viasna on patreon

Заява аб прызнанні затрыманых прадстаўнікоў "Саюза палякаў Беларусі" палітычнымі зняволенымі

2021 2021-03-31T19:10:43+0300 2021-03-31T20:18:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/polsha_vybory-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява беларускага праваабарончага супольнасці

Патрабуем неадкладна вызваліць з-пад варты прадстаўнікоў "Саюза палякаў Беларусі" Анжаліку Борыс, Андрэя Пачобута, Марыну Цішкоўскую, Ганну Панішаву, Ірэну Бярнацкую, а таксама спыніць ціск і запалохванне ў дачыненні да прадстаўнікоў польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі.

31 сакавіка 2021 года

25 сакавіка стала вядома, што Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь распачала ў дачыненні да старшыні незарэгістраванага ў Беларусі Саюза палякаў Анжалікі Борыс, а таксама прадстаўнікоў дадзенай арганізацыі Андрэя Пачобута, Ірэны Бярнацкай, Марыны Цішкоўскай і Ганны Панішавай крымінальную справу па частцы 3 артыкула 130 КК Рэспублікі Беларусь (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці, а таксама па рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асоб).

Як адзначаецца ў паведамленні Генеральнай пракуратуры, "названыя грамадзяне, пазіцыянуючы сябе членамі вышэйназванага саюза, з 2018 года па цяперашні час на тэрыторыі горада Гродна і іншых населеных пунктаў вобласці з прыцягненнем непаўналетніх арганізавалі і правялі шэраг незаконных масавых мерапрыемстваў па ўшанаванні ўдзельнікаў антысавецкіх бандфармаванняў, якія дзейнічалі падчас і пасля Вялікай Айчыннай вайны, якія здзяйснялі рабаванні, забойствы мірнага насельніцтва Беларусі, знішчэнне маёмасці. Іх дзеянні пераследвалі мэты рэабілітацыі нацызму, апраўданні генацыду беларускага народа".

23 сакавіка Анжаліка Борыс была затрыманая, а 24 сакавіка – ў дачыненні да яе суддзёй суда Ленінскага раёна г. Гродна была вынесена пастанова аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе адміністрацыйнага арышту на тэрмін 15 сутак за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў – за арганізацыю традыцыйнага свята рамеснікаў «Гродзенскія Казюкі 2021».

25 сакавіка дома ў іншага сябра "Саюза палякаў Беларусі", журналіста Андрэя Пачобута прайшоў ператрус, падчас якога была канфіскаваная тэхніка, уключаючы два ноўтбукі і жорсткія дыскі, сем старых тэлефонаў, бэйджы ўдзельніка канферэнцый, польскамоўныя дакументы, у тым ліку паперы дачкі, узнагароды і інш. Таксама падчас ператрусу была канфіскаваная літаратура на польскай мове. Сам Пачобут быў затрыманы і дастаўлены ў Цэнтральны апарат Следчага камітэта, дзе яго дапыталі, а затым змясцілі ў СІЗА № 1 г. Мінска.

Варта адзначыць, што раней, 10 сакавіка, была ўзбуджаная крымінальная справа па факце правядзення мерапрыемства ў польскай сацыяльнай школе скаўтаў імя Рамуальда Траўгута ў Брэсце, якая адносіцца да Брэсцкага форуму польскіх лакальных ініцыятыў. У межах крымінальнай справы затрымалі сузаснавальніка "польскай школы" - 43-гадовага берасцейца - і дырэктара Ганну Панішаву, якая вярнулася ў Беларусь пасля камандзіроўкі ў Польшчу. Пазней стала вядома таксама аб праведзеных ператрусах у памяшканнях арганізацыі "Саюза палякаў" у Лідзе, Ваўкавыску і затрыманні Ірэны Бярнацкай, Марыны Цішкоўскай. Таксама нам вядома, што органамі пракуратуры праводзяцца праверкі навучальных планаў па вывучэнні польскай мовы, запатрабуюцца асабістыя дадзеныя выкладчыкаў і грамадзян, у тым ліку непаўналетніх, якія наведваюць курсы польскай мовы ў шэрагу прыватных арганізацый.

Варта адзначыць, што гэтыя дзеянні ўладаў адбываюцца на фоне антыпольскай прапаганды на дзяржаўным ТБ, у якой Польшча ўяўляецца краінай-агрэсарам, якая нібыта мае ў тым ліку і тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Рэспублікі Беларусь.

Агрэсіўная антыпольская дзяржаўная прапаганда, вытрыманая ў горшых сталінісцкіх традыцыях, выклікае ў нас сур'ёзную занепакоенасць магчымымі негатыўнымі наступствамі для грамадзян Рэспублікі Беларусь польскай нацыянальнасці і відавочна не спрыяе палітыцы добрасуседства і даверу паміж гістарычна блізкімі народамі.

Безумоўна, мы павінны памятаць і казаць пра складаныя перыяды нашай гісторыі, у тым ліку ў мэтах міжнацыянальнага прымірэння, а не распальвання ўзаемнай варожасці і падазронасці, у мэтах прадухілення ксенафобіі і дыскрымінацыі ў дачыненні да розных груп грамадства, у тым ліку недапушчальнасці пераследу іншадумства. Прыхільнасць дзяржавы прынцыпам універсальнасці правоў чалавека, плюралізму і разнастайнасці з'яўляецца найлепшай формай барацьбы з прапагандай ідэй нацызму.

Мы перакананыя, што пакаранне за выказванне меркавання аб гістарычных фактах несумяшчальныя з замацаванымі ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах абавязацельствамі дзяржаў-удзельніц паважаць свабоду меркаванняў і права на іх свабоднае выказванне. Абмежаванні на свабоду меркаванняў не павінны навязвацца ні пры якіх умовах, а абмежаванні ў дачыненні да права на свабоднае выказванне меркаванняў не павінны выходзіць за рамкі патрабаванняў, прадугледжаных п.3 арт. 19 і арт. 20 Пакта.

Ацэньваючы дадзеную інфармацыю ў сукупнасці, мы прыходзім да высновы аб відавочным палітычна матываваным характары крымінальнага пераследу Анжалікі Борыс, Андрэя Пачобута, Марыі Цішкоўскай, Ірэны Бярнацкай і Ганны Панішавай, накіраваным на стварэнне вобраза ворага як у асобе польскай дзяржавы ў цэлым, так і прадстаўнікоў польскай нацыянальнай меншасці, і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.

У сувязі з гэтым, мы прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, патрабуем ад уладаў Рэспублікі Беларусь:

  1. Неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязняў, прадстаўнікоў Саюза палякаў у Беларусі Анжаліку Борыс, Андрэя Пачобута, Марыну Цішкоўскую, Ірэну Бярнацкую і Ганну Панішаву і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх;
  2. Спыніць ціск і пераслед у дачыненні да прадстаўнікоў польскай нацыянальнай меншасці;
  3. Спыніць выкарыстанне артыкула 130 Крымінальнага кодэкса ў мэтах пакарання за выказванне меркаванняў аб гістарычных фактах, што з'яўляецца несумяшчальным з абавязацельствамі Рэспублікі Беларусь па Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт";

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

РГА "Прававая ініцыятыва”;

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства