viasna on patreon

У Гродне мужчыну асудзілі за падпал апоркі

2021 2021-04-21T10:44:07+0300 2021-04-21T10:44:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/oporka_podozhgli_grodno_noyabr_2020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Ленінскага раёна Гродна вынеслі прысуд 41-гадоваму гродзенцу Аляксандру Красніцкаму, які трэцяга лістапада мінулага года падпаліў дзверы пункта аховы правапарадку — так званую апорку. Мужчыну прызналі вінаватым па арт. 415 КК і ч. 1 арт. 339 КК. Мужчына асуджаны да двух гадоў і аднаго месяца калоніі, паведамляецца на сайце Вярхоўнага суда.

Красніцкі асуджаны на год па арт. 339, на два гады — па арт. 415. Выніковае вызначана пакаранне шляхам паглынання больш мяккага пакарання больш строгім. Таксама па сукупнасці прысудаў да прызначанага пакарання часткова далучана неадбытая частка пакарання па прысудзе суда Ленінскага раёна г. Гродна ад 19 чэрвеня 2018 года ў выглядзе двух месяцаў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, што складае адзін месяц пазбаўлення волі. Абвінавачанаму канчаткова прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін два гады адзін месяц з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Абвінавачаны днём 3 лістапада мінулага года падышоў да дзвярэй пункта аховы правапарадку і падпаліў дзверы «апоркі». Узгаранне аператыўна патушылі, пацярпелых няма. Былі пашкоджана дзверы — матэрыяльны ўрон склаў 83 рублі 17 капеек.

Як стала вядома з матэрыялаў справы, агучаных на судовым пасяджэнні, Аляксандр Красніцкі ў 2018 быў асуджаны па артыкуле 364 КК РБ — Гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да праваахоўных органаў. У якасці абвінавачванні суд вынес тады прысуд — 1.6 гады абмежавання волі. Аднак, са слоў дзяржабвінаваўцы Цімафеевіча, мужчына неаднаразова парушаў правілы адбыцця пакарання — не з'яўляўся своечасова на адзнаку, з'яўляўся на працоўным месцы ў нецвярозым стане, або зусім не выходзіў на працу, а ў 2019 — змяніў месца пражывання, не папярэдзіўшы аб гэтым адпаведныя органы.

Абвінавачаны прызнаў віну па артыкуле 415 КК РБ толькі часткова, а па 339 — у поўным аб'ёме.

Са слоў абвінавачанага, ён, сапраўды, з'ехаў на заробкі ў Расею, дзе яму прапанавалі высокааплатную працу. Дагавор падраду з працадаўцам Красніцкі адправіў свайму інспектару. Паведаміць загадзя не было магчымасці. З Расеі мужчына вярнуўся ў канцы вясны 2020 года. Не апавяшчаў пра гэта свайго інспектара, бо ведаў, што будзе за гэта паўторна прыцягнуты да крымінальнай адказнасці і змешчаны ў турму.

Што тычыцца падпалу дзвярэй Гродзенскага апорнага міліцэйскага пункта, Красніцкі прызнаўся, што зрабіў гэта праз пачуццё крыўды за тое, што яго незаконна асудзілі па артыкуле 364 КК у 2018 годзе.

— 3 лістапада выйшаў на шпацыр каля 14.30 і пайшоў у бок Дамброўскага. Каля лесу ўбачыў, як мужчына запраўляе свой аўтамабіль з каністры. Падышоў папрасіў бутэльку бензіну. Хацеў проста выпацкаць дзверы. Даў яму рубель за бензін, пайшоў у бок дома. Падышоў, абліў дзверы міліцыейскага ўчастка і падпаліў яе, — распавёў на судзе абвінавачаны падрабязнасці інцыдэнту.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства