viasna on patreon

Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні шасці новых палітвязняў

2021 2021-03-12T17:25:24+0300 2021-03-12T18:05:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/brest_protesty_den_vtoroy_2020_11.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Супольная заява праваабарончых арганізацый Беларусі

Мінск, 12.03.2021

У сувязі з інфармацыяй аб узяцці пад варту і прад’яўленні абвінавачванняў па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса ("Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак") Кіры Баярэнка, Вользе Глушань і па ч.2 арт. 293 КК ("Масавыя беспарадкі) Валерыю Мельнічуку, Івану Дацышыну, а таксама аб вынясенні судом Маскоўскага р-на г. Брэста прысудаў аб пазбаўленні волі на тры гады па ч.2 арт. 293 КК у дачыненні да непаўнагадовых Дзяніса Хазея і Сяргея Гацкевіча, яшчэ раз пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў супольнай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:

Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.

У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.

Таксама лічым неабходным адзначыць, што дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 Крымінальнага кодэкса, і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам.

Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.

Мы ацэньваем пераслед Кіры Баярэнка, Вольгі Глушань, Валерыя Мельнічука, Івана Дацышына, Дзяніса Хазея (непаўнагадовы), Сяргея Гацкевіча (непаўнагадовы),якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя па ч. 2 арт. 293 КК ("Масавыя беспарадкі") і па ч. 1 арт. 342 КК ("Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак"), як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.

У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязняў Кіру Баярэнка, Вольгу Глушань, Валерыя Мельнічука, Івана Дацышына, Дзяніса Хазея (непаўнагадовы), Сяргея Гацкевіча (непаўнагадовы) і спыніць іх крымінальны пераслед.
  2. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзянаў, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянаў краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

Простае таварыства "Ініцыятыва FORB";

РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт";

Беларускі ПЭН-цэнтр.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства