Судзяць берасцейца, які абразіў у Вайберы супрацоўніка КДБ Дапоўнена
У судзе Маскоўскага раёна Берасця 19 траўня працягваецца разгляд крымінальнай справы па абвінавачванні Уладзіміра Шурубейкі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядае суддзя Яўген Брэган, дзяржабвінаваўца Дзягель.
Паводле версіі следства, 22 верасня 2020 года Уладзімір Шурубейка ў адкрытым viber-чаце "Вычулкі.Ямна", "з мэтай прычынення шкоды аўтарытэту дзяржаўнай улады і кіраванню" размясціў паведамленне ў дачыненні да супрацоўніка органаў дзяржбяспекі Сямёнава Дзяніса, якое змяшчае ў сабе негатыўную ацэнку асобы, а менавіта назваў яго "с*ыкло, чмо і ныцік".
Як патлумачыў абвінавачаны, Сямёнава ён ведаў асабіста: разам служылі 4-5 тыдняў у войску (пакуль будучы супрацоўнік КДБ не дэмабілізаваўся). Але затым на працягу 15 гадоў Шурубейка наогул не атрымліваў ніякіх навін з нагоды лёсу Сямёнава, аж да восені 2020 года.
А 22 верасня ў вайберы Уладзімір убачыў 2 рэпосты з групы "Карнікі Беларусі", у адным з якіх гаворка вялася пра Сямёнава. Раней былі паведамленні пра тое, што ў раёне сталі знікаць жывёлы, застрэлілі ката — і нехта напісаў, маўляў, гэтыя супрацоўнікі на іх "пераключыліся". Пракаментаваў гэтыя здагадкі і сам Уладзімір: з яго слоў, ён хацеў апраўдаць Сямёнава, што той не мог быць датычны да працы ў органах у сілу сваіх характарыстык. Акрамя таго, абвінавачаны падкрэсліў, што ў сваім паведамленні ў чаце не сцвярджаў чаго-небудзь пра Сямёнава сённяшнім (які з'яўляецца супрацоўнікам КДБ), але пісаў якім той быў у войску.
Судова-лінгвістычная экспертыза па крымінальнай справе заключыла, што выказванне Шурубейкі ў чаце ўтрымлівала негатыўную ацэнку асобы Сямёнава.
На першым пасяджэнні, 7 траўня, пракурор Дзягель дапытаў абвінавачанага.
- Чаму інфармацыя аб тым, што ён [Сямёнаў] — супрацоўнік КДБ, нейкай неймавернай для Вас падалася?
Абвінавачаны растлумачыў:
- Таму, што я з ім служыў у войску, і сам хацеў ісці далей у органы МУС. Са сваёй фізічнай формай, падрыхтоўкай я не прайшоў тэсты. А Сямёнаў, які быў значна слабейшым за мяне, ніжэйшы ростам, прайшоў.
Пракурор пытаецца, што за выраз с*ыкло:
- Ён што, баязлівец, ці што? У чым гэта праяўлялася? Чаго вы яго называеце баязліўцам фактычна? Вы ў сітуацыі былі такой, што ведаеце, што ён такі?
Сёння, 19 траўня, у працэсе вывучаліся пісьмовыя матэрыялы справы.
Таксама да справы далучана хадайніцтва Сямёнава аб кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 2 500 рублёў.
На судзе Дзяніс Сямёнаў не абгрунтоўваў свае маральныя пакуты з-за абразы: толькі заявіў, што з-за рэпоста з "Карнікаў Беларусі" яму і блізкім паступалі пагрозы (а гэты рэпост абвінавачаны Шурубейка не рабіў). Кажучы пра якія-небудзь наступствы ад "абразы", Сямёнаў толькі адзначыў, што ў чаце на 107 чалавек яго публічна назвалі непрыстойнымі словамі. Ніякіх насталых праблем з душэўным здароўем, альбо ў зносінах з кім-небудзь супрацоўнік на судзе не згадваў.
Пракурор Дзягель у судовых спрэчках заявіў, што знаходзіць віну Шурубейкі цалкам даказанай, і папрасіў пакараць мужчыну 2 гадамі абмежавання волі "хіміі".
Таксама ў спрэчках дзяржабвінаваўца разважаў ва ўласцівай яму манеры: "Чалавек, які аказвае дапамогу дзецям, у дзіцячыя дамы, дазваляе сабе такія выхадкі! Напэўна, п'яны быў!"
(Уладзімір Шурубейка - бізнесовец, займаецца транспартным бізнесам, робіць дабрачынныя акцыі)
Чакаецца, што прысуд будзе абвешчаны 20 траўня.