Мінчанку асудзілі за абразлівы каментарый на амапаўца

2021 2021-03-31T18:00:57+0300 2021-03-31T19:02:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/fbprivacy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота.

Ілюстрацыйнае фота.

У судзе Маскоўскага раёна Мінска 30 сакавіка вынесены прысуд па крымінальнай справе, узбуджанай за абразу прадстаўніка ўлады па артыкуле 369 Крымінальнага кодэксу.

Абвінавачаная – рамесніца Алена Зборшчыкава, мае двух непаўнагадовых дзяцей.

Суддзя – Сяргей Кацэр, дзяржабвінаваўца – пракурор Седакоў.

Пацярпелы – Віталь Фёдараў, старшы сяржант АМАПу УУС Мінгарвыканкама.

З матэрыялаў справы вынікае, што 26 кастрычніка не пазней за 23.00, знаходзячыся ў кватэры, публічна ў Фэйсбуку з мабільнага тэлефона Зборшчыкава размясціла каментар наступнага зместу: "Дробны ІГ, трыбунал не за гарамі".

У судзе Алена Зборшчыкава патлумачыла, што 27 кастрычніка зайшла ў фэйсбук, убачыла фота супрацоўніка АМАП з каментаром накшталт таго, што ён будзе рады забіваць людзей.

Пасля чаго на эмоцыях пад пастом нейкай Ганны Бандарэнка паккінула каментар. Прычым, яна не ведала, хто такі Фёдараў увогуле.

Віны сваёй жанчына не прызнае.

На папярэднім пасяджэнні дапыталі пацярпелага Віталя Фёдарава.

Ён патлумачыў, што ягоны таварыш скінуў спасылку на фэйсбук з пастом, там была выкладзеная інфармацыя аб службе. Пачаў чытаць каментары, каментар Зборшчыкавай яго моцна абразіў.

Таксама Фёдараў выставіў патрабаванне аб спагнанні з абвінавачваемай маральнай шкоды, просіць спагнаць грашовую кампенсацыю ў памеры 1 000 рублёў.

Пракурор запрасіў у суда два гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову (хатняя хімія) і выплату кампенсацыі ў 1 000 рублёў.

Суддзя Сяргей Кацэр пагадзіўся з пазіцыяй абінавачвання і прысудзіў Зборшчыкавай два гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія") і выплату кампенсацыі пацярпеламу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства