Затрыманні, ператрусы. Пераслед у Беларусі 21 і 22 сакавіка Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" 21 і 22 сакавіка сочыць за падзеямі ў краіне і працягвае фіксаваць факты палітычнага пераследу: прэвентыўныя затрыманні перад Днём Волі, ператрусы, новыя крымінальныя справы і іншыя формы ціску на грамадзян за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Пераслед 22 сакавіка
Пераслед журналіста Іллі Дабратвора і яго сям'і працягваецца ўжо трэці дзень. Цяпер у ягоным недабудаваным доме ў Калодзішчах адбываецца ператрус. Пра гэта ў сябе на старонцы паведамляе сам журналіст.
Палітвязню Ігару Лосіку працягнулі тэрмін утрымання пад вартай на 2 месяцы, піша "Радыё Свабода". Ён у няволі 270 дзён. Ні пра следчыя дзеянні з яго ўдзелам, ні пра пачатак суду па-ранейшаму ніякіх звестак няма.
Як паведамляе "Віцебская Вясна", мясцовыя актывісты, якія раней прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34), пачалі атрымліваць позвы з міліцыі з патрабаваннем зʼявіцца ў пастарунак ранкам 25 сакавіка.
Каб уручыць павестку, супрацоўнікі МУС прыязджалі да некалькіх віцяблян на працу. Паводле дакументу, які атрымалі актывісты, ім «належыць 25 сакавіка 2021 году ў 10.00 зʼявіцца» ў аддзяленні міліцыі «для правядзення апытання». Пра што будзе апытанне і з якой прычыны яно будзе праводзіцца, міліцыянты не кажуць.
У Мінску сёння за БЧБ-жалюзі на балконе затрымалі бацьку чатырох непаўналетніх дзяцей Аляксея Васільевіча Мельянца. У Леніскім РУУС на яго склалі пратакол, да суда змясцілі на Акрэсціна.
Вечарам у Мінску знік лідар АГП Мікалай Казлоў. Верагодна, яго затрымалі, палітыку пагражае да 3 гадоў. Як расказалі "Новаму Часу" ў прэсавай службе Аб'яднанай грамадзянскай партыі, старшыню партыі абвінавачваюць паводле часткі 1 арт. 407 (наўмыснае разгалошванне дадзеных дазнання, папярэдняга следства ці закрытага судовага пасяджэння).
Лідар АГП Мікалай Казлоў знаходзіцца на Акрэсціна. Пра гэта "Нашай Ніве" паведамілі яго аднапартыйцы.
«Выхожу. Если через 15 мин меня не будет — значит, задержан», — напісаў ён перад знікненнем а 19-й вечара.
Каля 30 затрыманых у Ваўкавыску
Як стала вядома ўвечары 22 сакавіка, у Ваўкавыску супрацоўнікі міліцыі затрымалі ўсіх удзельнікаў заняткаў "Мова нанова". Дакладная колькасць затрыманых і іх прозвішчы высвятляюцца. Вядома, што іх даставілі ў мясцовае РАУС. У чым прэтэнзіі міліцыянтаў – пакуль невядома, бо раней заняткі праходзілі без праблем і пытанняў з боку міліцыі.
Паводле інфармацыі TUT.BY, у міліцыю было дастаўлена каля 30 чалавек, аднаго непаўналетняга хлопца адпусцілі.
На занятках "Мова нанова" ў Ваўкавыску павінен быў выступаць лідар рок-гурта "Крама" Ігар Варашкевіч. Мясцовыя жыхары паведамілі, што яго таксама забралі, але пасля паступіла інфармацыя, што ён у бяспецы.
Са святаром Аляксандрам Багданам правялі гутарку і адпусцілі. Ён распавядае, што міліцыянты тлумачылі: атрымалі ананімны сігнал і таму прыехалі на месца правядзення курсаў.
