viasna on patreon

За абразлівыя каментары і пагрозы ў адрас міліцыянтаў пракурор запрасіў 5 гадоў "хіміі"

2021 2021-04-09T23:32:41+0300 2021-04-13T11:07:21+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/femida_3_7.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Илюстрацыйнае фота БелаПАН.

Илюстрацыйнае фота БелаПАН.

У судзе Заводскага раёна г. Мінска 9 красавіка пачаўся судовы працэс па крымінальнай справе ў дачыненні да Аляксея Ліпеня. Мужчыну абвінавачваюць па двух артыкулах крымінальнага кодэкса: арт. 369 – публічная абраза прадстаўніка ўлады, і арт. 364 – пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка АУС.

Справу разглядае суддзя Алег Каляда.

Па справе праходзіць больш за 10 пацярпелых супрацоўнікаў міліцыі.

Паводле абвінавачвання, Аляксей Ліпень неаднаразова, выкарыстоўваючы розныя нікнэймы, у тым ліку «савецкі малы», пакідаў абразлівыя каментары пад фота супрацоўнікаў міліцыі ў тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі» ў перыяд з 29 кастрычніка па 18 снежня 2020 года. Сваімі дзеяннямі ён прынізіў гонар і годнасць супрацоўнікаў міліцыі як прадстаўнікоў улады і як людзей, а таксама падарваў аўтарытэт дзяржаўнай улады.

Таксама абвінавачваны размяшчаў каментары з пагрозамі ў адрас шасці міліцыянтаў, яны прызнаныя пацярпелымі паводле арт. 364 КК.

У судзе было апытана дзевяць пацярпелых. Усе яны выразна адказвалі на пытанні пракурора аб тым, што бачылі ў тэлеграм-канале сваё фота і дадзеныя пад ім, чыталі каментары. Пракурор пыталася ў кожнага пацярпелага:

- Каментар, пакінуты абвінавачаным, прынізіў ваш гонар і годнасць? Ці абразіў ён вас як чалавека, як прадстаўніка ўлады?

- А для вас гэта нармальные паводзіны людзей у грамадстве?

Усе яны адчувалі сябе абражанымі, што іх гонар і годнасць былі прыніжаныя, што такое абыходжанне недапушчальнае з пункту гледжання маралі.

Пазней даведаліся, хто менавіта пакінуў гэтыя каментары на іх адрас, ніхто раней з абвінавачаным знаёмы не быў.

Кожны з пацярпелых заяўляў, што каментары Аляксея Ліпеня прынеслі маральныя пакуты: тэлефанавалі сябры і пыталіся пра гэта, была страта здароўя, моцныя эмацыйныя перажыванні, ад некаторых адвярнуліся сябры і знаёмыя, страшна было выходзіць на вуліцу. Ні адзін з пакінутых абвінавачаным каментароў у зале судовага пасяджэння агучаны не быў.

Аляксей Ліпень сказаў, што не адмаўляе таго, што пад эмоцыямі пасля смерці Рамана Бандарэнкі пакідаў абразлівыя каментары ў тэлеграм-канале "Карнікі Беларусі", але не думаў, што будуць наступствы. Прынёс прабачэнні пацярпелым.

Абвінавачванні па арт. 364 КК не прызнае, бо сваімі каментарамі не хацеў прычыніць фізічны гвалт супрацоўнікам АУС ні сам, ні каб яго прычынілі тыя, хто яго каментары чытаў. Пацярпелымі па дадзеным артыкуле было прызнана шэсць супрацоўнікаў: Шахлай, Кохан, Данкоўскі, Лазарчык, Зелянкова, Паўлючэнка. Трое з іх давалі паказанні ў судзе.

Вядома, што ў кватэры Аляксея Ліпеня ператрусы праходзілі чатыры разы. Пасля затрымання мужчыну прымусілі пад катаваннямі разблакаваць мабільны тэлефон. Абвінавачваны знаходзіцца пад вартай з 26 лютага 2021 года. Да гэтага прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваным массавым мерапрыемстве. 

Пасля гэтага суд вывучаў пісьмовыя матэрыялы справы. Былі абвешчаныя паказанні яшчэ некалькіх пацярпелых па справе - Аўсянкіна Сяргея, Кохана Артура, Якімчыка Вадзіма, Лазарчыка Андрэй, Шахрая Артура, Узураева Віктара ў суд яны не з'явіліся. Пасля спрабавалі вывучыць змест кампакт-дыскаў з матэрыяламі, вынятымі з сімкарты, тэлефона і камп'ютара, але архівы з дадзенымі не змаглі прайграць. Таксама не змаглі даследаваць рэчавыя доказы: тэлефон апынуўся разраджаным, а сістэмны блок не ўключалі.

Адвакат хадайнічаў аб далучэнні медыцынскіх дакументаў з заключэннямі аб захворваннях Аляксея Ліпеня. Суд хадайніцтва задаволіў.

Пасля гэтага ў судзе прайшлі спрэчкі бакоў. Дзяржабвінавачанне лічыць, што віна Аляксея Ліпеня цалкам даказаная, а выпраўленне абвінавачанага можа быць дасягнута прызначэннем пакарання ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 5 гадоў (шляхам частковага складання). Па меркаванні пракурора, трэба задаволіць заяўленыя іскавыя патрабаванні пацярпелых у поўным аб'ёме - 6000 рублёў (па 1000 рублёў кожнаму, хто заявіў такое патрабаванне), а таксама канфіскаваць мабільны тэлефон як сродак здзяйснення злачынства.

Бок абароны паказвае, што паводле арт. 369 КК абвінавачаны з першых дзён следства прызнаў віну, даваў праўдзівыя і паслядоўныя паказанні, раскаяўся ў зробленым і прынёс прабачэнні пацярпелым. Акрамя таго, заяўленыя пазовы ён прызнаў і абавязаўся іх пакрыць.

Па арт. 364 КК - абвінавачаны віну не прызнаў і растлумачыў, што яго дзеянні насілі абразлівы характар, а не пагрозу прымянення гвалту. А словамі, якія можна было б расцаніць як пагрозу, ён узмацняў сутнасць абразы. Абаронца мяркуе, што па дадзеным артыкуле Аляксея Ліпеня варта апраўдаць.

Пры вызначэнні памеру і віду пакарання адвакат прасіў суд ўлічыць, што арт. 364 і 369 КК не адносяцца да катэгорыі цяжкіх, а абвінавачаны не спрабаваў сысці ад адказнасці; Аляксей Ліпень станоўча характарызуецца па месцы працы і месцы жыхарства, а таксама варта ўлічыць стан яго здароўя і наяўныя ў яго хранічныя захворванні.

Прысуд будзе абвешчаны судом 13 красавіка ў 10.20 гадзін.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства