Мінск: пачаўся суд над палітвязнем Ягорам Сугойдзем
16 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёна пачалі разглядаць справу палітвязня Ягора Сугойдзя, якога абвінавачваюць паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Справу разглядае суддзя Вікторыя Шабуня. Дзяржабвінавачанне падтрымлівае памочнік пракурора Арцём Цвяткоў.
Ягор Сугойдзь — мужчына, якога дзявятага жніўня ў раёне Стэлы меркавана збіў аўтазак. Пасля інцыдэнту ён быў збіты АМАПам і трапіў ў больніцу. Пасля гэтага — узяты пад варту.
"Заскочыў на машыну"
Палітвязня абвінавачваюць у тым, што дзявятага жніўня на скрыжаванні праспекта Машэрава і вуліцы Заслаўская ён у стане алкагольнага ап'янення наўмысна ўдзельнічаў у незаконных масавых мерапрыемствах. Таксама — прымаў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак, якія спалучаныя з непадпарадкаваннем патрабаванням прадстаўнікоў улады. Менавіта — выйшаў на праезную частку, заскочыў на машыну, выкрыкваў лозунгі. Яго дзеянні пацягнулі парушэнне грамадскага парадку, а таксама перашкодзіў руху грамадскага транспарту.
Пра гэты выпадак МУС публікаваў відэа, дзе мужчына распавядае пра здарэнне.
Ягор Сугойдзь прызнае віну часткова: згодзен з тым, што ўдзельнічаў у мітынгу, з тым, што заскокваў на МАЗ, — не.
Што кажуць сведкі?
У суд для дачы паказанняў прыйшлі трое сведак-міліцыянтаў у форме: Дзмітрый Язвінскі, Аляксей Бараноўскі, Уладзіслаў Шанько. Мужчыны знаходзіліся ў кабіне аўтазака. Супрацоўнікі распавялі, што 9 жніўня ім была пастаўленая задача перавозіць людзей, затрыманых на несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Прыкладна ў 22.30 яны прыехалі да Стэлы ў суправаджэнні ДАІ, на скрыжаванні Машэрава і Заслаўскай убачылі натоўп людзей на праезнай частцы, руху транспарту не было.
Аўтазак праз габарыты не мог развярнуцца, таму людзі наносілі па яму ўдары, адзін з мужчынаў зламаў "дворнік", пагнулі люстэркі задняга выгляду. Вакно разбілі бутэлькай з керасінам, белай фарбай і расплаўленым пенапластам.
У гэты момант чалавек у чорнай масцы, светлых штанах, кепке і фіялетавай цішотцы заскочыў на аўтазак насупраць кіроўцы: ён не крычаў і не выказваўся. Кіроўца паспрабаваў даведацца, што ён хоча, і пачаў медленна спыняць машыну. Абвінавачаны па інэрцыі зляцеў на асфальт. Яго не сталі затрымліваць, бо асцерагаліся за бяспеку супрацоўнікаў. Сведка Шанько ўпэўнены, што ён пазнаў Сугойдзя па вачах. Сведка Бараноўскі не ўпэўнены ў асобе стоадсоткава, але мяркуе, што чалавек падобны да Сугойдзя па камплекцыі.
Сведкі ўпэўнены, што транспарт не наехаў на Сугойдзя: той саскочыў сам.
Пісьмовыя матэрыялы справы і відэаматэрыялы будуць прагледжаны ў закрытым судовым паседжанні: адпаведнае хадайнініцтва пракурора задаволіў суддзя.
Разгляд справы працягнецца 17 сакавіка ў 14.20.
Ягор Сугойдзь — аўтаслесар з Мінску.
9 жніўня Ягор з сябрамі пайшоў да стэлы на акцыю пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Там ён заскочыў на міліцэйскі аўтазак і ўпаў адтуль, калі той ехаў на поўнай хуткасці. Таксама быў збіты АМАПам. Яго закінулі ў аўтазак, але з аўтазака яго забрала хуткая дапамога і адвезла ў 5-ю бальніцу. Медыкі канстатавалі пералом шасці рэбраў з правага боку з пашкоджаннем лёгкага, закрытую чэрапна-мазгавую траўму, расколіну барабаннай перапонкі.
21 жніўня яго перавялі ў БХМД для далейшага лячэння. 31 жніўня яго выпісалі з лякарні з падаўжэннем бальнічнага на месяц.
Ягора забралі ў Галоўнае ўпраўленне Следчага камітэта па Мінску. Адтуль яго перавялі ў ЦІП на вул. Акрэсціна, а пазней — у СІЗА-1. У доме, дзе жыве Ягор, прайшоў ператрус, падчас якога забралі жорсткі дыск з кампутара.