viasna on patreon

"Дзейнічаў з выкарыстаннем рупара": у Мінску судзяць 18-гадовага студэнта

2021 2021-04-28T15:58:24+0300 2023-05-17T15:08:44+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudovaja_admin.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Суд Першамайскага раёну Мінска пачаў разглядаць крымінальную справу ў адносінах 18-гадовага Мацвея Будніцкага, распачатую ў межах артыкула 342 Крымінальнага кодэксу.

Мацвей — студэнт трэцяга курса Мінскага коледжу прадпрымальніцтва, працуе экспедытарам. Падчас папярэдняга следства не знаходзіўся пад вартай.

Справу разглядае суддзя А. Кулік, пракурор — Зубко. Адвакат — Захар Ладуцька. Да справы далучаныя копія ліста падзякі ад сацыяльнага педагагічнага цэнтра, у якім абвінавачаны быў валанцёрам, а таксама грамата з каледжу.  

"Дзейнічаў з выкарыстаннем рупара"

Мацвея Будніцкага абвінавачваюць у тым, што чацвёртага кастрычніка на праспектах Машэрава і Пераможцаў, а таксама вуліцах Прытыцкага, Любімага, Сурганава, Кальварыйскай і Прылуцкай прыняў актыўны ўдзел у масавым мерапрыемстве. Ён быў спалучаны з відавочным непадпарадкаваннем супрацоўнікам міліцыі, гучнымі воплескамі рукамі. Мацвей "дзейнічаў сумесна і ўзгоднена ў групавых дзеяннях, з выкарыстаннем рупара" — згодна з абвінавачаннем, гэта пацягнула парушэнне працы транспарту і прадпрыемстваў. На Сурганава абвінавачаны таксама выйшаў на праезную частку: гэтыя дзеянні прыпынілі работу грама грамадскага транспарту. Пракурор упэўнены, што вінаватасць пацвярджаецца паказаннямі абвінавачанага і сведкі, а таксама пісьмовымі матэрыяламі справы.

"Хацеў выказаць сваю пазіцыю і падтрымаць людзей"

Мацвей прызнае віну ў тым, што знаходзіўся на мерапрыемстве. Не прызнае — што блакаваў дарогу і не падпарадкоўваўся патрабаванням супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Ён таксама раскайваецца ва ўчыненым.

Ён распавёў, што ведаў пра мерапрыемствы штонядзелю. Чацвёртага кастрычніка ён каля Стэлы на Нямізе далучыўся да людзей і рушыў з імі ў бок жыллёвага комплексу "Каскад", у яго быў сцяг і рупар. Ён рухаўся па пешаходнай частцы, але калі тратуар звужаўся, выходзіў і на праезную. Аднойчы лёг на праезную частку, каб зрабіць фотаздымак: у той час дарога ўжо была перакрытая. З натоўпам ён ішоў да станцыі метро "Малінаўка".

Мацвей распавёў, што ўдзельнічаў у мерапрыемстве, каб "выказаць сваю пазіцыю і падтрымаць людзей". Яна сфарміравалася, калі хлопец убачыў у навінах, як збіваюць людзей. Абвінавачаны расказаў, што рупар набыў у краме прыколаў, а сцяг заўсёды знаходзіўся з ім, таму што "падабаўся". 

Падчас папярэдняга следства 28 кастрычніка Мацвей расказваў, што такім чынам выказваў нязгоду са збіццём людзей. Ён убачыў, як машыны блакуюць праезную частку і з групай іншых людзей выйшаў на яе, каб не даць сутыкнуцца калонам удзельнікаў мерапрыемства і супрацоўнікам праваахоўных ворганаў. Калі яму паказалі відэа, дзе ён стаіць на скрыжаванні вуліц, ён адказаў, што не ведаў, што блакіруе рух: думаў, што гэта адміністрацыйнае правапарушэнне.

Падчас допыту 26 сакавіка віну прызнаў цалкам.

"Не бачыў Будніцкага ў той дзень"

Сведка Машкоў — інжынер-праграміст. У той дзень ён ехаў з лецішча і спыніўся на пр-це Дзяржынскага на чырвонае святло. Убачыў, як людзі хадзілі "туды-сюды" па праезнай частцы, нібыта ў "броўнаўскім руху". Яны стаялі хвілін 10-15, але сярод іх ён не бачыў абвінавачанага ў той дзень — ідэнтыфікаваў яго толькі па відэа. На пытанне пракурора, ці блакавалі ўдзельнікі мерапрыемства дарогу, сведка адзазаў, што яны "перашкаджалі праехаць".

Сведка Віталь Дзеркач — кіроўца маршруткі. Ён таксама пацвердзіў, што людзі на дарозе перашкаджалі руху, але калі ён папрасіў натоўп яго прапусціць, яны расступіліся, і ён паехаў далей. Ён бачыў абвінавачанага да прагляду відэа, але не можа сказаць дакладна, колькі часу той знаходзіўся на праезнай частцы.

"У які момант вы вырашылі ўзяць на сябе арганізатарскія функцыі?"

У ходзе ператрусу былі канфіскаваныя ўлёткі, налепкі, сцяг, штаны, цішотка, красоўкі, 81 стыкер. Як мяркуецца, у канфіскаваным абутку Будніцкі здзяйсняў злачынства.

Да справы далучаныя відэазапісы, дзе Будніцкі перакрывае праезную частку на скрыжаванні праспекта Дзяржынскага і вуліцы Любімага, выкрыквае нешта неразборлівае з рупарам, а таксама скрынштот, дзе ён ляжыць на праезнай частцы. Абвінавачаны пацвердзіў: у час, калі зялёнае святло гарэла для машын, ён быў на дарозе і перашкаджаў руху. Аднак на відэа няма пазнакі пра ягоны час.

— У які момант вы вырашылі ўзяць на сябе арганізатарскія функцыі? — запытала суддзя. Адвакат спрабаваў перашкодзіць гэтаму пытанню, але суддзя паўтарыла яго.
— Чаму менавіта вы ўзялі на сябе гэтую функцыю прайграць гэтую просьбу?
— У мяне быў рупар і чалавек не чуў, — адказаў Мацвей.
— Колькі часу вы стаялі на праезнай частцы?
— 5 хвілін
— Колькі разоў вы клаліся (на праезную частку — заўвага) фактычна?
— Двойчы. Не атрымалася фатаграфія.

Пазоў Мінсктранса абвінавачаны не прызнае, таму што бачыць толькі суму без разлікаў і не разумее, адкуль яна. Даведка за подпісам следчага Верамеева, што вышэйпералічаны транспарт не ішоў па маршруце, не адпавядае даведцы ў фотакопіі матэрыялаў справы, якія сфатаграфаваў адвакат. 

Разгляд справы працягнецца 30 красавіка ў 14.30. Пройдуць спрэчкі бакоў.

"Вясна" назірае за працэсам з дапамогай валанцёраў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства