Гомель: пракурор просіць чатыры гады калоніі за муляж петарды і б-ч-б сцяг
У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 14 траўня працягваўся разгляд крымінальнай справы пра закладку “муляжа выбухоўкі”.
На лаве падсудных – 31-гадовы Яўген Зялкоўскі. Спачатку яго вінавацілі ў асабліва злосным хуліганстве па ч. 3 артыкула 339 КК РБ, за што прадугледжаная крымінальная адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі аж да 10 год, потым артыкул змянілі на частку 2.
Суд адбываецца ў закрытым рэжыме.
Справу разглядае суддзя Алеся Осіпава.
Мужчыну абвінавачваюць у тым, што восенню мінулага года ён двойчы ўсталёўваў у бязлюдных месцах б-ч-б- сцягі, размяшчаючы паблізу скрынкі, якія можна было прыняць за выбуховыя прылады. На справе ж у скрынках знаходзіліся пара падшыпнікаў, петарда без змесціва і карыкатура на АМАП.
Сёння ў судзе Цэнтральнага раёну Гомля адбыліся судовыя спрэчкі.
Выступаючы ў спрэчках, пракурор падкрэсліў, што Яўген Зялкоўскі дагэтуль не раскаяўся ў сваіх дзеяннях. Гэта, на думку боку абвінавачвання, паказвае той факт, што ў працэсе судовых пасяджэнняў Зялкоўскі выказваў абурэнне стаўленнем уладаў да б-ч-б-сцяга і незадаволенасць дзеяннямі сіл правапарадку ў дачыненні да ўдзельнікаў незаконных масавых мерапрыемстваў, паведамляюць "Моцныя Навіны".
Гэтая незадаволенасць вылілася ў цынічную хуліганскую выхадку з устаноўкай сцягоў і імітацыяй выбуховых прылад. У дзеяннях Зялкоўскага, на думку пракурора, угледжваецца намер на грубае парушэнне грамадскага парадку: свае сцягі і прылады ён усталёўваў двойчы, выбіраў для гэтага нядзельныя дні, гэта значыць дні, калі праводзіліся «незаконныя мітынгі».
Бок абвінавачвання лічыць, што віна Яўгена Зялкоўскага даказаная цалкам. Пракурор запытаў для яго пакаранне ў выглядзе чатырох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму.
У Гомелі аднавілася справа за закладку муляжоў выбухоўкі