viasna on patreon

Брэст: два з паловай гады калоніі за "удар супрацоўніка ў вобласць твару"

2021 2021-03-10T12:15:15+0300 2021-03-10T13:04:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudovaia_zala22.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Брэсце вынесены прысуд Івану Ракіцю. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 363 Крымінальнага кодэксу і прысудзілі два з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму: менавіта такое пакаранне прасіў прызначыць пракурор. Ракіць узяты пад варту ў залі суда.

"Ударыў супрацоўніка ў сківіцу"

Па версіі абвінавачання, дзявятага жніўня Іван Ракіць на адной з вуліц Брэста ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве, дзе аказаў супраціў міліцыянту — падпалкоўніку міліцыі Дзягелю —  і ўдарыў яго кулаком ў сківіцу. Атрыманую супрацоўнікам траўму абвінавачанне аднесла да "лёгкіх цялесных пашкоджанняў". 

Абвінавачанне ўпэўненае, што віна Ракіця даказаная сведчаннямі Дзягеля, сведкі Лукашова, а таксама пісьмовымі матэрыяламі справы: пратаколамі  агляду месца здарэння, апазнання Дзягелем Ракіця, вымання рэчаў, у якіх Ракіць знаходзіўся ў той дзень, дыск з відэазапісам здарэння. Запіс пацвярджае, што менавіта Ракіць знаходзіўся на месцы здарэння, вёў сябе агрэсіўна, рухаўся ў бок супрацоўнікаў міліцыі і рабіў замахванне правай рукой. Сам момант інцыдэнту не трапіў на відэа.

"Пачала балець ніжняя вусніна"

Дзягель паказаў, што ў той вечар ён ахоўваў грамадзянскі парадак на вуліцах Брэста падчас несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Ён сказаў Івану Ракіцю, што той затрыманы, і схапіў за плячо. Абвінавачаны, у сваю чаргу, стукнуў яго па твары. Ад атрыманага ўдару ў Дзягеля "пачала балець ніжняя вусніна". Пасля гэтага яны разам упалі на асфальт, дзе Дзягель утрымліваў Ракіця да перадачы іншым супрацоўнікам. Сведка Лукашоў пацвердзіў словы пацярпелага.

Пацярпелы заявіў, што чалавек, які нанёс яму пашкоджанні, "хударлявы, у яго цёмная... ну, можа, светлая цішотка без арнаментаў і малюнкаў"

Пацярпелы не знаходзіўся ў накірунку замахвання

Адвакат упэўненая, што ў дзеяннях Івана Ракіця адсутнічае складнік злачынства, а яго ўдзел у злачынстве не даказаны. Яна падкрэсліла магчымасць больш мяккага, не звязанага з пазбаўленнем волі пакарання для асобы, якая ўпершыню прыцягваецца да крымінальнай адказнасці і дзеянні якой не маюць грамадскай небяспечнасці. Падстаў для пазбаўлення волі абвінавачанне не назвала. 

У справе не выяўлена ні цяжкіх наступстваў, ні абставін, якія абцяжарваюць віну Ракіця. Больш за тое, раней за гэты дзень ён ужо быў прыцягнуты да адказнасці па арт. 23.34 КаАП.   

Сведчанні Ракіця паслядоўныя ад самага пачатку: ён не адмаўляе факта ўдзелу ў мерапрыемстве, аднак адмаўляе віну. 

У сведчаннях пацярпелага, наадварот, меліся супярэчанні: напрыклад, на відэазапісе бачна, як Ракіць адыходзіць ад натоўпу на некаторы час, а потым з'яўляецца побач з Дзягілем, хаця пацярпелы паказваў, што не выпускаў яго. Адвакат упэўненая, што пацярпелы мог памыліцца з асобай праз абставіны і эмацыйны стан. Сведка Лукашоў не быў відавочцам: калі ён павярнуўся, Дзягель ужо знаходзіўся на зямлі з абвінавачаным

Ні на адным з запісаў не бачна, што Ракіць наносіць удар, сам абвінавачаны казаў, што гэта было зроблена выключна дзеля таго, каб утрымацца на нагах. Больш таго, пацярпелы не знаходзіўся ў той момант у тым месцы, куды было накіраванае замахванне

Іншыя матэрыялы справы пацвярджаюць не віну Ракіця, а толькі факт яго знаходжання ў месцы мерапрыемства. 

"Гэта добры ўрок на ўсё жыццё"

Іван Ракіць не прызнаў віну і пазоў. У апошнім слове ён сказаў: 

"Бацькі выхоўвалі мяне сумленным і справядлівым чалавекам. Калі мяне затрымлівалі, я не аказваў супраціў. Калі быў суд паводле арт. 23.34 КаАП, я прызнаў віну поўнасцю, прызнаў, што я там быў. Я не ілгаў, што выпадкова выйшаў па хлеб. Калі мне сказалі, што я падазраваны па крымінальнай справе, я быў у шоку, і калі б я сапраўды гэта зрабіў, адразу прызнаў бы віну. Гэта бы не расцягнулася на паўгады пастаяннага напружвання мяне і маіх сваякоў. У маёй жонкі была цяжкая цяжарнасць, я не магу працаваць на любімай працы, таму што не магу выязджаць за мяжу. Як бы ні скончыўся суд, гэты выпадак ужо будзе мне добрым урокам на усё жыццё: патрэбна загадзя прадумваць усе варыянты падзей. Але калі я ішоў на вуліцу дзявятага жніўня, я быў настроены мірна, бо я знаў: нават пагроза гвалту супрацоўніку — крымінальная адказнасць".


Суддзя прызначыў Ракіцю два з паловай гады пазбаўлення волі. Таксама суд пастанавіў спагнаць з Івана дзве тысячы рублёў на карысць пацярпелага, а таксама выплаціць дзяржаўную пошліну, працэсуальныя выдаткі. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства