viasna on patreon

Чарговы вязень за словы ў інтэрнэце. У Петрыкаве завялі справу за эмацыйнае выказванне пра сілавікоў

2021 2021-05-17T07:05:17+0300 2021-05-17T07:08:07+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cimashchuk-uladz.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзіслаў ЦІМАШЧУК. Фота   з акаунту  Цімашчука ў ВК.

Уладзіслаў ЦІМАШЧУК. Фота   з акаунту  Цімашчука ў ВК.

Прэсавая служба МУС на мінулым тыдні паведаміла пра тое, што ў Петрыкаве затрымалі маладзёна, які выказаў словы нянавісці да дзейнай улады і заклікаў помсціць АМАПу за збітых сёстраў. 

Пра тое, што 23-гадовы петрыковец паводле рашэння пракурора Петрыкаўскага раёну Сяргея Таболіча зняволены пад варту паведаміла пракуратура.

Сілавікі, ва ўласцівай ім манеры запісалі відэа, дзе маладзён прызнаецца што ён сапраўды напісаў гэты пост у Instagram, а таксама ў тым, што перад напісаннем посту ён ужываў алкаголь і, маўляў, на цвярозую галаву ён інакш успрымае сітуацыю. Паводле паведамлення пракуратуры, справу для расследавання чамусьці перадалі ў Жлобінскі раённы аддзел Следчага камітэту. Вінавацяць хлопца ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варажнечы (частка 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса). Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкула – пазбаўленне волі да пяці гадоў.

"Палеская Вясна" даведалася, што прозвішча затрыманага Уладзіслаў Цімашчук.

Ён рос ў Петрыкаве, вучыўся ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, але, не скончыўшы яго, з’ехаў у Маскву. Там ён працаваў у розных сферах, а потым скончыў курсы барбершопераў. Праз некалькі год вярнуўся ў Петрыкаў. Пачаў рабіць модныя фрызуры, а пасля стварыў першы ў правінцыйным горадзе барбершоп, дзе сам працаваў аж да зняволення. Уладзіслаў захапляецца падарожжамі. Жыў Уладзіслаў у бабулі, дапамагаў ёй у гаспадарцы.

Праваабронцы лічаць непрапарцыйнымі пакаранні зняволеннем паводле дэфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса – за выказванні меркаванняў, абразы і іншыя, не звязаныя наўпрост з гвалтам дзеянні.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства