць вынікамі выбараў, таксама студэнты патрабавалі ад адміністрацыі прызнаць парушэнні і асудзіць дзеянні сілавікоў.
Сведка сцвярджала, што сядзячыя акцыі парушалі тэхніку пажарнай бяспекі. Таксама ад выкладчыкаў паступалі скаргі - дакладныя запіскі. Скаргаў ад студэнтаў не паступала, якасць адукацыі і іх паспяховасць не знізіліся.
На пытанне, ці была парушаная праца ўніверсітэта, Наталля Чыстая адказала:
"Сорамна было перад замежнікамі і нашымі студэнтамі. Сорамна было, што не маглі забяспечыць бяспеку. Быў зрыў адукацыйнага працэсу".
З дакладной запіскі за 26.10.2020 года: У аўдыторыю ўварваўся агрэсіўны натоўп з крыкамі: "Далучайся", аб'ядналіся вакол чалавека з рупарам. Натоўп быў у аўдыторыі 10 хвілін. Туды прыйшоў рэктар і прарэктара, спрабавалі пагаварыць. Натоўп працягнуў хадзіць па аўдыторыях. |
Наступным выступаў прарэктар БДМУ па адміністрацыйна-гаспадарчай працы Віктар Баран, які памятае толькі падзеі 26 кастрычніка. Паводле яго слоў, удзел у акцыях прыняло больш за 100 чалавек, не ведае, хто былі тыя людзі, якія трапілі на тэрыторыю ВНУ, але яны парушалі навучальны працэс. У наступныя дні праходзілі "сядзячыя акцыі": каля 20 студэнтаў сядзелі на прыступках і перашкаджалі прайсці, але калі іх прасілі - падсоўваліся і давалі месца для праходу.
На думку сведкі, акцыі пацягнулі зрыў адукацыйнага працэсу і нанеслі шкоду іміджу ўніверсітэта.
У судзе дапыталі студэнта БДМУ Шляхава: студэнты спявалі песні ў перапынках у асобным памяшканні, праходзілі невялікія пратэсты ў холе, сам браў удзел у акцыях пяць разоў. Распавёў, што студэнты сядзелі ўздоўж лесвіцы, праходу не перашкаджалі, адна жанчына праходзіла і нецэнзурна выказалася ў іх бок. Таксама растлумачыў, што адміністрацыя збірала ўдзельнікаў "на дыялог", але "ніхто нікога не хацеў слухаць". Пасля Шляхаву зрабілі заўвагу, а потым вынеслі вымову. Ён перастаў хадзіць на акцыі.
На пытанне, як паўплывала акцыя 26 кастрычніка на адукацыйны працэс, сказаў:
"Нам нарэшце ўвялі дыстанцыйнае навучанне, аб якім мы прасілі з верасня. На якасць адукацыі гэта не паўплывала".
Студэнты падчас акцый не праяўлялі агрэсію, хадзілі мірна і спакойна. Абвінавачаных у ВНУ Шляхаў не бачыў.
Яшчэ адзін студэнт БДМУ Яраслаў Зубчонак распавёў, што 26 кастрычніка ў холе сабралася прыкладна 50 чалавек, якія заходзілі ў аўдыторыі і заклікалі далучыцца да іх. Яму асабіста песні і сядзенне на лесвіцы не перашкаджала, ніхто з іншых студэнтаў на гэтага не скардзіўся. Сам таксама прымаў удзел у акцыі, калі быў на вуліцы.
Святлана Шылава: "Малады чалавек, калі ў Вас будзе магчымасць, зайдзіце на сайт і паглядзіце загад"
Сведкай у суд выкліканая прарэктар БДМУ, дацэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Святлана Шылава, якая бачыла відэа з камер назірання 26 кастрычніка, а 28 кастрычніка сама была на факультэце:
"Бачыла вялікі натоўп, які ўтварыўся ва ўніверсітэце. Больш за 60 чалавек заходзілі па чарзе ў аўдыторыі, выкрыквалі ў бок рэктарату словы "позор", "ганьба". Навучальны працэс ішоў, але было непрыемна".
На яе думку, выходзіць на акцыі студэнтаў прымусілі тэлеграм-каналы - яны рэагавалі на інфармацыю, якую выкладвалі там.
Абвінавачаны Ілля Трахтэнберг спытаў:
"Якім прававым актам рэгламентуецца правядзенне масавых мерапрыемстваў?"
На што Шылава адказала:
"Глыбокапаважаны малады чалавек, калі ў вас будзе магчымасць, зайдзіце на сайт і паглядзіце на сайце загад аб правядзенні масавых мерапрыемстваў"
Па зале пракацілася хваля абурэння.
Суддзя зачытала неадпаведнасці ў паказанні Шылавай. У іх вельмі падрабязна (пахвілінна) распісаныя падзеі. Сведка патлумачыла гэта тым, што калі давала паказанні, падзеі яшчэ былі свежыя ў галаве, таму іх падрабязна апісала. З усімі сваімі словамі згаджаецца.
Намеснік дэкана лячэбнага факультэта МДЛУ па выхаваўчай рабоце Таццяна Ярашэвіч была сведкай акцыі 10 верасня, калі каля 30-40 студэнтаў сабраліся ў галоўным корпусе ВНУ і спявалі песні. Там жа прысутнічала адміністрацыя ўніверсітэта.
26 кастрычніка, па словах Ярашэвіч, студэнты хадзілі па аўдыторыях і парушалі адукацыйны працэс - заклікалі далучыцца. Асабіста яна гэтага не бачыла, толькі на відэа з камер відэаназірання. Заняткі былі сарваныя, быў нанесены ўрон адукацыйнаму працэсу - студэнты глядзелі тэлеграм-каналы, адцягваліся. Аднак ні нецэнзурнай лаянцы, ні гвалту з боку студэнтаў не было.
Леанід Шылін: "Было адчуванне: яшчэ крыху і яны мяне павядуць на расстрэл"
Наступны сведка - дэкан факультэта інфармацыйных тэхналогій і кіравання БДУІР Леанід Шылін. Ён распавёў, што з 1 верасня праходзілі акцыі: падчас перапынкаў студэнты збіраліся на прыступках з плакатамі, сядзелі моўчкі, калі праязджала машына - нешта ёй крычалі. Былі акцыі, на якіх спявалі песні. Колькасць удзельнікаў: максімальны – 100 чалавек, мінімальны – 5 чалавек.
Адчуванне ад акцыі 26 кастрычніка Шылін апісвае так:
"Было адчуванне: яшчэ трохі і яны мяне павядуць на расстрэл".
У Дзень беларускай мовы адміністрацыя прапанавала студэнтам праспяваць песні на беларускай, яны сабраліся і праспявалі:
"Было ўсё нармальна. Наогул, студэнты кіраваныя, калі размаўляць па-чалавечы".
Абвінавачаная выкладчыца БДУІР Вольга Філатчэнкава задала пытанні сведку.
Абвінавачаная: На прыступках звычайна шмат людзей. Як вы вызначылі, што мерапрыемства, а што простае скопішча?
Сведка: Я ўжо казаў - у телеграм-каналах анансавалася.
Абвінавачаная: Ці ёсць у грамадзяніна РБ права свабодна збірацца?
Сьведка: Не!
Абвінавачаная: А вы ведаеце, што права свабодна збірацца прапісана ў Канстытуцыі?
Сведка павышае голас: Вы мне тут экзамен вырашылі правесці?
Суддзя робіць заўвагу Філатчанкавай, што пытанне пра Канстытуцыю не тычыцца справы.
На думку Шыліна якасць аказання адукацыйных паслуг знізілася - выкладчыкі былі ўзбударажаныя, ім было цяжка праводзіць заняткі. Пры гэтым на пытанне, ці былі сарваныя заняткі хоць адной з акцый, Шылін адказваў, што не.
Паведамляецца, што Шыліна па гэтай крымінальнай справе не дапытвалі падчас следства. Допыт сведкі вырабляўся на аснове паказанняў па справе студэнта Арцёма Вінакурава.