Цяпер і астатніх дастаўленых у РУУС пачынаюць адпускаць па адным, папярэдне даюць падпісаць апавяшчэнне, дзе напісана аб адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў.
Як піша TUT.BY, затрыманых у Ваўкавыску наведвальнікаў курсаў адпусцілі. Папярэдне кожнаму давалі падпісаць апавяшчэнне, дзе напісана аб адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў.
Магілёўскага актывіста Аляксея Барысава выклікаюць на размову ў пракуратуру напярэдадні 25 сакавіка. Як распавёў сам актывіст, яго хацелі выклікаць на заўтра, але праз занятасць на працы Барысаў з'явіцца не зможа. Таму выклік перанеслі на 24 сакавіка на 12:20. Як растлумачылі актывісту па тэлефоне, "нагода для гутаркі ў пракуратуры Магілёва – растлумачыць заканадаўства і не дапусціць яго парушэння з боку Аляксея".
Пераслед 21 сакавіка
Мінск
У Мінску затрымалі 29-гадаовага Юрыя Мікалаевіча Куўшынава. Прычына: налепка з "Пагоняй" на заплечніку. Супрацоўнікі Ленінскага РУУС вырашылі, што ён пікетаваў такім чынам.
Увечары адбыліся затрыманні ў Чыжоўцы. Сярод затрыманых:
- Леўкіна Людміла Мікалаеўна (08.01.1964);
- Кароль Алена Казіміраўна (14.07.1965);
- Макарэвіч Жанна;
- Меджыдава Аляксандра Алегаўна (1984)
Іх даставілі ў Заводскае РУУС, над імі чакаюцца суды.
21 сакавіка была затрыманая жонка журналіста Іллі Дабратвора – маці пецярых дзяцей Іна Дабратвор. Увечары дома ў сям'і прайшоў ператрус, жанчыну адпусцілі.
Як паведамілі праваабаронцам «Вясны», каля 12:35 жонка журналіста Іна напісала блізкім: «Прыйшлі двое, са мной жадае гаварыць намеснік начальніка Доўнар». Журналістку-фрылансерку Іну Дабратвор забралі, нягледзячы на тое, што дома заставаліся дзеці без дарослых. Каля 17 гадзін, калі блізкія Іны патэлілі ў Заводскі РУУС, каб даведацца, дзе жанчына і калі яе адпусцяць, ім адказалі: «Хутка пойдзе дадому». Потым стала вядома, што дома адбываецца ператрус. Жонку затрымалі ў рамках праверкі па гэтым факце па арт. 341 КК Беларусі (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці). Следчым камітэтам праводзіцца праверка. З Іны толькі ўзялі тлумачэнні, яна ні ў якім статусе не знаходзіцца. На жанчыну склалі пратакол за пікет па ч. 3 арт. 24.23 КаАП: нібыта яна пікетавала з дапамогай расклейваньня партрэтаў палітычных зняволеных.
"Забралі адзін маленькі сцяг, з акна адарвалі постэр Бабарыкі; Калеснікаву, Ціханоўскую і Пагоню не змаглі. Гэтак жа праводзяць праверку з нагоды партрэтаў палітвязняў у мяне ў пад'ездзе.
На жонку склалі пратакол, па 24.23, частка 3", – напісаў у Facebook Ілля Дабратвор.
За дзень да гэтага да журналіста Іллі Дабратвора, якога восенню затрымлівалі за асвятленне акцый у Мінску, прыязджалі сілавікі. Шукалі журналіста нібыта па адміністрацыйнай справе, але Іллі дома не было.
Як піша "Наша Ніва", днём 21 сакавіка на плошчы Незалежнасці ля Чырвонага касцёла быў затрыманы Аляксандр Прушынскі, больш вядомы як «граф Прушынскі». Мужчына раздаваў улёткі з нагоды хуткага Дня Волі. Раздаваць улёткі графу ўдалося 15—20 хвілін, пасля чаго яго затрымалі міліцыянеры. Мужчыну адвезлі ў Першамайскае РУУС, дзе пратрымалі шэсць гадзін.
«Я не першы раз затрыманы, я ведаю, як сябе паводзіць з міліцыянерамі. Я ім кажу: не важна, хто кіруе краінай, хай ваш Аляксандр Рыгоравіч, хай не ён, але дабрабыт людзей павінен расці. У Сінгапуры за 40 гадоў узровень жыцця вырас у чатыры разы, у Эстоніі за 26 гадоў — у тры разы. А мы стаім на месцы. У нас прадукты даражэйшыя, чым у Польшчы, а там заробкі вы самі ведаеце якія», — кажа спадар Аляксандр.
Граф Прушынскі кажа, што ў міліцыі неаднаразова гукаў «Жыве Беларусь». «Ні адзін, ні два і не тры разы. Я прапаноўваў міліцыянерам сфоткацца са мной як з кандыдатам у прэзідэнты, але яны баяліся».
На мужчыну быў складзены пратакол, сам Прушынскі не памятае, па якім менавіта артыкуле будзе суд.
Затрыманні адбыліся і ў "Новай Баравой". Як мінімум дваіх чалавек затрымалі ў нядзелю і адвялі ў мікрааўтобус. Невядомыя бегалі за хлопцам у бежавай куртцы. Другі затрыманы чалавек — імаверна, дзяўчына, паведамляе «Белсат».
Жыхары кажуць, што цэлы дзень так званыя «ціхары» ходзяць па замкнёных дварах Новай Баравой у кварталах «Форэст», «Квартал парк», «Нясумны сад». У іх пры сабе ёсць чыпы, якімі яны адчыняюць дзверы.
21 сакавіка МУС паведаміла, што 38-гадовага мінчука затрымалі за тое, што той забраўся на мачту з дзяржаўным сцягам на даху аднаго з дамоў у Новай Баравой, паведамляе УУС Мінскага аблвыканкама.
Мужчына займаецца будаўнічымі працамі на вышыні. Падчас учарашніх работ на даху будаўнік забраўся на флагшток, яго таварышы знялі гэта на тэлефон. У дачыненьні да яго склалі пратакол за дробнае хуліганства паводле арт. 19.1 КаАП.
Па інфармацыі "Радыё Свабода", 21 сакавіка затрыманы лідар сацыял-дэмакратаў Ігар Барысаў, яго змясцілі на Акрэсціна. Ягоная партыя падавала заяўку на святкаванне Дня Волі.
«Мы ехалі па вуліцы Геалагічнай, калі нас пачаў падразаць злева жоўты мікрааўтобус. Спыніліся. Адтуль выскачылі людзі ў цывільным, у чорных масках, выцягнулі Ігара з машыны, напалохалі чатырохгадовае дзіця», — паведаміла БелаПАН падрабязнасці затрымання жонка Ігара Алена Барысава.
Паводле яе, муж не супраціўляўся і нават падняў рукі. Барысава таксама паведаміла, што праз 20-30 хвілін ён патэлефанаваў і сказаў, што дастаўлены ў Партызанскі РУУС. Яна звярнулася ў УУС, каб выступаць у якасці прадстаўніка мужа, бо мае юрыдычную адукацыю.
«Інфармацыі ніхто не дае, і да мужа не дапусцілі. На падставе чаго яго затрымалі, невядома», — сказала Барысава.
Увечары жонцы паведамілі, што Ігар Барысаў затрыманы ў рамках адміністрацыйнага працэсу і цяпер у ізалятары на Акрэсціна.
Брэст
Брэстчане, якія раней прыцягваліся па арт. 24.23 (23.24) КаАП, напярэдадні Дня Волі масава атрымліваюць позвы ў пракуратуру. Верагодна, для правядзення прафілактычнай гутаркі і вынясення папярэджанняў аб недапушчальнасці парушэння Закона "Аб масавых мерапрыемствах".
Інфармацыя будзе дапаўняцца