viasna on patreon

Хроніка палітычнага пераследу за 20 сакавіка Дапоўнена

2021 2021-03-20T14:40:01+0300 2021-03-20T22:46:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_zaides_novychas_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" 20 сакавіка сочыць за падзеямі ў краіне і працягвае фіксаваць факты палітычнага пераследу: ператрусы, новыя крымінальныя справы і іншыя формы ціску на грамадзян за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. 

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Мінск

Вядома, што сёння была затрыманая 22-гадовая Кацярына Атрахімёнак. Дзяўчыну забралі з дома і даставілі ў Кастрычніцкае РУУС.

Таксама з дому забралі Івана Жука, яго даставілі ў Савецкае РУУС. У мужчыны дома засталіся цяжарная жонка, якой хутка нараджаць, і двое непаўнагадовых дзяцей.

З дому забралі і Таццяну Ланкоўскую. Суд над ёй адбудзецца ў панядзелак. 

Стала вядома, што затрыманую 18 сакавіка маці пяцёх дзяцей Вольгу Залатар перавялі з ІЧУ ў мінскі следчы ізалятар на вуліцы Валадарскага. У здзяйсненні якого злачынства падазраваецца жанчына - пакуль невядома. 


Праваабаронцы "Вясны" Марфе Рабковай працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на тры месяцы - да 17 чэрвеня. На дадзены момант дзяўчына знаходзіцца за кратамі ўжо паўгады. 


Журналіст газеты Дзяніс Івашын. Фота ПЦ
Журналіст Дзяніс Івашын. Фота ПЦ "Вясна"

Журналісту Дзянісу Івашыну прад'явілі абвінавачванне, паведамляе Еўрарадыё.

"Па-ранейшаму малююць 365 артыкул КК РБ, далей будзем глядзець, на што ім выдумкі хопіць, але спадзяемся, што мазгі там хоць у кагосьці засталіся, каб да такога не дадумацца",напісала жонка журналіста Вольга Івашына.

Івашын, па словах жонкі, "адчувае сябе ўпэўнена, спакойна, збірае інфармацыю". Ад кантакту са следствам ён адмаўляецца.


Журналіст Андрэй Аляксандраў застанецца пад вартай да 12 красавіка, піша Радыё Свабода. Аляксандрава вінавацяць у фінансаванні пратэставай дзейнасці.

"Следства хацела працягнуць знаходжанне Аляксандрава пад вартай да 12 траўня. Аднак пракуратура санкцыянавала варту толькі да 12 красавіка", — расказаў адвакат журналіста Антон Гашынскі.

Адвакат удакладніў, што яму пра гэта стала вядома ад самога падабароннага, з дакумэнтамі Гашынскага пакуль не азнаёмілі.


Сілавікі спрабавалі патрапіць у кватэру да удзельніцы жаночых акцый пратэсту, паведамляе Еўрарадыё. Жанчына сказала, каб вярталіся з павесткай. Яны сказалі, што зламаюць дзверы.

pavedamlenne9.jpg


Да журналіста Іллі Дабратвора, якога восенню затрымлівалі за асвятленне акцый у Мінску, прыехалі сілавікі. Пра гэта паведамляе БАЖ. Шукаюць Дабратвора нібыта па адміністрацыйнай справе, але Іллі дома няма.


Гомель

Журналістку Ларысу Шчыракову на 24 сакавіка зноў выклікаюць у Следчы камітэт у якасці сведкі. Папярэдні допыт 10 сакавіка, на якім была журналістка, доўжыўся 3 гадзіны.

Інфармацыя будзе дапаўняцца

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства