Пачаўся суд над палітвязнем Дзмітрыем Кубаравым. Яго лічаць арганізатарам масавых беспарадкаў
12 сакавіка ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска распачаўся разгляд крымінальнай справы супраць палітычнага зняволенага, дызайнера Дзмітрыя Кубарава. Яго вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса). Першапачаткова справа была ўзбуджана па ч. 2 арт. 293 (Удзел у масавых беспарадках), аднак пазней справу перакваліфікавалі на ч. 1 гэтага артыкула. Паводле яго, палітвязню пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Справу разглядае суддзя Дзмітрый Лукашэвіч. Бок абвінавачвання прадстаўляе памочніца пракурора Аліна Касьянчык. Менавіта яна выступала дзяржабвінаваўцай па справе журналістак Дар'і Чульцовай і Кацярыны Андрэевай, а таксама ў некалькіх іншых палітычна матываваных крымінальных працэсах. “Вясна” з дапамогай валанцёраў назірае за судовым працэсам.
Згодна з абвінавачваннем, з 9 па 12 жніўня Дзмітый Кубараў заклікаў людзей у інтэрнэце і афлайн да актыўнага ўдзелу ў масавых беспарадках. А таксама сам арганізоўваў масавыя беспарадкі і ўдзельнічаў у іх. У абвінавачванні гаворыцца пра тое, што Кубараў блакаваў транспартныя камунікацыі, а таксама “кідаў дошкі, палкі, піратэхнічныя вырабы, распыляў слёзатачывы газ, будаваў барыкады з дапамогай калясак” і г.д. Акрамя таго, ён меў намеры вырабіць “кактэйль Молатава”.
11 жніўня Дзмітрый быў жорстка затрыманы і дастаўлены ў СІЗА КДБ. У ноч з 11 на 12 жніўня там жа падпісаў яўку з павіннай. У яго кватэры прайшоў вобшук, пасля якога ў яго канфіскавалі рупар, медыкаменты, воду, тэхніку (тэлефон, ноўтбук), каністры з растваральнікам і скіпідар, які выкарыстоўваўся для рамонту кватэры. З таго моманту (7 месяцаў) ён утрымліваецца пад вартай.
Хлопец з каністрамі растваральніка і дзяўчына з Масквы з грашыма. Што распавёў палітвязень падчас допыту?
Дзмітрый сваю віну не прызнаў. У ходзе допыту ён распавёў, што затрымлівалі яго вельмі жорства, да яго прымяняліся катаванні.
Палітвязень не адмаўляе свайго ўдзелу ў акцыях 10 і 11 жніўня. Ён казаў, што на іх ён дапамагаў пратэстоўцам, прамываў вочы і раны пасля атак сілавікоў.
11 жніўня ён надзеў шчыткі і ўзяў з сабой на акцыю рупар. Ён не адмаўляе таго, што падчас акцыі ўдзельнічаў у перакрыцці дарогі. Пры гэтым калі машынам трэба было праехаць, ён заклікаў пратэстоцам адысці ў бок. Таксама ён стаяў на абочыне і сачыў, ці ёсць побач супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Па яго словах, яго дзеянні можна кваліфікаваць па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак), але дакладна не як арганізацыю масавых беспарадкаў.
Дзмітрый таксама распавёў, што ў адным з тэлеграм-чатаў з ім звязалася дзяўчына, якая паведаміла, што яна з Масквы і гатовая пералічыць грошы на дапамогу пратэстоўцам. Але дзеля таго, каб пералічыць, Кубараву варта было запісаць відэа і сказаць на ім, што ён каардынатар. Ён гэта зрабіў, і пасля яму было пералічана 20000 рублёў для набыцця абароннай экіпіроўкі. Па словах Дзмітрыя, ён хацеў патраціць грошы на воду і медыкаменты, але дзяўчына прасіла яго пачакаць, бо хацела спачатку пашукаць у крамах патрэбную экіпіроўку. У выніку ён нічога не паспеў набыць, бо быў затрыманы.
Што тычыцца “кактэйляў Молатава”, то, па словах Дзмітрыя, на акцыі ён разгаварыўся з чалавекам, які казаў пра сваё жаданне вырабіць “кактэйлі молатава” і сказаў, што мае для гэтага інгрэдыенты. Кубараў прапанаваў прывезці іх да яго, што той хлопец і зрабіў (прывёз каністры растваральніка). Па словах Дзмітрыя, он спецыяльна прапанаваў забраць сабе інгрэдыенты, каб затым пазбавіцца іх, бо не ўхваляў выкарыстанне “кактэйляў”. Але не паспеў выліць растваральнік, бо каністры былі закрыты “дзіўнымі пробкамі”, якія ён не змог спачатку адчыніць.
Разгляд справы працягнецца ў 12.00 15 сакавіка.