viasna on patreon

Да журналістаў "Медыя-Палесся" прыйшлі з ператрусамі. Хроніка пераследу 19 сакавіка Дапоўнена

2021 2021-03-19T17:32:00+0300 2021-03-20T12:10:44+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viktor-yaroshuk-i-andrej-yakimush-fzizm.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" 19 сакавіка працягвае фіксаваць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: ператрусы, новыя крымінальныя справы і іншыя формы ціску на грамадзян за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. 

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Пінск

З ранку не выходзяць на сувязь пінскія журналісты, пра гэта паведаміла галоўны рэдактар «Медыя-Палесся» Святлана Гарда, піша "Беларуская асацыяцыя журналістаў". Сёння ў 6.30 да відэакарэспандэнта «Медыя-Палесся» Андрэя Якімуша ў дзверы ламіліся невядомыя. Пра гэта ён паспеў паведаміць калегу. Цяпер Якімуш на сувязь не выходзіць.

Таксама недасяжны тэлефон журналіста Віктара Ярашука. Як стала вядома пазней, у яго прайшоў ператрус. Віктар Ярашук затрыманы.

Дапоўнена: Пасля 5 вечара стала вядома, што абодва журналісты на волі.

Віктар Ярашук і Андрэй Якімуш. Фота Media-Polesye
Віктар Ярашук і Андрэй Якімуш. Фота Media-Polesye

Мінск

Следчы камітэт паведаміў, што блогер Антон Матолька прызнаны абвінавачаным па крымінальнай справе. У "кампетэнтныя органы" перададзеныя матэрыялы аб прызнанні яго папулярнага тэлеграм-канала на тэрыторыі Беларусі экстрэмісцкім (Мінінфарм атрымаў дакументы для абмежавання доступу да яго), а ў МУС - дакументы для арганізацыі яго вышуку, у тым ліку міждзяржаўнага. 

Следчыя таксама шукаюць, ці звязаны блогер з прадстаўнікамі Каардынацыйнай рады, іншых дзяржаў і замежных арганізацый на прадмет "вядзення дзейнасці супраць інтарэсаў Рэспублікі Беларусь і яе нацыянальнай бяспекі".

ПЦ "Вясна" вядома пра затрыманне Марыны Чарнецавай


Смаргонь

Да настаўніка гісторыі са Смаргоні Андрэя Пятроўскага, які пазбавіўся працы ў мясцовай гімназіі пасля ўрока ў адзінаццацікласнікаў, дзе адзін з вучняў зняў відэа, прыйшлі сілавікі. Ён кажа, што прэтэнзіі звязаныя з «распальваннем сацыяльнай варожасці», піша Tut.by. Андрэй Пятроўскі кажа, што сілавікі да яго дадому прыйшлі ўвечары 18 сакавіка. Быў праведзены агляд, канфіскаваныя старэнькі ноўтбук, планшэт, флэшкі і яго смартфон. Усё адбывалася з санкцыі пракурора. Прэтэнзіі да настаўніка, як яму растлумачылі, звязаныя з «распальваннем сацыяльнай варожасці».


Гродна

У Горадні адмененая сустрэча з акторамі і паказ пастаноўкі “Кадзіш”, паведаміў тэлеграм-канал @by_culture. Паводле арганізатараў, актораў Ігара Уланава, Аляксея Станогу, Паліну Левіну, Аксану Машынкову выклікалі ў пракуратуру горада і папярэдзілі, што не выключаюць узбуджэння крымінальнай справы па артыкуле “распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варажнечы”, калі спектакль адбудзецца. 


Брэст

Як паведамляе "Брэсцкая Вясна", увечары 19 сакавіка на наберажнай адбылося масавае затрыманне: больш за дзесятак людзей забралі падчас вулічнага чаявання і змясцілі ў аўтазак. Частку затрыманых неўзабаве адпусцілі.

Інфармацыя будзе дапаўняцца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства